Так называецца акцыя, якая на працягу двух дзён — учарашняга і сённяшняга — праводзіцца на тэрыторыі Беларусі. Яе мэта: прыцягненне ўвагі насельніцтва да праблем п’янства і звязаных з ім негатыўных вынікаў, прапаганда здаровага ладу жыцця. Пра тое, як арганізавана названая акцыя ў азёрным краі, расказвае начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама В. С. ЗУЕЎСКАЯ:
— Рэспубліканская акцыя “Прафілактыка і ТЫ” арганізавана для павышэння культурнага ўзроўню насельніцтва, фарміравання асэнсаваных законапаслухмяных паводзін, прывіцця норм здаровага ладу жыцця, духоўных і маральных каштоўнасцей, у тым ліку дзяцей і моладзі, мінімізацыі п’янства і алкагалізму шляхам забеспячэння максімальнай працоўнай і вучэбнай занятасці грамадзян, змястоўнага правядзення імі вольнага часу. Актыўны ўдзел у ёй прымаюць многія службы. У тым ліку праваахоўныя органы, установы адукацыі і культуры раёна, медыцынскія работнікі, раённы камітэт грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” і іншыя.
У рамках рэспубліканскай акцыі з мэтай інфармавання працоўных калектываў па пытаннях павышэння дысцыпліны, працоўнай занятасці, а таксама занятасці ў свабодны час, папярэджання асацыяльных паводзін, п’янства і алкагалізму, прафілактыкі звязаных з імі гібелі і траўматызму людзей распараджэннем старшы-
ні райвыканкама Ільі Іванавіча Шацько створаны тры рабочыя інфармацыйныя групы. Зацверджаны і графік іх выездаў. У складзе іх работнікі аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама, начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Таццяна Уладзіміраўна Хацяновіч, сакратары райкама грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”, прадстаўнікі раённага аддзела ўнутраных спраў, установы аховы здароўя “Мядзельская цэнтральная раённая бальніца”. Літаральна ўчора рабочыя інфармацыйныя групы наведалі працоўныя калектывы гаспадарак, прадпрыемстваў і арганізацый Мядзельшчыны, дзе сустрэліся з работнікамі і выступілі перад імі са сваімі паведамленнямі. Такія спатканні прайшлі ў адкрытых акцыянерных таварыствах “За-
нарацкі”, “Мядзелаграсэрвіс”, “Міжазёрны край”, “Свір-Агра”, “Будслаўскае”, “Пруднікі-Агра”, УП “Ілаўскае”, на прадпрыемстве меліярацыйных сетак і ў многіх іншых таварыствах, арганізацыях і ўстановах азёрнага краю.
Увогуле на працягу двух дзён, 14 і 15 снежня, у раёне арганізавана шмат цікавых і пазнавальных мерапрыемстваў. Так, у навучальных установах праходзяць кіналекторыі прафілактычнай накіраванасці, сустрэчы вучняў сярэдніх і старэйшых класаў з супрацоўнікамі міліцыі, райаддзела па надзвычайных сітуацыях. Павінны выклікаць цікавасць бацькоўская гасцёўня на базе Цэнтра духоўна-маральнага развіцця “Гармонія” на тэму: “Здаровы лад жыцця фарміруецца ў сям’і”, а таксама інтэрактыўная гульня “Падарожжа на востраў скарбаў”, падрыхтаваная Цэнтрам творчасці дзяцей і моладзі раёна. Ва ўстановах культуры наладжваюцца тэматычныя вечары, танцавальна-гульнявыя праграмы, інфармацыйныя гадзіны. У цэнтры ўвагі таксама спартыўныя мерапрыемствы. Арганізаваны яны як у школах азёрнага краю, так і на раённым узроўні. У тым ліку 5-ы тур чэмпіянату раёна па міні-футболе, чэмпіянаты раёна па шашках і гіравым спорце. Да ўдзелу ў мерапрыемствах спартыўнага і культурнага зместу па меры магчымасці падключаюцца грамадзяне, якія стаяць на прафілактычным уліку, за якімі ажыццяўляецца прафілактычнае назіранне, устаноўлены прэвентыўны нагляд, а таксама падлеткі, якія знаходзяцца на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх раённага аддзела ўнутраных спраў.
Сёння на тэрыторыі раёна праводзіцца “Дзень без алкаголю”, накіраваны на прапаганду здаровага ладу жыцця, барацьбу з п’янствам і алкагалізмам. У рамках яго рэкамендавана суб’ектам гандлю ўсіх форм уласнасці не ажыццяўляць рэалізацыю спіртных напіткаў. У вячэрні час аддзелам па справах моладзі райвыканкама і райкамам грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” будзе арганізаваны міжведамасны рэйд па месцах масавага адпачынку юнакоў і дзяўчат. Праводзяцца таксама мерапрыемствы па папярэджанні безнагляднасці непаўналетніх, якія, не дасягнуўшы 16-гадовага ўзросту, знаходзяцца ў начны час па-за жыллём без суправаджэння дарослых ці асоб, якія іх замяняюць.
Аддзел занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама ўчора правёў для вучняў 9-11 класаў СШ №2 г. Мядзел тэматычныя сустрэчы на тэму: “Рынак працы. Магчымасці службы занятасці”. У гэты ж дзень у цэнтральнай раённай бальніцы было арганізавана бясплатнае кадзіраванне грамадзян ад алкагольнай залежнасці. За кансультацыямі і лячэннем ад гэтага захворвання можна было таксама звяртацца 14-15 снежня ва ўстанову аховы здароўя “Мінскі абласны клінічны цэнтр “Псіхіятрыя-наркалогія”, якая размяшчаецца ў сталіцы па вуліцы П. Броўкі. Больш падрабязную інфармацыю пра гэта, дарэчы, можна было пачарпнуць у папярэднім нумары раённай газеты “Нарачанская зара”.
Запісала
Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.