На твары – усмешка, у вачах — радасць. Віншаванні з нагоды 95-годдзя прымала ўдзельніца партызанскага руху Варвара Клімовіч

471

Напрыканцы мінулага года прымала віншаванні з нагоды 95-годдзя з дня нараджэння ўдзельніца партызанскага руху з аграгарадка Княгінін Варвара Клімовіч.

У дом Варвары Фёдараўны заві­талі госці. Прыехалі спецыяльна з Мядзела з букетам кветак, падарункам старшыня раённага савета ветэранаў Юрый Мяркулаў і інспектар аддзялення надомнага сацыяльнага абслугоўвання Мя­дзельскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Валянціна Берняковіч. Прыйшлі і прадстаўнікі мясцовай улады — старшыня сельвыканкама Вольга Галко і кіраўнік спраў Наталля Малевіч. Сабраліся таксама родныя. Усе шчыра віншавалі імянінніцу. Зычылі ёй моцнага здароўя, дабрабыту, доўгіх год жыцця, радасці, аптымізму.

Юбілярка, расчуленая ўвагай у свой адрас, шчыра дзякавала гасцям за цёплыя словы, пажаданні, падарункі. Ёй міжволі ўзгадаліся маладыя гады, на якія выпаў час ваеннага ліхалецця. У тым ліку нялёгкае жыццё пры акупацыі, выкананне абавязкаў сувязной партызанскага атрада імя Будзённага. Што датычыць заданняў, то яны былі розныя. Насіла ў кошыку з Княгініна ў Альсевічы лекі для партызан, а таксама сабраныя звесткі пра рух цягнікоў. На зваротны шлях часта атрымлівала атручанае масла, якое пры­значалася для продажу нямецкім салдатам, што ехалі ў вагонах на фронт… І даведку мела, якая пацвярджала, што была партызанскай сувязной. Але паперку парваў, гуляючы, маленькі сын. Ніхто ж тады асабліва не надаваў гэтаму значэння. І  жанчына ні адразу, ні пасля нічога не дабівалася, бо выдатна ведала, што практычна кожнага з суседзяў закранула вайна…

Толькі праз дзесяцігоддзі мірнага жыцця атрымала Варвара Фёдараўна статус удзельніцы партызанскага руху. Доўгімі былі пошукі доказаў, што была сувязной. Пра гэта падрабязна пісала пазалетась на сваіх старонках раённая газета. Цяпер удзел жанчыны ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі не знікне бясследна, а захаваецца ў памяці ўдзячных нашчадкаў.

Аднавяскоўцы ведаюць Варвару Клімовіч як сціплага, добразычлівага і культурнага чалавека. Яна ніколі не сядзела без справы. Яшчэ і цяпер у ідэальным парадку ўтрымлівае двор. У яе пастаянна дагледжаны агарод. Адукацыі не мела, таму працавала на простых пасадах, у тым ліку прыбіральшчыцай у магазіне. Але чым бы ні займалася, заўсёды ад душы старалася. Вось і ў краме, дзе адказвала за навядзенне парадку, пастаянна было чыста, акуратна.

— Варвара Фёдараўна — вельмі шчырая, прыветлівая жанчына, — кажа кіраўнік спраў Княгінінскага сельскага выканаўчага камітэта Наталля Малевіч. — Ніколі не чула пра яе дрэннага слова, хоць жыву і працую ў Княгініне даволі доўга. Добрая маці, бабуля, прабабуля. Ладзіць з суседзямі. Яе паважаюць аднавяскоўцы. Ды і мне асабіста заўсёды прыемна сустракацца з Варварай Фёдараўнай, гутарыць з ёй.

Разам з мужам Варвара Клімовіч выгадавала сына. Мае двух унукаў і трох праўнукаў. Мікалай жыве са сваёй сям’ёй непадалёку ад матулі. Ён клапатлівы сын. Ды і жонка Ларыса да пары яму — руплівая і да лю­дзей шчырая. А самае галоўнае — да маці мужа ўважлівая, ва ўсім ёй дапамагае. З першых дзён жаніцьбы сына ладзяць нявестка
са свекрывёй. Адзін унук жыве з сям’ёй у Старых Дарогах, а другі — з жонкай і сынам — тут жа ў Княгініне. Яны таксама не забываюць пра бабулю, часта наведваюцца, дапамагаюць. Паважлівым адносінам да яе і сваіх дзяцей навучаюць.

Радасцю свяціліся вочы юбіляркі. Ды і як жа інакш?! Побач — самыя дарагія і блізкія людзі, якія любяць, клапоцяцца. А гэта для чалавека залатога ўзросту вельмі важна.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.