Што адбывалася на Мядзельшчыне ў сакавіку ў час Вялікай Айчыннай вайны. Год 1944

400

У сакавіку партызаны атрада імя Чапаева вялі бой каля вёскі Свінка. Быў забіты камендант Мядзельскай паліцыі Шурпік і 15 паліцэйскіх.
* * *
Спробы дэблакіраваць мя­дзельскі гарнізон не спыняліся.
26 сакавіка (па іншых даных — 27 сакавіка) вялікая колькасць немцаў і паліцэйскіх з Пастаў пра­ехала праз Кабыльнік і накіравалася ў бок Мядзела. Дзевяць грузавых аўтамашын з салдатамі суправаджаў танк. Аднак пра намер ворага ўжо ведала камандаванне брыгады імя Варашылава ад пастаўскіх падпольшчыкаў. Вырашылі зрабіць засаду каля вёскі Пасынкі. Атрад імя Чапаева пад кіраўніцтвам Мікалая Сідзякіна павінен быў прыняць на сябе галоўны ўдар. Атрад імя Калініна знаходзіўся ў рэзерве. Каб не дапусціць выхаду немцаў з мя­дзельскага гарнізона, атрады імя Кутузава і імя Пархоменкі блакіравалі дарогу непадалёку ад мястэчка.
Каля 10 гадзін раніцы пачаўся бой. Сілы гітлераўцаў пераўзыходзілі партызан у два з лішнім разы… Немцы накіравалі на партызан танк, аднак яго падбілі «чапаеўцы» з супрацьтанкавага ружжа. У пэўны час у партызан з’явіліся цяжкасці. Канчаліся патроны, страляць сталі радзей. Немцы скарысталіся гэтым і перайшлі ў наступленне. Ім удалося некалькі пацясніць партызан, якія адышлі на суседні ўзгорак, але працягвалі страляць па немцах, не даючы ім магчымасці заняць вёску. Справа дайшла да вулічных баёў у Пасынках, у розных месцах схопліваліся і ў рукапашную. У гэты час на дапамогу прыбылі атрады імя Пархоменкі і імя Кутузава. Па левым флангу немцаў з крыкамі «ўра!» ударыў з горкі атрад «Перамога». Партызаны перайшлі ў контратаку. Гітлераўцы не вытрымалі, сталі адступаць, кідаючы забітых і параненых.
Некаторым немцам і паліцэй­скім удалося ўцячы на машыне ў Паставы. Аднак каля 70 фашыстаў было забіта і паранена. Панеслі страты і партызаны: многія загінулі, шмат хто атрымаў раненні. Героем паказаў сябе камандзір атрада імя Чапаева Мікалай Сідзякін, які, будучы параненым, працягваў кіраваць боем. Таксама мужна змагаліся і яго таварышы, у тым ліку камісар Мікалай Верас, Пётр Рублёўскі, Мікалай Лявонаў, Уладзімір Антановіч, Канстанцін Шабан, Мікалай Шаранговіч, Цімафей Сакалоў, Іван Пастноў, Іван Рэзаў і іншыя. Гэта быў адзін з найбольш буйных баёў партызан брыгады імя Варашылава, які доўжыўся каля сямі гадзін. Пра ўдала праведзены з ворагамі бой ля возера Нарач расказвалася нават у адной са зводак Саўінфармбюро.
Зараз недалёка ад месца, дзе быў бой партызан з фашыстамі, на пагорку знаходзіцца велічны помнік.
* * *
У сакавіку каля вёскі Гулі група партызан разам з Надзеяй Асяненкай, вяртаючыся з задання, нарвалася на засаду. Давялося прыняць няроўны бой з фашыстамі. Стрымліваючы аўтаматнымі стрэламі ворага, Надзя дала магчымасць таварышам адысці, сама ж змагалася да апошняга патрона. Яе, цяжкапараненую, фашысты схапілі і доўга здзекаваліся. Так загінула бясстрашная разведчыца-камсамолка.

З успамінаў партызан і матэрыялаў з фондаў Мядзельскага музея народнай славы.

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых інтэрнэт-крыніц.