Памятайце, тонкі лёд небяспечны!

76

Прыйшоў час ледаставу. Любяць пакоўзацца па замерзлым вадаёме дзеці. З нецярпеннем чакалі гэтай пары і аматары падлёднай рыбнай лоўлі. Тым не менш не трэба забываць, што першы лёд вельмі небяспечны і можа стаць прычынай трагедыі. Аб гэтым гутарым са старшынёй раённай арганізацыі таварыства выратавання на водах Андрэем КУПРЭВІЧАМ.

— Тонкі лёд сапраўды небяспечны. Пра гэта нагадваюць і трагічныя выпадкі, якія здарыліся сёлета ў студзені ў нас у раёне з двума рыбакамі. Адзін — на возеры Баторына, другі — на возеры Глухое ў Свірскім сельсавеце. Абодва мужчыны праваліліся пад лёд і загінулі. Каб такое не паўтарылася, настойліва раю аматарам рыбнай лоўлі ўстрымацца ад любімага занятку, пакуль лёд на вадаёмах не ўмацуецца. Тым больш нельга адпраўляцца на возера ў нецвярозым стане. Паверце, ніякі, нават самы багаты, улоў ніколі не кампенсуе чалавечага жыцця. Таму патрэбна быць вельмі ўважлівымі і асцярожнымі. Пакуль лёд не дасягне таўшчыні сем сантыметраў, на яго нельга ступаць. Хачу таксама нагадаць, што на рыбалку неабходна прыхапіць выратавальную камізэльку ці нагруднік, вяроўку даўжынёй не менш за 15-20 метраў з пятлёй на адным канцы і грузам вагой 400-500 грамаў на другім. Яны могуць вам спатрэбіцца, каб уратаваць ад патаплення сябе ці таго, хто побач. Яшчэ адно правіла — нельга бурыць шмат лунак блізка. Яны павінны размяшчацца не менш за 5-6 метраў адна ад другой. Людзі звычайна ідуць на рыбу, калі на дварэ яшчэ цёмна. І толькі калі пачынае віднець, нярэдка заўважаюць, што знаходзяцца каля прабураных праталін на вадзе, што вельмі небяспечна.

— Не варта рызыкаваць самому і дазваляць гэта рабіць іншым.

— Усё правільна. Перш, чым перамяшчацца па лёдзе, неабходна праверыць яго на трываласць. Гэта можна зрабіць любым цвёрдым прадметам або вызначыць візуальна. Калі лёд празрысты, сіняга ці зялёнага адцення — ён трывалы. Трываласць белага ў два разы меншая. Матава-белы або з жаўтаватым адценнем — абсалютна небяспечны. Асабліва трэба быць уважлівым у месцах, якія прыцярушаны снегам, бо там могуць быць і лункі. Рухацца па лёдзе неабходна асцярожна, адзін за адным на адлегласці не менш за 5-6 метраў. А вось катацца на каньках па ім можна толькі пры таўшчыні не менш за 10-12 сантыметраў. Настойліва раю бацькам не пускаць дзяцей на вадаёмы, дзе лёд яшчэ нямоцны. Хачу папрасіць і выпадковых прахожых, калі стануць відавочцамі такіх сітуацый, не быць абыякавымі. Сёння вы прадухілі бяду — заўтра нехта прыйдзе на дапамогу вам.

— Дарэчы, за пакіданне малалетніх дзяцей без нагляду бацькі нясуць крымінальную адказнасць.

— Так, у адпаведнасці з часткай 2 артыкула 159 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь “Пакіданне ў небяспецы”. У прыватнасці, свядомае пакіданне без дапамогі асобы, якая знаходзіцца ў небяспечным для жыцця і здароўя стане і не мае магчымасці прыняць меры да самазахавання па маленстве, старасці, хваробе або па прычыне сваёй бездапаможнасці, у выпадках, калі вінаваты мог аказаць пацярпеламу дапамогу і быў абавязаны пра яго паклапаціцца, — караецца арыштам або абмежаваннем волі на тэрмін да двух гадоў.

— Андрэй Аляксандравіч, як сябе паводзіць, калі ўсё ж праваліўся пад лёд?

— Найперш, не варта панікаваць. Не рабіце шырокіх рухаў, стабілізуйце дыханне. Раскіньце рукі ў бакі, паспрабуйце зачапіцца за лёд, прыдаўшы целу гарызантальнае становішча па накіраванні цячэння, і клічце на дапамогу. Пасля гэтага неабходна асцярожна налегчы плячамі або грудзьмі на край лёду і паспрабаваць закінуць на яго адразу адну, а потым другую нагу. Калі лёд вас вытрымаў, трэба, перакочваючыся, марудна адпаўзаць да берага. Калі не — пажадана шукаць іншыя варыянты. Адзін з іх — паспрабаваць перамяшчацца ў той бок, адкуль прыйшлі на возера ці раку.

— А калі стаў відавочцам няшчаснага выпадку на вадзе, што рабіць?

— Таксама не панікаваць. Лепш хутчэй набярыце нумар экстраннай дапамогі 101 або 112. Калі ж вырашылі праявіць ініцыятыву самі, выкарыстоўвайце жэрдкі, дошкі, вяроўкі, іншыя спадручныя матэрыялы, якія аказаліся побач, нават паліто. Можна таксама звязаць разам шалікі, рамяні або адзенне. Паўзком, шырока расстаўляючы ногі і рукі, неабходна штурхаць перад сабой выратавальныя сродкі і асцярожна рухацца ў напрамку да палонкі. На адлегласці некалькі метраў трэба спыніцца і кінуць чалавеку вяроўку, край адзення, падаць палку або жэрдку і паспрабаваць яго асцярожна выцягнуць з вады.

— А якую дапамогу трэба аказаць пацярпеламу?

— Адразу патрэбна зняць з яго мокрае адзенне. Расцерці цела, даць выпіць гарачага чаю. А калі ў пацярпелага адсутнічаюць дыханне і сардэчная дзейнасць, неабходна неадкладна зрабіць штучную вентыляцыю лёгкіх і выклікаць хуткую медыцынскую дапамогу.

Гутарыла Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

 

Фота ілюстрацыйнае, pixabay.com