Што адбывалася на Мядзельшчыне ў чэрвені 1944 года

529

«24 чэрвеня палком было атрымана указанне ад нач. опер­групы БШПР пры 3-м Беларускім фронце тав. Архангельскага: «У мэтах выканання загаду Панамарэнкі стаўлю Вам задачу: усімі сіламі Вашага палка весці масавае разбурэнне рэек на чыгунцы Полацк–Маладзечна… Першы падрыў рэек зрабіць ноччу на 26 чэрвеня 1944 г. Пра ход аперацыі данесці неадкладна.
Архангельскі».

Полк, які выйшаў з блакады ў час карнай экспедыцыі немцаў ва Ушацкім і Бегомльскім раёнах, да моманту атрымання гэтага ўказання дыслацыраваўся ў раёне возера Нарач Вілей­скай вобласці…

Пачалася дзейсная падрыхтоўка да аперацыі… 25 чэрвеня 1944 г. раніцай усе батальёны выступілі да месцаў сканцэнтравання. Да ночы батальёны прыбылі на зыходныя пазіцыі:

1-шы, 2-гі і 4-ты батальёны — у лес ля вёскі Дубаносы, 3-ці — у вёску Заазер’е. Выдзеленыя групы прыкрыцця і штурмавыя групы атрымалі задачу забяспечыць нармальныя дзеянні падрыўнікоў. У 23.00 25 чэрвеня батальёны, прыняўшы баявы парадак, накіраваліся да чыгункі. Патрулі, што ахоўвалі дарогу, і немцы, якія знаходзіліся ў дотах і засадах, заўважылі партызан і пачалі страляць. Успыхнулі нямецкія ракеты. У бой уступілі нашы штурмавыя групы. У выніку рашучых дзеянняў кулямётчыкаў і аўтаматчыкаў патрулі і немцы, якія сядзелі ў засадах, кінуліся на ўцёкі — яны зніклі па той бок чыгункі. Пасля таго, як батальёны захапілі ўчастак дзвюхкалейнай чыгункі даўжынёй каля 3,5 км, па сігнале чырвонай ракеты мінёры пачалі закладваць выбуховыя рэчывы і запальваць трубкі. У 0.10 26 чэрвеня прагучалі выбухі. Цягам 20 хвілін аперацыя была закончана.

У адказе Архангельскаму паведамлялася: «Ноччу на 26 чэрвеня 1944 г. на чыгунцы Полацк–Маладзечна, паміж стн. Будслаў–Крывічы, батальёнамі палка з боем узарвана 1170 рэек, забіта і паранена 10 нямецкіх салдат і афіцэраў. Нашы страты: двое паранена.

Садчыкаў, Юр’еў».

(З гісторыі Смаленскага партызанскага палка І. Ф. Садчыкава Віцебскай вобласці пра падрыў рэек на чыгунцы Полацк–Маладзечна ноччу 25-26 чэрвеня 1944 г.)

Паводле гісторыка-дакументальнай хронікі Мядзельскага раёна «Памяць».

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых інтэрнэт-крыніц