«Поезд Памяці» дасць магчымасць бліжэй пазнаёміцца з гісторыяй розных гарадоў

66

Праект «Поезд Памяці» дасць усім удзельнікам магчымасць бліжэй пазнаёміцца з гісторыяй і культурай розных гарадоў. Такім меркаваннем з карэспандэнтам БЕЛТА падзялілася вучаніца ліцэя нумар 1 Ліды Дар’я Гузоўская.

«У Расіі я буду ўпершыню. Гэта для мяне будзе вельмі цікава і пазнавальна. Разам з іншымі ўдзельнікамі праекта мы зможам убачыць шмат выдатных мясцін як у суседняй краіне, так і ў нас, у Беларусі. Я пабывала ў многіх нашых гарадах, але гэты вопыт дасць магчымасць даведацца яшчэ больш, пазнаёміцца з гісторыяй і культурай розных беларускіх і расійскіх гарадоў», — сказала Дар’я Гузоўская.
Падарожжа на «Поездзе Памяці» будзе вельмі карыснае, паколькі дзяўчына актыўна займаецца і захапляецца экскурсійнай дзейнасцю. Дар’я Гузоўская — пераможца рэспубліканскага завочнага конкурсу інавацыйных праектаў «Педагагічны форум ідэй» у намінацыі «Экскурсійны праект» (у складзе каманды Маладзёжнага парламента), а таксама ўдзельніца праектаў грамадзянска-патрыятычнай, экалагічнай накіраванасці, якія рэалізуюцца ў рамках міжнароднай ініцыятывы «Горад, дружалюбны дзецям і падлеткам», — «Мая малая радзіма», «Любі і ведай свой родны край: блакітныя дарогі Беларусі», «Краявіды роднага краю».

«Больш за ўсё мару пабываць на Краснай пло­шчы ў Маскве, а з беларускіх гарадоў — у Брэсце. У Брэсцкай крэпасці я ўжо была, гэта невыказныя эмоцыі. Гэта адна са знакавых мясцін Беларусі, сімвал супраціўлення народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Сам мемарыяльны комплекс, расказы экскурсаводаў — штосьці незабыўнае. Калі ты знахо­дзішся там, то поўнасцю акунаешся ў атмасферу таго часу. Гэта вельмі глыбокія эмоцыі выклікае», — падзялілася дзяўчына.

Дарэчы, вялікая ўвага ў рамках дзейнасці ў БРСМ і Маладзёжным парламенце пры Гродзенскім абласным Савеце дэпутатаў вучаніца ліцэя ўдзяляе патрыятызму. Дар’я — ініцыятар праекта «Сіла — у адзінстве», пераможца рэспубліканскага конкурсу «Свет без вайны» (у складзе каманды «Факел»). Дзяўчына таксама ўваходзіць у склад антынаркатычнага атрада «Арыенцір», арганізуе канферэнцыі, семінары, трэнінгі, дэбат-турніры, з’яўляецца прэзідэнтам вучнёўскага сама­кіравання «Рытм».

«Гэта паездка будзе вельмі незвычайная, цікавая і карысная, пакіне незабыўныя ўражанні. Здорава, што нас будзе так шмат. Паколькі ўдзельнікамі праекта стануць юнакі і дзяўчаты з розных гарадоў Беларусі і Расіі. Думаю, для нас гэта будзе цудоўная магчымасць пазнаёміцца і паразмаўляць, даведацца штосьці новае і па­дзяліцца ведамі. Пасля вяртання абавязкова раскажу сваім сябрам і падзялюся ўражаннямі», — адзначыла Дар’я.

Праект «Поезд Памяці» прысвечаны Году гістарычнай памяці і прой­дзе ў рамках ІХ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Удзельнікамі патрыятычнага праекта стануць 200 беларускіх і расійскіх школьнікаў, па 100 ад кожнай краіны — пераможцы розных алімпіяд, спартыўных і творчых конкурсаў. Яны змогуць наведаць 14 гарадоў дзвюх краін.