Сочым за парадкам і… агнем

147

Сочым за парадкам і... агнемШТОГОД з наступленнем вясны палы сухой травы пераўтвараюцца ў стыхійнае бедства. Часам трава выпальваецца наўмысна сельскагаспадарчымі арганізацыямі, каб вызваліць палеткі ад непажаданай расліннасці. Але часцей за ўсё прычынай загарання становіцца безадказнасць альбо хуліганства дарослых людзей, у якіх хапае «розуму» выкінуць непатушаны недакурак з акна аўтамабіля, пакінуць вогнішча пасля пікніка, ці проста падпаліць траву. Па стане на 20 красавіка бягучага года на тэрыторыі раёна зарэгістраваны 27 выездаў на тушэнне загарання травы.
Вырашыць праблему з мінулагодняй травой і смеццем можна двума спосабамі — вывезці на звалку ці спаліць. Многія аддаюць перавагу другому спосабу, больш хуткаму і зручнаму. Але пра захаванне правілаў пажарнай бяспекі нават не задумваюцца. Таму вельмі часта ахвярамі травяных пажараў становяцца пенсіянеры. Моцнае задымленне, недахоп сілы ў людзей, парывы ветру — усё гэта садзейнічае трагедыям.
25 сакавіка бягучага года з Ваўкавыскага РАУС у службу выратавання паступіла інфармацыя пра выяўленне абгарэўшага цела чалавека на прысядзібным участку прыватнага домаўладання вёскі Біскупцы. Высветлілася, што сын, які жыве ў райцэнтры, напярэдадні прыязджаў да бацькі, прывёз прадукты харчавання. Ніякімі справамі гаспадар дома ў выхадныя не планаваў займацца. Вечарам на тэлефонны званок ніхто не адказаў. На наступны дзень сын прыехаў да бацькі, але дом быў зачынены. Неўзабаве прыйшоў сусед і расказаў, што ўчора вечарам за хлявом гарэла трава. Пайшлі туды. На зямлі ля плота сын убачыў бацьку без прыкмет жыцця…
МНС Беларусі нагадвае, што патрэбна быць асцярожнымі пры навядзенні парадку ля жылых дамоў і дач. Смецце рэкамендуецца вывезці ў спецыяльна адведзенае месца. Калі без выпальвання не абысціся, то выбірайце пляцоўку так, каб пазбегнуць узнікнення пажару. Адлегласць да пабудоў павінна быць не менш за 10 метраў, да ляснога масіву — 20, сціртаў сена ці саломы — 30 метраў. Паліць адыходы можна толькі ў бязветранае надвор’е, прычым полымя пастаянна кантраляваць і не пакідаць без нагляду. Заўсёды пад рукой павінен быць вогнетушыцель, ёмістасці з вадой і рыдлёўка. А вось выпальванне пажніўных рэшткаў і сухой расліннасці наогул забаронена. За парушэнне гэтых патрабаванняў прадугледжана адміністрацыйная і нават крымінальная адказнасць.

І. КАРАПЕЦЯН.
Інспектар групы прапаганды і навучання раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, старшы лейтэнант унутранай службы.