Размова па сутнасці: з аналізам, высновамі і прапановамі

265

Размова па сутнасці: з аналізам, высновамі і прапановаміПадчас чарговай IX сесіі раённага Савета дэпутатаў абмяркоўвалася некалькі
пытанняў. Асноўнае
з іх — “Аб сацыяльна-эканамічным развіцці раёна за 2018 год і задачах на 2019”.
Узнятая тэма неаднойчы абмяркоўвалася сёлета на пасяджэннях райвыканкама, нарадах рознага ўзроўню. А таму дакладчык — старшыня раённага выканаўчага камітэта Анатолій Вайнілка — менш засяроджваў увагу прысутных на лічбах. Ён дэталёва прааналізаваў становішча спраў ва ўсіх галінах народнагаспадарчага комплексу азёрнага краю, ускрыў праблемы і выказаў сваё бачанне шляхоў іх паспяховага вырашэння.
А пачаў ён размову з аналізу дэмаграфічнай сітуацыі, якая, на жаль, пагаршаецца. Па колькасці насельніцтва наш раён на 52-й прыступцы знізу па рэспубліцы. За мінулы год па розных прычынах нас стала менш на 276 чалавек. На 52 чалавекі зменшылася колькасць занятых у эканоміцы.
— Неабходна спыніць гэту тэндэнцыю, — падкрэсліў Анатолій Мар’янавіч, — а для гэтага трэба, каб моладзь, дзеці вярталіся на сваю малую радзіму, жылі і працавалі тут. Наш рэгіён унікальны і самы прыгожы. Ён славіцца прыродай і цудоўнымі людзьмі. І выкарыстоўваць гэты багаты патэнцыял патрэбна спаўна: развіваць новыя віды дзейнасці, у тым ліку турыстычныя паслугі, актыўней працаваць з моладдзю. У нас 87 аграсядзіб, мала фермерскіх гаспадарак.
У якасці прыкладу старшыня райвыканкама прывёў сялянскую гаспадарку “Антэй-сад”. Кіраўнік яе Віктар Чабатар даказаў: не зважаючы на тое, што на Мядзельшчыне значна халадней, чым на Брэстчыне, і тут можна вырошчваць тыя ж клубніцы ў панэлях і рэалізоўваць іх на экспарт у Расію. Проста трэба не баяцца эксперыментаваць, шукаць новыя шляхі, ісці наперад. Каб атрымліваць годны заробак, мець магчымасць добра адпачываць, падарожнічаць.
Што датычыць заработнай платы, то яна не самая высокая. Сярэдняя па раёне — 717 рублёў. А гэта 5-я пазіцыя знізу па вобласці. У цэлым па рэгіёне летась заробак павялічыўся на 10%. Ёсць галіны, дзе ён годны. Тая ж банкаўская сфера, здраўніцы, таварыства з абмежаванай адказнасцю “Вінакурня Нарач”. Самы нізкі — па сельскай гаспадарцы, ды і то не ўсюды аднолькавы. Там, дзе справы ідуць нядрэнна (тыя ж адкрытае акцыянернае таварыства “Сваткі”, сельскагаспадарчы філіял “Дзягілі” Мінскага маторнага завода), — і заработная плата на ўзроўні. Чаго не скажаш пра пераважную большасць іншых сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Значыць, на месцах вельмі шмат залежыць ад кадраў. І гэта — сур’ёзная праблема, якой патрэбна належная ўвага на ўсіх узроўнях. “Пакідаюць гаспадаркі талковыя людзі, калі ім не ствараюцца там годныя ўмовы для жыцця”, — канстатаваў кіраўнік раёна. Заўвага гэта, згадзіцеся, вельмі слушная.
Па меркаванні Анатолія Вайнілкі, плюсам для развіцця сельскай мясцовасці стане прыход блакітнага паліва. А таму неабходна сур’ёзна займацца газіфікацыяй: рэалізоўваць зацверджаныя праекты, распрацоўваць новыя. Пакуль магутнасці энергасістэмы не дазваляюць шырока выкарыстоўваць для ацяплення электраэнергію, а таму плённа працаваць давядзецца і ў гэтым напрамку.
Узгадваючы абласны фестываль працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2018”, Анатолій Мар’янавіч спыніўся на тым вялізным аб’ёме работ, які быў паспяхова выкананы. Па навядзенні парадку як у горадзе, так і ў шэрагу іншых населеных пунктаў. Сапраўды, значна папрыгажэў, пачысцеў Мядзел. Змянілі знешні выгляд гарадскія вуліцы, падведамасныя і дваровыя тэрыторыі. Акрамя таго, вырашаліся пытанні, ад якіх залежыць належнае жыццезабеспячэнне насельніцтва. І, найперш, будаўніцтва водаправода, увядзенне ў эксплуатацыю дзвюх артсвідравін, што дазволіла забяспечыць райцэнтр чыстай пітной вадой, а таксама перакладка трубаправодаў, рэканструкцыя электрычных сетак, што застанецца на многія дзесяцігоддзі. Прычым работы па навядзенні парадку на аб’ектах водазабеспячэння і цеплавой гаспадаркі, па асфальтаванні вуліц, уладкаванні дваровых тэрыторый будуць працягвацца і надалей. А тут — шырокае поле дзейнасці для ўнітарнага прадпрыемства “Мядзельская ЖКГ”. Шмат задач стаіць перад камунальнікамі і па зборы другаснай сыравіны, сартаванні адходаў. Каб зберагчы прыроду роднай зямлі і захаваць яе для нашчадкаў, важна данесці ў тым ліку і гэтыя пытанні да насельніцтва.
Кіраўнік раённай вертыкалі ў сваім дакладзе ахарактарызаваў таксама дзейнасць работнікаў дарожнай службы, будаўніцтва, энергазабеспячэння, газавай гаспадаркі, гандлю і грамадскага харчавання, сувязі, курортных арганізацый, сацыяльнай сферы. Па яго меркаванні, неабходна будаваць жыллё не толькі ў Мядзеле і курортным пасёлку Нарач, якія і так імкліва развіваюцца, але і ў аграгарадках. Вядома, дзякуючы правядзенню адпаведнай работы з насельніцтвам, што ў перспектыве дапаможа замацаваць там маладыя сем’і. Асобна спыніўся на задачах, якія стаяць сёлета перад адукацыяй, культурай, спортам, аховай здароўя, у тым ліку па развіцці матэрыяльна-тэхнічнай базы, аснашчэнні абсталяваннем, па забеспячэнні кадрамі. Сярод праблемных пытанняў, напрыклад, па цэнтральнай раённай бальніцы называўся даволі паважны ўзрост урачоў і сярэдняга медыцынскага персаналу. Адзіны шлях вырашэння — амаладжэнне калектыву. Па меркаванні Анатолія Мар’янавіча, неабходна пастарацца загрузіць поўнасцю гасцінічны комплекс, звярнуць увагу на цікавае баўленне маладымі людзьмі вольнага часу.
Дакладчык закрануў таксама лёс УП “Ілаўскае”, якое зараз перажывае антыкрызісны перыяд. Паведаміў пра захады, якія робяцца, каб захаваць гэта прадпрыемства. Нагадаў і пра Нарацкі ўчастак ААТ “Маладзечанскі малочны камбінат”, які ў недалёкай будучыні ўвойдзе ў склад холдынгу “Мінскі малочны завод №1”. Радуе, што названы ўчастак таксама захаваецца. Больш за тое, вытворчасць сыру з цвіллю, які там выпускаецца і рэалізоўваецца ў Расію, плануецца павялічыць на 20 тон. Ішла размова і пра выкананне паказчыкаў па экспарце тавараў, працаўладкаванне грамадзян і стварэнне новых рабочых месцаў, падрыхтоўку гаспадарак раёна да вясенняй пасяўной і яшчэ пра многае іншае.
Наступнае пытанне, вынесенае на абмеркаванне — “Аб зацвярджэнні справаздачы аб выкананні раённага бюджэту за 2018 год”. Па ўзнятай тэме выступіў з дакладам начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Леанід Малец. Леанід Паўлавіч, у прыватнасці, спыніўся на даходнай і расходнай частках бюджэту, назваў асноўныя крыніцы паступленняў грашовых сродкаў і шляхі іх выкарыстання. Аднагалосна дэпутаты зацвердзілі справаздачу аб выкананні раённага бюджэту за 2018 год па даходах у суме 46706460,91 рубля і расходах у суме 46360303,01 рубля з перавышэннем даходаў над расходамі на суму 346157,90 рубля.
Падчас сесіі раённага Савета дэпутатаў разглядаліся і некаторыя іншыя пытанні. Напрыклад, быў зацверджаны горадабудаўнічы праект “Генеральны план г. п. Крывічы Мядзельскага раёна”. Была заслухана таксама інфармацыя пра работу камісіі садзейнічання занятасці насельніцтва рэгіёну за 2018 год і прайшоўшы перыяд бягучага года.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.