За бяспеку разам. Што ўбачылі ўдзельнікі рэйду?

380

У рамках рэспубліканскай акцыі “За бяспеку разам!”, якая накіравана на папярэджанне пажараў і гібелі людзей ад іх, 23 кастрычніка работнікі Мядзельскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях сумесна з прадстаўнікамі ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама, а таксама камісіі па справах непаўналетніх правялі рэйдавыя мерапрыемствы ў жыллёвым фондзе раёна.

Наведацца вырашылі да тых грамадзян, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, вядуць амаральны лад жыцця, з’яўляюцца прыхільнікамі алкагольных напояў. Ратавальнікі рэгулярна бываюць у іх, праводзяць прафілактычныя гутаркі, расказваюць, папярэджваюць, здараецца — прыцягваюць да адміністрацыйнай адказнасці. Адрасы такіх людзей добра вядомы, таму мэтанакіравана едзем да той ці іншай хаты. На жаль, далёка не ўсюды гаспадары ёсць дома альбо, напэўна, убачыўшы нас праз акно, не жадаюць адчыняць дзверы.

Але хто шукае – той ужо знайшоў: дзверы доўга не адчыняюць, але ж праз акно бачна, што ідзе тэлевізар. Значыць, дома хтосьці ёсць. Адчыняе гаспадыня:

— Печку цепліце? – пытаемся.

— Сёння яшчэ не, цёпла ж, — адказвае маці дваіх дзяцей.

— Бачу, адзенне сушыце каля печкі, а тут і топачная адтуліна побач. Гэта  можа прывесці да пажару.

— Зараз жа ўсё паздымаю.

У наступным домаўладанні нас сустракае мужчына, які любіць «падсілкавацца” спіртным.

—    Тут ужо не раз забіралі з сям’і непаўналетнюю дачку, — распавядае дырэктар раённага сацыяльна–педагагічнага цэнтра Аксана Карпей. — Выпраўляюцца, вяртаем дачку, затым бацькі расслабляюцца і зноў ідуць па той жа сцежцы.

Здавалася б, у хаце жывуць маладыя, працаздольныя людзі. Дык чаму ж не навесці парадак на тэрыторыі, не прыняць сухую расліннасць, ды і пытанням пажарнай бяспекі не ўдзяліць крыху свайго часу?

На нашым шляху было яшчэ шмат домаўладанняў. Хтосьці пытанням пажарнай бяспекі надае належную ўвагу, а хтосьці  — не.

Заканчваем ўсё ж на добрай ноце — заходзім у дом, дзе жыве мнагадзетная сям’я: тата, матуля і чацвёра дзетак. Зусім хутка сям’ю чакае радасная падзея – з’яўленне пятага дзіцяці.

—    У нас чатыры сыночкі, а зараз чакаем дачушку, — кажа матуля. Дзяцей без нагляду не пакідаем, стараемся сачыць за кожным іх крокам.

— А ці ведаеце, дзе ў хаце ляжаць запалкі? — пытае ў дзяцей начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях Юрый Вашкінэль.

Дзеці паціскаюць плячыма і ў адзін голас адказваюць:

— Не.

І проста душа радуецца: з пячным ацяпленнем пытанняў няма, ды і ў астатнім усё ў адпаведнасці з нормамі.

— Нас часта правяраюць, пакуль праблем не было, — кажа гаспадыня. — Але мы не для праверкі ўсё робім: разумеем небяспеку і найперш для сябе стараемся.

Ірына КАРАПЕЦЯН, інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю РАНС.

Фота забяспечана аўтарам.