Што адбывалася на Мядзельшчыне ў сакавіку ў час вайны. Год 1943

476

«10 сакавіка 1943 года. У 6 га­дзін раніцы, сабраўшы каля 4000 чалавек, немцы распачалі генеральнае наступленне пяццю калонамі з розных напрамкаў на партызанскія лагеры. Брыгада імя Варашылава прыняла бой. Папярэдне немцы бамбілі і абстралялі з самалётаў партызанскія лагеры, а падчас наступлення абстрэльвалі партызан з артылерыі і мінамётаў. Маючы тэхнічную і колькасную перавагу, немцы блізка падышлі да лагераў. Абаронай кіраваў Маркаў (камбрыг). І немцы, і партызаны неслі вялікія страты, каля штаба брыгады было сабрана каля 300 параненых партызан, не хапала боепрыпасаў.

Становішча ўскладнялася яшчэ і тым, што партызанскія брыгады Шляхтунова і Мядзведзева не прынялі бою і адышлі на ўсход. Партызаны брыгады імя Варашылава аказвалі жорсткае супраціўленне, паказваючы цуды гераізму. Адважна змагаліся з ворагам байцы атрадаў імя Чапаева і «Знішчальнік». Ім на працягу дня неаднаразова даводзілася змяняць іншыя атрады на перадавой ліній і стрымліваць націск узброенага да зубоў ворага. Асабліва вызначыўся ў баі атрад імя Суворава. Ён стрымліваў націск на самым адказным участку.

Адна група гэтага атрада пад камандаваннем Рыгора Крукава была накіравана ў тыл праціўніка. Ёй ўдалося забіць некалькі немцаў, расстроіць нямецкія шэрагі, у выніку чаго немцы пачалі страляць адзін па адным.

Нямецкае камандаванне накіравала атрад эсэсаўцаў па галоўнай дарозе ад Чарэмшыц да каманднага пункта брыгады. У немцаў атрымалася наблізіцца да каманднага пункта на адлегласць 300 метраў. Становішча было крытычнае, бо ўсе атрады вялі бой, а ля каманднага пункта знаходзілася толькі 15 партызан з атрада імя Суворава.

…Група храбрацоў на чале з Анатоліем Сударыкавым хутка прасунулася насустрач немцам і залегла на вале. У групе былі Асяненка В., Мышалаў, Лапянкоў, Кісялёў, Каця. Сударыкаў скамандаваў: «Без каманды агню не пачынаць». Эсэсаўцы, разлічваючы на лёгкі і хуткі захоп каманднага пункта, упэўнена, ва ўвесь рост ішлі наперад. Калі яны падышлі на адлегласць 15 метраў да лініі абароны, то пачулася каманда «Агонь», і градам куль былі сустрэты фашысты. Не паспелі апамятацца, як пачулася каманда: «Браткі, за Радзіму, за партыю — наперад!» І з крыкамі «ўра» партызаны кінуліся на немцаў і пачалі іх ва ўпор расстрэльваць. Немцы збеглі, частка іх была забіта. У гэтай сутычцы загінуў камсамолец Кісялёў, астатнія партызаны пасля разгрому немцаў на галоўным кірунку вярнуліся на базу. Гэта быў пераломны момант. Пасля гэтага сталі заціхаць баі на іншых накірунках».

З успамінаў партызан і матэрыялаў з фондаў Мядзельскага музея народнай славы.

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых інтэрнэт-крыніц.