Вопыт для пераймання

140

Вопыт для перайманняЗ пункту гледжання заканадаўства нашага дня, эксперт — гэта не зацікаўленая ў выніках крымінальнай справы асоба, якая валодае спецыяльнымі ведамі ў навуцы, тэхніцы, мастацтве, рамястве і іншых сферах дзейнасці, якой даручана вытворчасць экспертызы. Аднак, яшчэ ў Статуце Вялікага княства Літоўскага 1529 года ўпершыню на ўзроўні заканадаўства замацоўвалася паняцце віжа (з 1588 г. — вазнога), асобы, якая абавязана была засведчыць наяўнасць ран і смерці чалавека. Рабілася гэта толькі на месцы здарэння шляхам візуальнага агляду цела пацярпеўшага. Віж (вазны) павінен быў валодаць некаторымі спецыяльнымі ведамі, што можна лічыць адным з першых згадванняў аб абавязковым прымяненні спецыяльных ведаў у крымінальным працэсе на тэрыторыі Беларусі.
Развіццё заканадаўства і судовай сферы, назапашаная практыка прымянення навуковых пазнанняў у іх інтарэсах на мяжы ХІХ-ХХ ст. ст. у Расійскай імперыі далі штуршок да праяўлення і стварэння трывалага падмурку судовай экспертызы. З’явіліся першыя кабінеты навукова-судовай экспертызы. У БССР у пачатку 20-х гадоў мінулага стагоддзя пры ўпраўленнях міліцыі былі арганізаваны рэгістрацыйна-дактыласкапічныя бюро, у якіх ажыццяўлялася рэгістрацыя злачынцаў, праводзілася канцэнтрацыя матэрыялаў на асоб, якія знаходзіліся ў вышуку, асуджаных, а таксама вызваленых з месцаў адбывання пакарання. Там праводзілася іх дактыласкапіраванне і фатаграфаванне. Ствараліся навукова-тэхнічныя падраздзяленні, укараняліся курсы па падрыхтоўцы экспертаў. З гэтага часу пачынаецца развіццё прафесійнай экспертна-крыміналістычнай службы. Адначасова з’яўляюцца і судова-медыцынскія падраздзяленні, якія адносіліся да Народнага камісарыята аховы здароўя БССР.
У 1952 годзе ўтворана Галоўнае бюро Дзяржаўнай службы судова-медыцынскай экспертызы пры Міністэрстве аховы здароўя БССР. А ў 1981 аператыўна-тэхнічнае ўпраўленне пры МУС БССР рэарганізоўваецца ў экспертна-крыміналістычную службу. Паралельна функцыянаваў і Навукова-даследчы інстытут судовай экспертызы Міністэрства юстыцыі БССР. Экспертныя службы таксама былі створаны ў МНС і ў Міністэрстве абароны.
Яшчэ ў 1992 годзе ў Беларусі падымалася пытанне пра тое, што экспертныя падраздзяленні распылены па розных ведамствах, і ў сувязі з гэтым патрабуецца іх аб’яднанне. Пошук эфектыўнай мадэлі арганізацыі службы патрабаваў абагульнення назапашаных у судовай, следчай, экспертнай практыцы праблем, замежнага вопыту, унясення змяненняў у заканадаўчую базу краіны. У выніку 22 красавіка 2013 года быў прыняты Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб утварэнні Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь”, які прадугледжваў стварэнне адзінага экспертнага ведамства на базе існуючых дзяржаўных судова-экспертных устаноў.
За пяць гадоў працы Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз заявіў пра сябе як паўнавартасны і эфектыўны орган, які ажыццяўляе паўнамоцтвы ў сферы судова-экспертнай дзейнасці краіны. Стварэнне Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз — унікальны выпадак. Беларусь пайшла на гэты крок, аб’яднала экспертаў у адну структуру. Вопытам беларусаў зараз цікавяцца спецыялісты з іншых краін — ад Кітая да Эміратаў. Пераняць напрацоўкі ў якасці мадэлі маюць намер у Казахстане і Кыргызстане.
Прыемным падарункам у гэтым годзе для ўсіх супрацоўнікаў і работнікаў Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз стала прызначэнне 22 красавіка Днём судовага эксперта.

Раённы аддзел Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь