Аляксандр Апанасевіч, дэлегат VI Усебеларускага народнага сходу, дэпутат Слабадскога сельскага Савета дэпутатаў:

— Асабіста я ўпершыню ў сваім жыцці прымаў удзел у такім прадстаўнічым форуме. Ніколькі не пакрыўлю душой, калі скажу, што мерапрыемства, хоць і доўжылася два дні, але прайшло практычна на адным дыханні. Ні даклад Прэзідэнта нашай краіны, хоць ён працягваўся амаль чатыры гадзіны, ні выступленні дэлегатаў нікому не надакучылі. Як мне здаецца, таму, што гаворка ішла аб набалелым, аб тым, што кожнага хвалюе. Удзялялася ўвага развіццю практычна ўсіх сфер — эканомікі, палітыкі.

Мне вельмі імпануе тое, што сацыяльная дзяржава застанецца нацыянальным брэндам
Беларусі. Што ў цэнтры ўвагі ў новай пяцігодцы будзе не проста сям’я — а шчаслівая сям’я, заснаваная на фізічным і духоўным дабрабыце, выхаванні дзяцей і моладзі, клопаце аб старэйшым пакаленні. Што духоўным базісам нашага народа былі і застаюцца яго гістарычная памяць, нацыянальныя каштоўнасці, патрыятызм, адданасць Айчыне. І вельмі важна ўсё гэта захаваць і перадаць падрастаючаму пакаленню.

І дакладчык, і асобныя выступоўцы закраналі многія пытанні, якія хвалююць насельніцтва. Вельмі цікавым было і выступленне нашага земляка Віктара Чабатара, які закрануў праблемы вырошчвання арганічна чыстай прадукцыі, аказання падтрымкі з боку дзяржавы пачынаючым фермерам, адраджэння вёскі.

Невыпадкова на Усебеларускім народным сходзе і рабіўся акцэнт на нацыянальнае адзінства. Бо менавіта ў гэтым наша сіла і моц. «Адзінства. Развіццё. Незалежнасць», — словы гэтыя сталі слоганам Усебеларускага народнага сходу. У іх адлюстравана сутнасць будучыні і нашай краіны, і кожнага з нас.