Свята без праблем з законам

163

Свята без праблем з законамНабліжаецца Новы год, а значыць — звыклыя перадсвяточныя клопаты: дзе адзначаць, што гатаваць на стол, якую елку купіць? І хоць у наш час робяць выдатныя штучныя ялінкі, якія часам цяжка адрозніць ад сапраўдных, многія аддаюць перавагу жывому дрэўцу. Але дзе яго ўзяць? Самы просты і правільны спосаб — пайсці на ёлачны базар. Аднак некаторыя людзі могуць падумаць, што не варта аддаваць грошы за елку, калі дома ёсць сякера, а побач лес…
— На жаль, практыка папярэдніх гадоў сведчыць, што з набліжэннем навагодніх святаў у рэспубліцы павялічваецца колькасць выпадкаў незаконнай высечкі елкі і хвоі, — дзеліцца вядучы інжынер па ахове і абароне лесу ДПУ “Нацыянальны парк “Нарачанскі” Мікалай Буйноўскі. — Звяртаю ўвагу грамадзян на тое, што за парушэнне ўстаноўленага парадку нарыхтоўкі елкі Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях прадугледжана адказнасць у выглядзе штрафу.
— І колькі давядзецца заплаціць тым, хто вырашыў сэканоміць?
— Згодна з артыкулам 15.22. Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (незаконная высечка, незаконнае выдаленне і перасадка, пашкоджанне або знішчэнне драўнінна-хмызняковай і іншай расліннасці) прадугледжаны штраф, для грамадзян ён складае да 50 базавых велічынь. Да таго ж, парушальніку давядзецца пакрыць урон, нанесены навакольнаму асяроддзю. Гэта — у залежнасці ад дыяметра ствала дрэва — сума ад 0,1 базавай велічыні. Такім чынам, самавольная высечка можа абысціся сумай нашмат большай, чым кошт набыцця елкі ў лясніцтве або на ёлачным базары, дзе за яе давядзецца аддаць ад 5,50 да 95 рублёў, у залежнасці ад вышыні. Ці варта яно таго? Цяпер хтосьці можа падумаць: “Мяне гэта не датычыцца, я не пападуся”, але для выяўлення парушальнікаў прыродаахоўнага заканадаўства работнікі лясной аховы будуць праводзіць рэйды, а таксама дзяжурства на ўездах у буйныя населеныя пункты. Так што лепш накіравацца па ялінку ў лясніцтва.
— Якія дрэвы можна будзе купіць на ёлачным базары?
— Нарыхтоўка будзе праводзіцца непасрэдна ў лесе, таму прадаваць дэкаратыўныя дрэвы ў вазонах мы не будзем — толькі ссечаныя сасонкі і елкі. Па гэтай жа прычыне ў продажы будзе толькі елка звычайная, бо блакітная з’яўляецца дэкаратыўнай пародай і вырошчваецца ў гадавальніках. Таксама ў апошнія гады пайшла тэндэнцыя на сасну, якую мы таксама будзем рэалізоўваць.
— А дзе і калі можна будзе набыць елку?
— Продаж пачнецца з 20 снежня. Усе жадаючыя змогуць купіць навагоднюю прыгажуню ў любой канторы лясніцтва. Таксама продаж будзе праводзіцца на ёлачных базарах: у Мядзеле — на вуліцах Ленінскай, 21 і Нарачанскай, 63; у курортным пасёлку Нарач — на вуліцы Кастрычніцкай і на дзіцячай пляцоўцы; у Свіры — на вуліцы Савецкай, а ў Крывічах — на вуліцы 17 верасня, 8. Ні ў якім разе не выкідвайце чэк, лепш захоўваць яго, пакуль дома стаіць елачка.
— Як вам здаецца, ці варта наогул купляць жывыя елкі, бо потым іх проста выкідаюць?
— Многія шкадуюць маладыя дрэвы — колькі б карысці было для экасістэмы і наогул для лесу. Але высякаюць елкі толькі там, дзе не парушаюцца лесаводчыя патрабаванні, на дзялянках іншых высечак з наяўнасцю галля неліквіду, на лесасеках галоўнага карыстання, калі там падрост не падлягае захаванню. Асабіста маё меркаванне як работніка лясной галіны: жывое дрэва — гэта пах навагодніх святаў, і яно будзе радаваць не толькі дзяцей, але і дарослых. І па цане штучная ёлка і сапраўдная несупастаўныя.

Цэны на навагоднія дрэвы:
вышынёй да 1 метра — 5,50 рубля;
ад 1,1 да 2 метраў — 7 рублёў;
ад 2,1 да 3 метраў — 18,50 рубля;
ад 3,1 да 4 метраў — 31 рубель;
ад 4,1 да 8 метраў — 95 рублёў.

Гутарыла Аляксандра ГАРАЧКА.