Нашы поспехі — вынік нашай працы

442

Паважаныя жыхары Мядзельшчыны!

Яшчэ колькі гадзін — і 2020 год адыдзе ў гісторыю. Гэты год не быў звычайным. У рэалізацыю планаў па сацыяльна-эканамічным развіцці рэгіёна свае карэктывы ўнесла пандэмія каранавіруса, а таксама напружанне ў грамадска-палітычным жыцці ў паслявыбарны перыяд. І тым не менш, гэта не стала перашкодай для дасягненняў, якімі сёлета можа ганарыцца Мядзельшчына.

У першую чаргу хачу адзначыць хлебаробаў азёрнага краю. Дзякуючы добрай арганізацыі працы, а таксама іх асабістай зацікаўленасці і стараннасці, ім у аптымальныя тэрміны ўдалося сабраць 34994 тоны збожжа пры ўраджайнасці 28,5 цэнтнера з гектара. Гэта на 32% больш, чым у мінулым годзе. Амаль у два разы больш вырасцілі і сабралі рапсу. Тэмп росту вытворчасці валавой прадукцыі за 11 месяцаў у супастаўных цэнах да ўзроўню мінулага года склаў 104,1%. За гэтымі лічбамі — не толькі тэхналогіі, хаця гэтаму надаецца вялікая ўвага. У першую чаргу — гэта шчырая праца людзей: кіраўнікоў, аграномаў, інжынераў, механізатараў, аператараў збожжасушыльных комплексаў.

Жніво-2020 падаравала нам ажно сем камбайнераў-тысячнікаў! З іх трое — у сельгаставарыстве “Сваткі”, якое каторы год з яўляецца лідарам уборачнай кампаніі. На фоне поспехаў арганізацыі ў розных накірунках сельгасвытворчасці балюча ўсведамляць, што месяц таму не стала яе кіраўніка — Мікалая Вараб’я. Але Мікалай Васільевіч на доўгія гады застанецца ў нашай памяці.

Нядрэнна ў гэтым годзе нашы аграрыі справіліся з сяўбой, нарыхтоўкай кармоў, хоць і невялікая, але ёсць прыбаўка і па надоі малака ад каровы. Па раёне рэалізацыя малака за 11 месяцаў перавысіла адпаведны ўзровень мінулага года. Прыбаўка адзначаецца і па сярэднясутачных прывагах буйной рагатай жывёлы, свіней.
Значным здабыткам адыходзячага года стала адкрыццё новага будынка школы ў Занарачы. Прыемна, што дзеці ў аграгарадку будуць вучыцца, а настаўнікі працаваць у сучасных камфортных умовах. Школа атрымалася прыгожая, прасторная. Радасць наваселля з жыхарамі Занарачы раздзяліў старшыня абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Турчын.

Напрыканцы года ў раёне з явілася яшчэ адна прычына, па якой губернатар наведаў Мядзельшчыну. Літаральна ўчора адбылася ўрачыстая цырымонія падачы прыроднага газу ў гарадскі пасёлак Крывічы. Мара многіх жыхароў пасёлка пра зручнае ацяпленне, гарачую ваду і камфорт нарэшце пачала збывацца.

Збыліся мары некаторых нашых грамадзян і пра ўласнае жыллё. Навасёламі ў гэтым годзе сталі 92 сям і. Распачалося будаўніцтва новага шматкватэрнага дома па вуліцы Заазёрнай у райцэнтры. Адметна, што пашыраецца новабудоўлямі і прыватны жылы сектар. Людзі ўзводзяць дамы, а значыць, іх далейшыя планы звязаны з Мядзельшчынай.

У гэтым годзе мы, як і заўсёды, рамантавалі дамы і дарогі, добраўпарадкавалі вуліцы нашых населеных пунктаў, карысталіся паслугамі гандлю, сувязі, транспарту, газа- і электразабеспячэння. Добрасумленна выконвалі свае абавязкі супрацоўнікі праваахоўных органаў, выратавальнікі. Ва ўмовах эпідэміі каранавіруса выдатна спрацавала і сацыяльная сфера раёна.

Асабліва хочацца адзначыць працу медыцынскіх работнікаў, якія вельмі годна спраўляюцца з каранавіруснай навалай. Не шкадуючы ні сіл, ні асабістага часу, яны аказваюць неабходную дапамогу. Стамляюцца, таксама хварэюць, але лечаць, прымаюць пацыентаў, адпускаюць працэдуры, кансультуюць і гэтак далей. Вялікі ім дзякуй за працу!

Ва ўмовах сёлетняга года не атрымалася маштабна, як планавалася, адсвяткаваць 80-годдзе раёна. Але гэта дата не засталася незаўважанай. Як і 75-годдзе Вялікай Перамогі. Памятныя падзеі адзначылі мітынгамі, ускладаннем кветак да помнікаў Вялікай Айчыннай вайны, рознымі тэматычнымі выставамі, конкурсамі і акцыямі.
Кожны з нас ацэньвае адыходзячы год па-свойму. Магчыма, для кагосьці ён быў багаты на радасныя падзеі, а іншы развітаецца з ім без шкадавання. Але важна разумець, што нашы поспехі — гэта вынік нашых намаганняў. Таму, развітваючыся з 2020 годам, хачу ад шчырага сэрца падзякаваць усім за працу, за ўсё тое, што мы разам змаглі зрабіць для Мядзельшчыны, за гатоўнасць і надалей сваім стараннем умацоўваць і развіваць наш цудоўны азёрны край. Планаў шмат. Іх рэалізацыя залежыць толькі ад нас з вамі, ад нашай мэтанакіраванасці, жадання працаваць якасна і самааддана.

Дарагія сябры!

У новым 2021 годзе мы прадоўжым работу па стварэнні ўмоў, у якіх нам, нашым родным і блізкім будзе камфортна жыць, вучыцца, кахаць, ствараць сем і і нараджаць дзяцей. Усё ў нашых руках, таму будзем спадзявацца, што ўсё ў нас атрымаецца.

Няхай новы год адкрые новыя магчымасці і перспектывы, няхай дзеці радуюць поспехамі, родныя будуць здаровыя, а мары збываюцца.

Анатолій ВАЙНІЛКА,
старшыня райвыканкама.

Фота Сяргей Плыткевіча, (planetabelarus.by)