У будучыню глядзім з упэўненасцю

44

15 САКАВІКА. Што для кожнага беларуса азначае гэта дата? Чым так знамянальны гэты дзень? Сваімі разважаннямі наконт дзяржаўнага свята дзеліцца намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце, настаўнік гісторыі Занарацкай сярэдняй школы Валянціна РОЛІЧ:

— Нельга не ведаць, што 15 сакавіка — дзень нараджэння найважнейшага дакумента нашай краіны — Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Сёлета спаўняецца 29 год з дня яе прыняцця. Канстытуцыя рэгулюе адносіны паміж людзьмі, якія жывуць на тэрыторыі нашай краіны.

Прыняцце Канстытуцыі цалкам з’яўляецца волей народа. Успомнім прэамбулу гэтага галоўнага дакумента. Там напісана: “Мы, народ Рэспублікі Беларусь (Беларусі), зыходзячы з адказнасці за цяперашні стан і будучыню Беларусі, усведамляючы сябе паўнапраўным суб’ектам сусветнага супольніцтва і пацвярджаючы сваю прыхільнасць да агульначалавечых каштоўнасцей, грунтуючыся на сваім неад’емным праве на самавызначэнне, абапіраючыся на шматвяковую гісторыю развіцця беларускай дзяржаўнасці, імкнучыся зацвердзіць правы і свабоды кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, жадаючы забяспечыць грамадзянскую згоду, непахісныя ўстоі народаўладдзя і прававой дзяржавы, прымаем гэтую Канстытуцыю — Асноўны Закон Рэспублікі Беларусь”.

Даючы такую “клятву”, наш народ з упэўненасцю ў будучыні жыве ў сучасным грамадстве, ведае, што яго правы і свабоды з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і абараняюцца законам. І для мяне як грамадзяніна Рэспублікі Беларусь Канстытуцыя з’яўляецца мнагазначным дакументам.

Якія ж правы прызнае за мной Канстытуцыя? Усе тыя, якія неабходны для камфортнага жыцця. Акрамя звычайных правоў, такіх, як свабоднае перамяшчэнне па краіне, права асабістай уласнасці, я валодаю з дня нараджэння яшчэ і правам на жыццё, правам на жыллё, на ахову здароўя і медыцынскае абслугоўванне, правам на адукацыю, на працу і адпачынак, на роўнасць правоў і свабод. Абарона Рэспублікі Беларусь — абавязак і свяшчэнны доўг грамадзяніна нашай краіны. І сёння мой сын праходзіць воінскую службу ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь. Для нас, бацькоў, гэта — гонар!

Магу з упэўненасцю сцвярджаць, што маё жыццё ідзе паралельна з Канстытуцыяй, і з гонарам кажу: “Я — беларуска!” Лічу, што павінна добрасумленна выконваць свае грамадзянскія абавязкі. Люблю сваю краіну і свой народ! Хачу пажадаць усім нам дабрабыту, спакою і міру!

Запісала Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.