У музей перадалі памятныя рэчы ветэрана, які дайшоў да Берліна

489

На стале — пажаўцелыя ад часу, дзе-нідзе з выцвілым чар­нілам, дакументы гадоў Вялікай Айчыннай вайны. Усе яны належалі ветэрану вайны з вёскі Зялёнкі Нарацкага сельсавета Ула­дзіміру Сцяпанавічу Каралёнку. Нарадзіўся ён 1 ліпеня 1909 года, памёр у верасні 1988-га.

У музей перадалі памятныя рэчы ветэрана, які дайшоў да Берліна

Нядаўна гэтыя дакументы і іншае перадалі ў Мядзельскі музей народнай славы. Справа ў тым, што пасля смерці гаспадара і яго жонкі, іх сына і дачкі хата пуставала. Сваякі знайшлі там рэчы, звязаныя з гісторыяй жыцця ветэрана, і вырашылі, каб яны захоўваліся ў музеі.

Сярод іх — ордэн Айчыннай вайны другой ступені, які Уладзімір Каралёнак атрымаў у 1985 годзе, фатаграфія ветэрана, шматлікія дакументы: кніжка чырвонаармейца, пасведчанне да медалёў «За Перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.», «За вызваленне Варшавы», «За ўзяцце Берліна», грамата, у якой выказваецца падзяка ўсяму асабоваму складу часці, у тым ліку і Уладзіміру Сцяпанавічу Каралёнку, ад камандуючага войскамі 1-га Беларускага фронту маршала Савецкага Саюза Георгія Жукава «за выдатныя баявыя дзеянні пры авалодванні раёнам і галоўным будынкам рэйхстага».

У музей перадалі памятныя рэчы ветэрана, які дайшоў да Берліна У музей перадалі памятныя рэчы ветэрана, які дайшоў да Берліна У музей перадалі памятныя рэчы ветэрана, які дайшоў да Берліна

Ёсць памятны ліст, які ўручалі пры дэмабілізацыі і вяртанні на Радзіму.

«Вы добра паслужылі Радзіме. Вы вызвалілі сваю родную зямлю ад гітлераўскіх рабаўнікоў і забойцаў. На Вашу долю выпаў вялiкi гонар дабіць ворага ў цэнтры яго звярынага логава і ўзняць над Берлінам сцяг перамогі, — напісана ў лісце. — За сумленную службу на карысць нашай Радзімы аб’яўляю вам падзяку. Цяпер, пасля перамогі, Радзіма запрашае Вас дадому, да вашых сям’яў, да жонак і  дзяцей. Працуйце на заводах, на калгасных палях так жа добра, як ваявалі. Акажыце максімальную дапамогу айчыне ў яе вялікай стваральнай працы…» Падпісаны ліст Галоўнакамандуючым Групай савецкіх акупацыйных войскаў у Германіі, маршалам Савецкага Саюза Георгіем Жукавым і членам Ваеннага савета Групы, генерал-лейтэнантам Канстанцінам Цялегіным.

На сайце «Памяць народа» можна знайсці інфармацыю пра ветэрана. Прызвалі яго ў войска ў Мядзельскім райваенкамаце ў жніўні 1944 года. Быў яшчэ ўзнагароджаны медалём “За адвагу”. Ва ўзнагародным лісце ўказана: (узнагародзіць) «стралка стралковага батальёна — чырвонаармейца Каралёнка Уладзіміра Сцяпанавіча за тое, што ў вулічных баях Берліна 23.4.45 першым пераправіўся праз канал і адкрыў агонь па праціўніку». Там жа пазначана, што раней, 16 лютага 1945, ён быў паранены.

Але ж гэта ўсё сухія дакументы. Цікава хоць крыху даведацца, што ён быў за чалавек, як склаўся пасляваенны лёс ветэрана? У Нарацкай сельскай бібліятэцы падказалі, што ў нашым раёне жывуць яго пляменнікі і іх дзеці. Адна з пляменніц — Ганна Варанец з Занарачы. Тэлефаную, каб распытаць пра Уладзіміра Сцяпанавіча.

— Чалавек быў вельмі добры, працавіты, заўжды трымаў гаспадарку, — расказвае яна. — Пасля вайны вярнуўся дадому ў Зялёнкі. У вёсцы хаты былі спалены, і сям’я адразу жыла ў зямлянцы. Працаваў дзядзька ў мясцовым калгасе ў цяслярскай брыгадзе. І ўласны дом збудаваў сам разам са сваякамі. Пра вайну не любіў успамінаць ён, але ведалі, што дайшоў да Берліна. Быў вельмі сціплы: за сваё жыццё ніколі не паказваў, што ён герой і не патрабаваў да сябе асаблівых адносін як да ветэрана. Вяскоўцы любілі яго. І нам, пляменнікам, падабалася бываць у хаце Уладзіміра Сцяпанавіча і яго жонкі Улімы Андрэеўны: яны былі рады нам, заўжды з прыемнасцю частавалі.

…Што ж, цяпер дакументы будуць захоўвацца ў музеі. Значыць, больш людзей зможа даведацца пра земляка, які дайшоў да Берліна, і ўбачыць памятныя дакументы з гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Аляксандр ВЫСОЦКІ.