І на аб’ектах райцэнтра

248

І на аб’ектах райцэнтраДЗЕЙНАСЦЬ дарожнай службы, на першы погляд, не такая і бачная, хаця аб’ём работ, як заўсёды, даводзіцца выконваць немалы. Летам найчасцей успамінаюць, калі кола аўтамабіля трапляе ў вялікую выбоіну, а зімой — калі дарогу перамятаюць моцныя завеі. Што тычыцца філіяла КУП “Мінскаблдарбуд” № 133, куды завіталі напярэдадні іх прафесійнага свята, дык гэты калектыў даўно зарэкамендаваў сябе са станоўчага боку. Філіял абслугоўвае 722 кіламетры мясцовых дарог, з іх 286 кіламетраў — асфальта-бетоннае пакрыццё. Працуюць і па прамых дагаворах, у прыватнасці, па добраўпарадкаванні пляцовак і вуліц райцэнтра. У структуру філіяла ўваходзяць тры вытворчыя ўчасткі: у Мядзеле, Крывічах і Занарачы. Маецца таксама растворна-бетонны вузел у Княгініне. Вядома ж, праблем хапае, у тым ліку і фінансавых. Тым не менш, пастаўленыя задачы паспяхова вырашаюцца.Вось і сёлета, як паведамілі ў арганізацыі, выкананы немалы аб’ём работ па ўтрыманні і рамонце транспартных шляхоў раёна. Так, прывялі ў парадак асобныя ўчасткі дарог Будслаў — Альжуткі — Русачкі (укладка асфальту і павярховая апрацоўка) і станцыя «Будслаў» — Даўгінава. Зрабілі таксама разметку дарог на працягу 129 кіламетраў. За 9 месяцаў выкананы аб’ём работ на суму 15 мільярдаў рублёў.

І на аб’ектах райцэнтра— Тры брыгады ў нас працуюць зараз непасрэдна ў Мядзеле, — расказвае інжынер па бяспецы дарожнага руху В. Г. Мацкевіч. — Па вуліцы Камуністычнай пашыраем аўтастаянку, аналагічную задачу выконваем і ля магазіна“Еўраопт”, заканчваем таксама работы па добраўпарадкаванні вуліцы Камсамольская. І яшчэ адна брыгада працуе ў курортным пасёлку, дзе ўзводзіцца 60-кватэрны жылы дом.

Праехаліся з Віктарам Генрыхавічам па гарадскіх аб’ектах. Паўсюдна ішла напружаная работа, людзі стараліся ўкласціся ў вызначаныя тэрміны. Давялося пагутарыць з дарожным майстрам І. А. Берняковічам, які якраз кіраваў работамі на ўчастку вуліцы Камуністычнай, што насупраць райбальніцы.

— На дадзеным аб’екце працуе брыгада з Крывічоў, бо людзей не хапае. Рыхтуем новую аўтастаянку ў дадатак да той, што ёсць, майструем дарожкі, устанаўліваем бардзюры, — тлумачыць Ігар Аляксандравіч. — Пляцоўка для машын павялічыцца прыкладна ў два разы, што, зразумела, дапаможа значна разгрузіць гэты ўчастак. Самі бачыце, што тут робіцца ў “час пік”. Праўда, гатова яна будзе толькі ў наступным годзе, так што, трэба будзе трохі пачакаць. Не меншая праблема — пастаноўка транспарта ля магазіна “Еўраопт”. І там шчыруюць дарожнікі, каб выканаць заказ на пашырэнне пляцоўкі. А вось на вуліцы Камсамольскай фактычна ўжо ўправіліся.І на аб’ектах райцэнтра

Сапраўды, участак вуліцы Камсамольскай, што пачынаецца ад скрыжавання з вуліцай 17 верасня, цяпер не пазнаць. Паабапал з’явіліся асфальтавыя дарожкі замест старых плітак, што з цягам часу ўжо ўраслі ў зямлю, устаноўлены бардзюры. Абноўлена асфальтавае пакрыццё дарогі, так што, цяпер не трэба, як некалі, аб’язджаць шматлікія яміны.

Як патлумачыў далей В. Г. Мацкевіч, не забываюць дарожнікі і пра падрыхтоўку да чарговай зімы. Тым больш, сіноптыкі абяцаюць, што будзе яна суровай. Тэхніка хоць і старэнькая, але яшчэ паслужыць. А ў напружаны момант, калі моцна заснежыць, як заўсёды, дапамогуць іншыя арганізацыі. У тых жа сельгаскааператывах зараз ёсць нашмат больш моцныя трактары. Каб мець неабходную колькасць сумесі для апрацоўкі дарог, неабходна ім назапасіць 1400 тон тэхнічнай солі і 4600 — пяску. Пакуль маюць палову ад запланаванага, так што, трэба яшчэ рупіцца.

І на аб’ектах райцэнтраА самі выканаўцы, як заўсёды, напагатове. І сярод іх нямала тых, каго можна ставіць у прыклад. Гэта інжынер-лабарант І. Л. Чайко, дарожныя майстры І. А. Полудваранін і той жа І. А. Берняковіч, лабарант А. Ч. Бандаронак, вадзіцелі “МАЗа” Б. М. Шыдлоўскі і пагрузчыка Г. Г. Роліч, машыніст экскаватара В. С. Шабовіч, машыніст катка І. Ф. Кулеш, электраслесар К. І. Будзько, дарожныя рабочыя Г. Я. Лагутка, А. Г. Габрусёнак, А. М. Чарняўскі і іншыя.

У кожнага свой участак работы, свая сфера адказнасці. І ўсе разам яны таксама, як і іншыя службы, працуюць на паляпшэнне нашага з вамі дабрабыту. Бо сучасны свет без надзейных транспартных камунікацый проста нельга ўявіць!

Аляксандр БЫКАЎ.

На здымках: 1. Брыгада Крывіцкага ўчастка “ДРБУ-133” на добраўпарадкаванні вуліцы Камуністычнай; 2. На ўкладцы пліткі ля магазіна “Еўраопт”. Злева направа — рабочыя А. В. Езэпчук і М. М. Малько; 3. Дарожны майстар І. А. Берняковіч.

Фота Георгія Прысмакова.