Выкананне правіл пажарнай бяспекі ў святынях абмеркавалі на пасяджэнні раённай камісіі

214

У райвыканкаме адбылося пасяджэнне раённай камісіі садзейнічання кантролю за выкананнем заканадаўства аб свабодзе веравызнанняў і рэлігійных арганізацыях. Удзел у яе рабоце прынялі настаяцелі прыходаў, старшыні касцельных камітэтаў, прыходскіх сходаў рэлігійных суполак.

Пытаннем нумар адзін пасля пажару ў Будслаўскім касцеле стала выкананне правіл пажарнай бяспекі ў святынях. Яго, па словах начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Васіля Кузьмянка, ініцыіравала Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь.

— Бяспека вернікаў павінна быць на першым месцы, — адзначыў Васіль Васільевіч. — У кожнай царкве, касцёле неабходна падабраць людзей, якія павінны прайсці навучанне па пажарна-тэхнічным мінімуме. Храмы неабходна абсталяваць сістэмай апавяшчэння на выпадак задымленасці ад загарання. На кожныя 200 метраў трэба ўстанавіць вогнетушыцелі. У падвальных памяшканнях і на вышках не павінна быць смецця, гаручых матэрыялаў. У бліжэйшы час з дапамогай спецыялістаў трэба праверыць стан электраправодкі і электраабсталявання. У кожным храме на бачным месцы павінен знаходзіцца план эвакуацыі вернікаў са святыні.

Акрамя таго, прадстаўнікам рэлігійных арганізацый былі дадзены рэкамендацыі па прафілактыцы каранавіруснай інфекцыі ў храмах. Былі агучаны правілы летняга адздараўлення вучняў. Разглядаліся таксама пытанні выканання працоўнага заканадаўства, сацыяльнага забеспячэння і страхавання грамадзян, якія працуюць у рэлігійных арганізацыях.

 

 

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых інтэрнэт-крыніц