Уладзімір ЗЕЛЯНКЕВІЧ, старшыня Занарацкага сельскага выканаўчага камітэта:

— На VI Усебеларускім народным сходзе дэлегаты прадстаўлялі большую частку насельніцтва нашай краіны. І гэта вельмі важна. Чарговы раз усе сабраліся разам з кіраўніцтвам дзяржавы, каб вызначыць важнейшыя арыенціры, па якіх будзе развівацца далей наша рэспубліка.

Даклад, з якім выступіў перад прысутнымі наш Прэзідэнт, быў глыбокі і грунтоўны. Датычыў практычна ўсіх сфер нашага жыцця — эканомікі, палітыкі, сацыяльнай сферы. Мне асабіста вельмі па душы, што Аляксандр Рыгоравіч сказаў, што цяпер не час для сумніўных эксперыментаў. Гаворачы пра магчымыя пераўтварэнні, мы павінны зыходзіць з уласных нацыянальных інтарэсаў, а не кіравацца пасыламі з-за мяжы. Нашы галоўныя каштоўнасці — суверэнітет і незалежнасць, і іх важна захаваць. Беларусь і надалей застаецца сацыяльна арыентаванай краінай. А значыць, будуць развівацца медыцына і адукацыя, навука і культура. Будуць павышацца пенсіі і дапамогі на дзяцей, заработная плата, аказвацца садзейнічанне моладзі ў будаўніцтве жылля, будуць развівацца не толькі гарады, але і рэгіёны, стварацца новыя працоўныя месцы. І гэта правільна.

Перакананы, сённяшні дзень і будучыня беларускай дзяржавы — у нашых руках.

Менавіта ад нас залежыць, як будзем жыць самі і нашы дзеці, унукі. Вядома, хочацца, каб і надалей было мірнае неба над галавой, каб у нашым агульным доме былі спакой і дастатак. Але пры гэтым важна памятаць, што наша сіла — у адзінстве. Што толькі разам сваёй стараннай працай мы зможам памножыць агульныя здабыткі, зрабіць нашу краіну больш моцнай і квітнеючай.