Партнёрства ў імя будучыні

152

001248_4698441ЧАТЫРЫ апошнія дні мая ў Мінску праходзіў VII Беларускі міжнародны медыяфорум «Партнёрства ў імя будучыні: мадэлі новай эпохі». У ім удзельнічалі прадстаўнікі сямнаццаці дзяржаў. Гэта кіраўнікі вядучых сродкаў масавай інфармацыі, парламентарыі, палітолагі, эканамісты, вучоныя і грамадскія дзеячы, дэканы факультэтаў журналістыкі вышэйшых навучальных устаноў СНД. У рамках багатай праграмы форуму найбольшую цікавасць выклікала пленарнае пасяджэнне, якое доўжылася на працягу аўторка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Пасля вітальных слоў мі­ністра інфармацыі нашай краіны Алега Праляскоўскага, дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы Рыгора Рапоты, выканаўчага дырэктара Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў-удзельнікаў СНД, Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Армена Смбацяна, старшыні Беларускага саюза журналістаў, галоўнага рэдактара газеты «Рэспубліка» Анатолія Лемяшонка, дыскусійны тон размове задалі галоўны рэдактар газеты «Советская Белоруссия» Павел Якубовіч і дэкан Вышэйшай школы тэлебачання Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. В. Ламаносава Віталь Трац­цякоў, якія выступалі ў якасці мадэратараў першай тэматычнай панэлі «Новая геапалітыка Еўразіі». І сапраўды, якія выклікі чакаюць нас на шляху еўразійскай інтэграцыі? Якія крокі неабходна зрабіць для іх нейтралізацыі палітычнаму кіраўніцтву Беларусі, Расіі і Казахстана?

Сваімі думкамі і меркаваннямі наконт гэтага дзяліліся ў ходзе ажыўленай дыскусіі ўзгаданы вышэй Рыгор Рапота, першы намеснік адказнага сакратара Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі Мікалай Сасонка, старшыня Камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Савета Рэспублікі Ніна Мазай, прэзідэнт Інстытута нацыянальнай стратэгіі Міхаіл Рэмізаў, рэдактар аддзела палітыкі часопіса «Саюз», доктар палітычных навук Ігар Панарын. Актыўнасцю вызначаліся таксама старшыня «Ра­сійскага агульнанароднага саюза», рэктар Расійскага дзяржаўнага гандлёва-эканамічнага ўні­вер­сітэта Сяргей Бабурын, генеральны дырэктар Цэнтра палітычнай кан’юнктуры Расіі Сяргей Міхееў і іншыя.  Падыходы для вырашэння ўзнікаючых праблем, у тым ліку і з залы, прапаноўваліся розныя. Аднак многія схіляліся да таго, што толькі пры аб’яднанні намаганняў з улікам нацыянальных інтарэсаў кожнай краіны постсавецкай прасторы можна супрацьстаяць магутнай хвалі глабалізацыі, якая ахапіла ўвесь свет.

З непадробнай цікавасцю ўдзель­нікі форуму ўспрынялі выступленне кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Макея. Уладзімір Ула­дзіміравіч адзначыў, што на нашых вачах адбываецца радыкальнае змяненне свету, да якога чалавецтва аказалася не падрыхтавана. Адмоўныя бакі глабалізацыі — узнікненне дзяржаў і рэгіёнаў, якія фактычна знаходзяцца пад уладай транснацыянальных груп, наркакартэляў, відавочна ўсё большае расслаенне людзей. «Пазіцыя Беларусі, — падкрэсліў кі­раўнік Адміністрацыі Прэзідэнта, — вядомая: дзяржавы павінны захоўваць сваю самабытнасць, мы лічым недапушчальным супрацьпраўнае выкарыстанне сілы. Як і пазбаўленне краін права самастойна вызначаць шляхі свайго развіцця, разбурэнне стабільнасці ў грамадствах з выкарыстаннем фінансавых і ваенных інструментаў. Сучасныя праблемы лепш за ўсё вырашаць не за кошт абмежаванняў доступу да рэсурсаў, а за кошт навукова-тэхнічнага прагрэсу». Інтэграцыйныя структуры павінны не раз’ядноўваць, а аб’ядноўваць кантынент. «Нядаўна Прэзідэнт, — нагадаў Уладзімір Макей, — выказаў ідэю інтэграцыі інтэграцый: «Яе мэта — стварэнне агульнай эканамічнай прасторы ад Лісабона да Уладзівастока».

Спыніўся Уладзімір Уладзіміравіч і на сродках масавай інфармацыі. З улікам хуткага росту папулярнасці інтэрнэта, распаўсюджваннем новых інфармацыйных тэхналогій, імкліва змяняецца і медыяпрастора. Адсюль — запатрабаванне новых падыходаў да журналісцкай працы і этыкі, рэформы медыярынку. У нашай краіне мяркуецца замест некаль­кіх вядучых рэспубліканскіх рэдакцый стварыць два медыяхолдынгі — грамадска-палітычны і культуралагічны. Вынікам жа рэфармавання павінен стаць выпуск якаснага сучаснага інфармацыйнага прадукту…

Па выніках дыскусій удзель­нікі пасяджэння прынялі рэзалюцыю, у якой адзначаецца, што вырашэнне глабальных і рэгіянальных праблем цалкам залежыць ад актыўнасці  супрацоўніцтва народаў і ўрадаў, якія іх прадстаўляюць. Толькі буйныя міжнародныя праекты і праграмы, патрабуючыя шматбаковай кааперацыі ва ўсіх сферах жыццядзейнасці, могуць дазволіць арганізаваць развіццё нашых краін у інтарэсах кожнага іх жыхара. І вядучую ролю ў гэтым працэсе закліканы адыграць сродкі масавай інфармацыі.

Павел ЖУКАЎ.