КАНТРОЛЬ НА АБ’ЕКТАХ – ШТОДЗЁННЫ, З РАНІЦЫ ДА ВЕЧАРА

301

КАНТРОЛЬ НА АБ’ЕКТАХ – ШТОДЗЁННЫ, З РАНІЦЫ ДА ВЕЧАРАЯК хутка ляціць час! З надыходам лета не паспелі толкам азірнуцца, а чэрвень ужо на зыходзе. Да абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі застаецца ўсяго два месяцы. На гэтым пазаўчора акцэнтавала ўвагу ўдзельнікаў чарговага пасяджэння арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні свята хлебаробаў Міншчыны старшыня абласнога Савета дэпутатаў Наталля Якубіцкая. Наталля Віктараўна таксама адзначыла: нарада не выклікана нейкімі экстраннымі абставінамі. Аднак з улікам таго, што да верасня, калі ў Мядзеле і мяркуецца правесці ўрачыстасць, рукой падаць, наспела неабходнасць падвесці прамежкавыя вынікі зробленага. Прытым яна патрабавала ад адказных асоб трымаць справаздачы з улікам пастаўленых задач і даручэнняў, дадзеных на папярэдніх пасяджэннях абласнога штаба па падрыхтоўцы да фестывалю.
У самым пачатку размова пайшла пра адзін з галоўных аб’ектаў кірмашу — рэканструкцыю амфітэатра і абуладкаванне тэрыторыі, прылеглай да будынка райвыканкама. Тлумачэнні даваў дырэктар упраўлення капітальнага будаўніцтва раёна Аляксандр Звяруга. Адначасна ўдакладняліся дэталі па праектна-каштарыснай дакументацыі, матэрыялах, выканаўцах работ. Прагучала, што на аб’екце ўжо ўкладзены кабелі па электразабеспячэнні, відэаназіранні, устаноўлены бардзюры. На чарзе — укладка пліткі. Зроблена і неабходная разбіўка, вызначаны пастаўшчыкі крэслаў для амфітэатра.
— Значыць, — удакладніла Наталля Якубіцкая, — вы сцвярджаеце, што ўвесь комплекс работ каля райвыканкама будзе выкананы ва ўстаноўленыя тэрміны?
— Безумоўна! — упэўнена адказаў Аляксандр Анатольевіч.
Нямала крытычных заўваг выказвалася пры абмеркаванні ходу завяршэння работ па будаўніцтве гасцініцы ў райцэнтры, бягучага рамонту стадыёна фізкультурна-аздараўленчага цэнтра. І выкліканы яны неапраўданым прамаруджваннем з выкананнем работ. На тым жа стадыёне можна ўжо было ўсё зрабіць і, як кажуць, даўно забыцца. Асабліва з улікам таго, што фінансаванне па гэтым аб’екце адкрыта з пачатку года. На гатэлі таксама не даводзіцца расслабляцца, бо наперадзе — вялікі аб’ём самых розных работ (аддзелачных, сантэхнічных, па электрычнай частцы), а часу ў запасе — кот наплакаў. Да таго ж, летнія дзянькі з мінулага панядзелка пайшлі ўжо на спад… Нельга не ўлічваць і таго, што ў гасцініцы ў ходзе правядзення “Дажынак-2018” мяркуюць урачыста адкрыць новы шыкоўны загс — практычна Палац шлюбаў. Выходзіць, таксама трэба зрабіць усё на годным узроўні, каб не ўдарыць тварам у гразь. І тут вельмі многае будзе залежыць ад падрадчыка гэтага аб’екта — калектыву будаўнікоў “Нарачпрафбуда” на чале з Юрыем Калевічам. Згодна з аўтарытэтнай заявай Юрыя Святаслававіча, яны разам з субпадрадчыкамі здольны справіцца з усім аб’ёмам работ у вызначаныя тэрміны. Зразумела і тое, што, апрача слоў, неабходна строга прытрымлівацца распрацаванага графіка іх паэтапнага выканання. Як заўважыла Наталля Якубіцкая, адкладаў і пераносаў быць не павінна. І так
па кожным аб’екце! А каб гэта ажыццяўлялася, неабходны жорсткі кантроль за ходам усяго комплексу работ — паўсядзённы, з раніцы да вечара.
Непачаты край спраў па капітальным рамонце і мадэрнізацыі будынка Дома быту ў Мядзеле. Праўда, як запэўніў старшыня праўлення аблспажыўсаюза Валерый Марынічаў, гэты аб’ект яны абновяць у вызначаны тэрмін. Праектна-каштарысная дакументацыя на яго гатова, экспертыза атрымана. Апроч таго, давядуць да ладу рэстаран “Мястра”, універмаг, гастраном “Галінка бэзу”, некаторыя іншыя пункты гандлю і грамадскага харчавання. Аб ходзе правядзення рамонтных работ на аб’ектах жыллёвага фонду, вулічна-дарожнай сеткі горада праінфармаваў дырэктар жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандр Чарняўскі. Адзначалася і тое, што з папярэдняй крытыкі работнікі гэтага ўнітарнага прадпрыемства зрабілі правільныя вывады. Бягучы і капітальны рамонты шматкватэрнікаў сталі праводзіць больш зладжана і якасна. Закраналіся таксама пытанні прывядзення ў парадак вызначаных аб’ектаў камунальнікаў у курортным пасёлку Нарач. Дарэчы, высокую ацэнку на пасяджэнні штаба атрымала арыгінальнае і ўдалае афармленне фасада будынка ўчастка паштовай сувязі. Зладжана праводзяцца работы і па падрыхтоўцы да новага навучальнага года ўстаноў адукацыі. Пра гэта з веданнем справы расказала начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Таццяна Ефімава.
Планамерна завяршаюцца ў Мядзеле работы па рэканструкцыі сетак 0,4-10 кВт. Адно кепска: энергетыкі не спяшаюцца пасля раскапаных траншэй і укладзеных кабеляў праводзіць добраўпарадкаванне. На гэта звярнуў іх увагу старшыня райвыканкама Анатолій Вайнілка. Выказвалася крытыка і ў адрас філіяла “ДЭУ № 66” унітарнага прадпрыемства “Мінскаўтадар-Цэнтр”. У прыватнасці, за прамаруджванне з добраўпарадкаваннем стаянкі для аўтатранспарту на ўездзе ў Мядзел. І ўсё гэта, як падкрэслівалася ў ходзе пасяджэння штаба, — вынік кепскай арганізацыі работ на аб’ектах.
А такога пры падрыхтоўцы да адказнага мерапрыемства абласнога маштабу, як “Дажынкі-2018”, быць не павінна…

Павел ЖУКАЎ.