У брацкай магіле знайшлі спачын партызаны атрада “Баявы” (успаміны)

572

76 год аддзяляюць нас ад незабыўнага Дня вызвалення роднай Мядзельшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Пра тыя далёкія падзеі нам нагадваюць не толькі архіўныя матэрыялы, успаміны відавочцаў, якія беражліва сабраны і захоўваюцца ў фондах Мядзельскага музея народнай славы, занатаваны на старонках гісторыка-дакументальнай хронікі “Памяць”, але і брацкія магілы, помнікі. Яны таксама яскравыя сведкі дарагой цаны Перамогі над лютым ворагам.

Пра адно з такіх месцаў, што знаходзіцца непадалёку ад вёскі Чарэмшыцы, ва ўрочышчы Гаць, прыгадала дырэктар Мядзельскага музея народнай славы Наталля Бурак. Наталля Міхайлаўна расказала, што там у брацкай магіле ўдалечыні ад шумных дарог знайшлі спачын партызаны атрада “Баявы”, якія загінулі ў дзень вызвалення ад за­хопнікаў нашых мясцін. У музеі захоўваюцца ўспаміны жонкі загінуўшага партызана, адной з удзельніц тых падзей, Анастасіі Грыгор’евай, якія запісала мядзяльчанка Валянціна Сушкевіч.

Анастасія Антонаўна расказвала наступнае: “Пасля атрыманых звестак пра вызваленне Мінска і адступленне ворага на захад перад партызанамі была пастаўлена задача — дапамагаць злучэнням Чырвонай Арміі ў поўным разгроме фашыстаў. Таму 4 ліпеня 1944 года група байцоў на чале з Пятром Багульскім, Ільёй Грыгор’евым, у складзе якой была і я, выйшла на дарогу на Мала­дзечна. Ранак выдаўся ціхі, сонечны. Прыслухаўшыся, партызаны пачулі гул матораў. Грыгор’еў зазначыў, што гэта нашы машыны. Але зброю усё роўна ўзялі напагатоў. Хутка паказаліся машыны з нашымі салдатамі. Радасці не было канца. Але сустрэча была нядоўгай: чырвонаармейцы спяшаліся. А неўзабаве хтосьці з байцоў заўважыў на ўскрайку дарогі сляды ад нямецкіх ботаў, якія вялі ў лес у напрамку хутара Мядзведзеўка. Камандзір узвода Грыгор’еў накіраваў туды двух разведчыкаў. Яны, вярнуўшыся, далажылі, што на хутары знаходзяцца два немцы, узброеныя вінтоўкамі. Вырашылі не даць ім адысці. Адправіўся на хутар Грыгор’еў з Лапцевым. А Багульскі тым часам падвёў групу бліжэй да хутара і загадаў партызанам прыняць баявую гатоўнасць. Неўзабаве цішыню парушыла аўтаматная чарга. Злева, з лесу, пачалася частая страляніна. За­працавалі і пар­тызанскія аўтаматы, вінтоўкі, кулямёт. Пачуўся крык: “Багульскага параніла!” Медсястра Валя Казачонак кінулася на дапамогу. Ледзь толькі зрабіла некалькі крокаў, як упала, падкошаная варожай куляй, што трапіла проста ў сэрца. Бачна, страляў снайпер. Былі цяжка паранены Ілья Пінтаў, Мангас Загрутдзінаў…

Я атрымала ад палітрука даручэнне дапамагаць цяжкапараненым. Перавязачных матэрыялаў было мала. Таму і павезлі іх у вёску. Пінтаў, разумеючы, што не паправіцца, прасіў адпомсціць за яго ворагам. Па дарозе ён памёр. Дабраўшыся ў населены пункт, Загрутдзінава перавязалі. Але па прычыне моцнага прастрэлу грудзіны крывацёк не спыняўся. Запечанымі, са­смяглымі вуснамі Мангас штось­­ці гаварыў па-татарску. Можа, успамінаў дом, клікаў кагосьці з родных… Памёр Загрутдзінаў ад вялікай страты крыві… А бой ля хутара тым часам працягваўся. Гітлераўцы любой цаной стараліся вырвацца на захад. Больш за 50 варожых салдат за­сталося ляжаць на нашай зямлі. Многіх не далічыліся і партызаны… Страшную вестку прынёс у вёску Давыд Касач: забіты Рыгор Юрчанка, Мікалай Васілевіч, Іван Шып, Іван Кацейка і Ілья Грыгор’еў. Не памятаю, як дайшла да хаты, куды прывезлі загінуўшых. Калі адхінула палатку, якой былі прыкрыты мёртвыя, убачыла мужа з перавязанай галавой. У вачах пацямнела, і я ледзь утрымалася на нагах. Цяжка было паверыць, што жыццё зноў прынесла бяду”.

…Грыгор’евы згулялі вяселле, калі хлопец вярнуўся пасля вучобы з Масквы ў Віцебск каман­дзірам узвода аховы станцыі. У іх сям’і нарадзіліся дачушка Жэнечка і сыночак Юрачка. Летам 1941 года сям’я ў поўным скла­дзе знаходзілася ў водпуску ў Беларусі. Але неўзабаве пачалася Вялікая Айчынная вайна… Вярнуцца ў свой полк у Каўнас Ілья не паспеў. Нашы войскі адступалі з баямі, а з імі і Грыгор’еў, які трапіў у акружэнне ў родных мясцінах. Так і застаўся змагацца з фашыстамі ў тыле ворага. Калі ў маі 1942 года з-за лініі фронту прыбыў дэсант, з акружэнцаў сфарміравалі атрады. Грыгор’ева залічылі ў атрад асобага прызначэння, які пазней назвалі “Баявы”, пад камандаваннем Валян­ціна Няклюдава. У хуткім часе байцы атрымалі загад перамя­шчацца ў заходнія раёны Беларусі. Дзяцей накіраваць за лінію фронту не атрымалася. А там пачалася блакада. Падчас яе жанчына з дзецьмі трапілі ў рукі гітлераўцаў. Апынуліся ў канцлагеры ў Літве, дзе лютаваў сыпны тыф. Калі Анастасія апрытомнела пасля гарачкі, дзяцей побач не было… Іх загубілі ворагі… Уцёкшы з лагера, жанчына доўга блукала па лясах у пошуку атрада “Баявы”. Ёй пашчасціла знайсці яго, сустрэцца з мужам, з баявымі сябрамі, каб помсціць фашыстам за дзяцей…

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.
Фота Аляксандра Высоцкага.