Хібаў на зямлi не павiнна быць!

228

Хібаў на зямлi не павiнна быць!БЯГУЧЫ год аб’яўлены Годам навядзення парадку на зямлі і добраўпарадкавання Міншчыны. У рамках раённага плана мерапрыемстваў старшыня райвыканкама І. І. Шацько падпісаў распараджэнне «Аб правядзенні месячніка па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторый». Месячнік праходзіць з 1 кастрычніка па 1 лістапада бягучага года. Кіраўнікам арганізацый, старшыням сельскіх выканаўчых камітэтаў даручана правесці работу па прыцягненні арганізацый усіх форм уласнасці да падтрымання парадку на тэрыторыях, уладальнікамі, арандатарамі, карыстальнікамі якіх яны з’яўляюцца. Неабходна арганізаваць масавы ўдзел членаў працоўных калектываў у суботніках па навядзенні парадку на замацаваных за арганізацыямі тэрыторыях, тэрыторыях агульнага карыстання населеных пунктаў, могілках і г. д.У распараджэнні акцэнтавана ўвага на работу раённага штаба па навядзенні парадку на зямлі, які павінен актывізаваць дзейнасць рабочых груп па кантролі за правядзеннем месячніка і прыцягненнем насельніцтва да навядзення парадку на асабістых падворках і тэрыторыях населеных пунктаў.

Раённаму вытворчаму ўнітарнаму прадпрыемству «Мядзельская жыллёва-камунальная гаспадарка», філіялу камунальнага ўнітарнага прадпрыемства «Мінскаблдарбуд» — «ДРБУ № 133», філіялу «ДЭУ-66» рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Мінскаўтадар-Цэнтр» неабходна да 19 кастрычніка бягучага года правесці работу па ліквідацыі несанкцыянаваных звалак у кантралюемых зонах дарог, забяспечыўшы рэгулярныя ўборкі і вываз камунальных адыходаў з прыпыначных пунктаў, зон і месцаў адпачынку і прылягаючых да іх тэрыторый. Вялікі аб’ём работы належыць выканаць сельскагаспадарчым прадпрыемствам па навядзенні парадку на тэрыторыях вытворчых аб’ектаў. І гэту справу за адзін дзень не зробіш. Таму не варта яе адкладваць на потым, а мэтанакіравана штодзённа працаваць. А ці прыступілі да навядзення парадку на замацаваных тэрыторыях у гаспадарках раёна? Высветліць гэта і некаторыя іншыя пытанні і паспрабавала рэйдавая брыгада ў час наведвання асобных населеных пунктаў і вытворчых аб’ектаў Мядзельшчыны.

Хібаў на зямлi не павiнна быць!Адразу наведаліся на тэрыторыю малочнатаварнай фермы «Баяры» ААТ «Мядзелаграсэрвіс». Тут, як кажуць, работы непачаты край. Калі тэрыторыя перад жывёлагадоўчымі памяшканнямі яшчэ няхай сабе, то з тыльнага боку — жадае выглядаць значна лепш. Тут, па ўсёй бачнасці, на працягу лета ні разу не абкошвалі пустазелле. Таму яно вырасла высокае, а з надыходам восені пачарнела і стварае непрывабную карціну. Больш таго, у гэтых зарасніках створаны звалкі будаўнічага і бытавога смецця. Гной з аднаго з жывёлагадоўчых памяшканняў выкідваецца на вуліцу і своечасова не вывозіцца. Таму вадкая фракцыя расцякаецца па наваколлі і забруджвае яго (здымак 1). І нікому да такой безгаспадарчасці няма справы. Тут, напэўна, чакаюць, каб хутчэй выпаў снег і схаваў усе хібы.

Членаў рэйдавай брыгады ўразіла несанкцыянаваная звалка, створаная за аўтадромам непадалёку ад палёў фільтрацыі (здымак 2). Ні адзін раз сюды вывозілася бытавое смецце. Хто гэта зрабіў? Зразумела, не жыхары з Будслава, а гараджане, якія жывуць на бліжэйшых вуліцах. Калі сказаць больш канкрэтна, то жыхары дома 54. Менавіта такі нумар дома напісалі паштальёны на газетах, якія тут валяюцца. Шкада, што яны не напісалі назву вуліцы. А так сапраўдны сюрпрыз маглі атрымаць «дбайныя» гараджане, якія жывуць па прынцыпе: галоўнае, каб у мяне на панадворку было чыста, а гэта тэрыторыя не мая. Хто ліквідуе звалку: камунгас ці сельсавет? Вырашыць пытанне павінны кіраўнікі менавіта гэтых арганізацый. Прычым навесці тут парадак яны павінны ў бліжэйшы час.

Уражвае абыякавасць да наваколля асобных людзей, у прыватнасці, жыхароў вёскі Лук’янавічы. Ніхто не будзе аспрэчваць той факт, што менавіта яны ўтварылі звалку бытавога смецця на ўскрайку поля непадалёку ад склада мінеральных угнаенняў. Дзверы якога, дарэчы, расчынены, і кожны жадаючы мае свабодны доступ да тукаў (здымак 3). Між іншым, яны не такія і танныя. Мяккія крэслы, газавую пліту і шэраг іншых непатрэбных рэчаў выкінуў хтосьці з вяскоўцаў. А хто будзе прыбіраць?Хібаў на зямлi не павiнна быць!

Няма належнага парадку і на тэрыторыі фермы «Завуголле» АСП «Вузлянка» УП «Мінскі Камароўскі рынак». Пустазелле, паламаная агароджа, паўразбураны туалет, альтанка з прагніўшай падлогай, кавалкі шкляных труб малакаправода, якія валяюцца ля ўваходных дзвярэй. Гэта далёка не поўны пералік тых хібаў, якія адразу кінуліся ў вочы. Няўжо загадчыца фермы, спецыялісты зааветслужбы гэтага не заўважаюць? А можа ў іх выпрацаваўся ўстойлівы рэфлекс да абыякавасці?

Не парадавала рэйдавую брыгаду і тэрыторыя фермы «Задубенне» ААТ «Пруднікі-Агра». Паўсюдна валяюцца кавалкі поліэтыленавай плёнкі, іншае смецце. Ды і пустазелле скасіць таксама не пашкодзіла б. На ферме «Княгінін» УП «Княгінін-Агра» заканчваюцца работы па рэканструкцыі. Рабочыя фарбавалі сцены новай прыбудовы. Тэрыторыя крыху падсыпана. Але вось будаўнічае смецце згорнута ў кучу, якая псуе увесь выгляд. Гнаясховішча перапоўнена і зарасло пустазеллем, насенне якога абавязкова трапіць на палеткі гаспадаркі. Не лепш выглядае і тэрыторыя фермы «Гарадзішча». Пустазелле, раскіданыя дровы, смецце і бруд. Прычым такі малюнак тут даводзіцца назіраць амаль пастаянна.

Гэта далёка не поўны пералік тых хібаў, якія выявілі ў час маніторынгу. Кіраўнікам гаспадарак, спецыялістам трэба сур’ёзна падыходзіць па пытання навядзення парадку на зямлі. Старшыні сельвыканкамаў павінны правесці пэўную растлумачальную работу з вяскоўцамі, актывізаваць іх дзейнасць. Калі кожны навядзе парадак на ўласным падворку, то праблемы з добраўпарадкаваннем населеных пунктаў будуць вырашацца значна лягчэй. Заклікаем кожнага жыхара раёна, калектывы прадпрыемстваў і арганізацый прыняць актыўны ўдзел ва ўпрыгожванні сваёй малой радзімы. І надвор’е пакуль гэтаму спрыяе.

У рэйдзе ўдзельнічалі:

В. ПРАТАСЕВІЧ.

Выконваючы абавязкі начальніка раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

М. ТАЧЫЦКІ.

Вядучы спецыяліст раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

І. ЛУБНЕЎСКІ.

Загадчык аддзела курорта і турызму рэдакцыі газеты «Нарачанская зара».