Як атрымаць новую працоўную кніжку?

162

Як атрымаць новую працоўную кніжку?Арганізацыя, у якой працаваў да звальнення, ужо не існуе, а працоўная кніжка згублена. Куды можна звярнуцца за атрыманнем новай працоўнай кніжкі, каб мець магчымасць зноў уладкавацца на работу?

Міхаіл.

За адказам на пытанне звярнуліся да адваката юрыдычнай кансультацыі раёна А. В. САВАСЦЯНА.

— Пры страце працоўнай кніжкі ці ўкладыша да яе, работнік мае права звярнуцца да наймальніка па апошнім месцы працы на працягу трох месяцаў з дня яго звальнення з пісьмовай заявай аб выдачы дубліката працоўнай кніжкі.У выпадку спынення дзейнасці наймальніка звольнены работнік павінен звярнуцца па пытанні выдачы дубліката працоўнай кніжкі па месцы захавання працоўных кніжак ліквідаванага наймальніка. У адпаведнасці з п. 51 Інструкцыі аб парадку вядзення працоўных кніжак работнікаў, зацверджанай Пастановай Міністэрства працы Рэспублікі Беларусь № 30 ад 9 сакавіка 1998 года, ажыццяўляць захаванне працоўных кніжак могуць уласнік маёмасці ліквідаванага наймальніка, мясцовы выканаўчы і распарадчы орган, архіў і інш. Вам, у першую чаргу, неабходна мець справу з уласнікам маёмасці ліквідаванай арганізацыі. Пры адсутнасці магчымасці атрымаць дублікат у яго, трэба звярнуцца ў мясцовы выканаўчы і распарадчы орган, бо ў адпаведнасці з п. 60 названай інструкцыі, у выпадку ліквідацыі наймальніка ліквідацыйнай камісіяй складаецца акт аб наяўнасці нявыкарыстаных бланкаў працоўных кніжак і ўкладышаў да іх. Складзены акт і бланкі, якія да яго прыкладаюцца, здаюцца па месцы іх атрымання — у мясцовы выканаўчы і распарадчы орган.

Запісала

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

Ад рэдакцыі: свае пытанні можна накіроўваць па пошце на адрас рэдакцыі газеты ці дасылаць іх на электронны адрас выдання.