Куры на падворку, веласіпеды напракат і не больш за дзесяць гасцявых пакояў: уступілі ў сілу новаўвядзенні ў сферы аграэкатурызму

201

Дзейнасць у сферы аграэкатурызму са студзеня гэтага года магчыма толькі з улікам атрымання дазволу ў райвыканкаме. Гэта тычыцца як новых аб’ектаў, так і створаных раней. Новаўвядзенне рэгламентуецца Указам Прэзідэнта Беларусі ад 4 кастрычніка мінулага года № 351 “Аб развіцці аграэкатурызму”.

Як паведамлялася ў прэс-службе Кіраўніка дзяржавы, названы Указ накіраваны на тое, каб адмяніць магчымасць пад выглядам аграэкасядзіб весці гасці­нічны ці рэстаранны бізнес, каб абараніць правы лю­дзей, якія жывуць побач з аграсядзібай. Дакументам удакладняюцца патрабаванні да аб’ектаў аграэкатурызму па колькасці жылых пакояў для турыстаў (не больш за дзесяць), вя­дзення асабістай падсобнай гаспадаркі і колькасці паслуг (не менш за дзве). Гаспадарам сядзіб, якія ўжо працуюць, дадзены час, каб атрымаць такі дакумент у органах мясцовай улады. Аформіць дазвол неабходна да 1 ліпеня 2023 года.

Напрыканцы снежня рашэннем райвыканкама створана пастаянна дзеючая раённая камісія для ажыццяўлення комплекснай аб’ектыўнай ацэнкі аграэкасядзіб, якую ўзначальвае намеснік старшыні райвыканкама Вольга Габрусенак. Прыняцце рашэння аб ажыццяўленні дзейнасці па аказанні паслуг у сферы аграэкатурызму — адміністрацыйная працэдура, якую праводзіць райвыканкам у адпаведнасці з
палажэннем, зацверджаным Пастановай Савета Міністраў Беларусі ад 9 снежня 2022 года № 860 “Аб рэалізацыі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 4 кастрычніка 2022 г. № 351”.

Галоўны спецыяліст упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Леанід Шыдлоўскі, які ўваходзіць у склад раённай камісіі, патлумачыў, што для выдачы дазволу на дзейнасць у сферы аграэкатурызму неабходна звяртацца ў райвыканкам.

— Служба “Адно акно” прымае пісьмовую заяву і згоду ўласніка жылога дома на выкарыстанне дома для мэт аграэкася­дзібы. Тэрмін разгляду неабходных дакументаў — месяц. Для падрыхтоўкі рашэння райвыканкама раённая камісія рыхтуе пісьмовае заключэнне па выніках комплекснай аб’ектыўнай ацэнкі адпаведнасці ці неадпаведнасці патэнцыяльнай аграэкасядзібы неабходным умовам у тым ліку з выездам на месца. Больш поўная інфармацыя знаходзіцца на афіцыйным сайце райвыканкама ў раздзеле “Мядзел турыстычны” (пераход на раздзел “Турызм”, падраздзел “Агратурызм”). Дарэчы, першыя заяўнікі ўжо звярнуліся па арыманне дазволу, — расказаў Леанід Шыдлоўскі.

Іна ЯРЧАК.