Меню

Награжден «Знаком Почета»

Награжден «Знаком Почета»

Працу трактарыста калгаса «17 Верасня» Мікалая БЕРНЯКА адзначылі ордэнам у 1986-м. Мужчына быў звеннявым на вырошчванні лёну, а гэта культура тады ўрадзіла добра нават па абласных мерках.

  • Я сеяў лён, рабіў хімпраполку, церабіў яго, малаціў, – расказвае Мікалай Уладзіміравіч. – Жанчыны-паляводы вязалі снапы, ставілі бабкі. Ільномялка свая была ў калгасе. Гэту культуру сеялі ва ўсіх шасці брыгадах.

* * *

Мікалай Бярняк нарадзіўся на хутары паміж Гулямі і Слабадой у пераможным 1945-м. Яго біяграфія падобная да біяграфій многіх сельскіх хлопцаў таго пакалення. Прафесію трактарыста атрымаў у Камарове, вадзіцельскае пасведчанне – у Маладзечне. Крыху папрацаваў шафёрам у сваім калгасе – і прызвалі ў армію.

Служыць выпала ва Узбекскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы. У 1966 годзе ўдзельнічаў у ліквідацыі наступстваў землятрасення, за што ўзнагароджаны медалём. Страшныя ўспаміны пра разбурэнні і ахвяр не пакідаюць мужчыну і цяпер, больш як праз паўстагоддзя.

У адзін з водпускаў Мікалай Бярняк ажаніўся з гулеўскай дзяўчынай і паехаў даслужваць апошнія паўгода. Пасля арміі крыху папрацаваў вадзіцелем грузавіка ў Слабадской сярэдняй школе.

  • Але паглядзеў, – прыгадвае, – аклад – 80 рублёў, больш не заробіш. А ўжо ж сям’я была, грошы патрэбны. Перайшоў у калгас трактарыстам. Там і адпрацаваў да пенсіі і нават яшчэ крыху. Ніякай работы не цураўся: араў, са стогакідалкай працаваў, з бульбакапалкай, арганіку грузіў. І камбайнерам пабыў, і слесарам на ферме.

На вачах Мікалая Уладзіміравіча калгас багацеў, больш заможным рабілася і жыццё калгаснікаў. А адразу даводзілася вельмі цяжка. Тагачаснаму рабочаму графіку трактарыстаў не пазайзросціш: суткі на працы – суткі дома. А яшчэ ж трэба было нарыхтаваць па няўдобіцах і здаць у калгас тры тоны сена. Два ці тры разы за сезон выпалаць дзялку буракоў, а ўвосень сабраць і здаць ураджай. А яшчэ ж і дома гаспадарка! Але маладыя былі, дужыя – спраўляліся.

Прыгадвае Мікалай Уладзіміравіч раённыя сходы перадавікоў у «Чайцы». І нават з большай цеплынёй – калгасныя “Дажынкі” ды «агеньчыкі», якія даўно адышлі ў гісторыю.

  • Іх цяпер не праводзяць, – канстатуе. – А каб і праводзілі, асабліва няма каму туды хадзіць: моладзь паз’язджала ў гарады. Перш, бывала, збяромся на партыйны сход – усім месцаў у зале пасяджэнняў не хапае. Цяпер жа нават у Слабадзе людзей мала. А нашы Гулі амаль што ў хутар ператварыліся, сёння толькі адна машына і праехала – дарогу расчысціла і пяском пасыпала. Ды яшчэ аўталаўка чатыры разы на тыдзень бывае. А некалі ж тут усё шумела-гудзела!

Перыядам росквіту калгаса мужчына называе час, калі старшынёй быў Георгій Гердзей.

  • Ашчадны ён быў, скупаваты нават, – прыгадвае Мікалай Уладзіміравіч. – За ўсім глядзеў, па ўсім перажываў. Пры Георгіі Антонавічы нават у пачатку 1990-х наш калгас трымаўся. А тады як сталі кіраўнікі мяняцца, дык і пайшло ўсё ў заняпад. Здаралася, па паўгода заробак не плацілі. А людзям як жыць было?

Жонка Мікалая Уладзіміравіча памерла 12 гадоў таму. Але ён не адзінокі, мае трох сыноў. Двое працуюць у «Слабадской зары»: старэйшы, Аляксандр, даглядае цялят на ферме ў Старыне, а малодшы, Уладзімір, водзіць “амкадор”. Сярэдні, Сяргей, – слесар на прадпрыемстве меліярацыйных сістэм у Мядзеле. Тры ўнукі ўжо дарослыя, працуюць. А дзве ўнучкі ходзяць у Слабадскую сярэднюю школу, добра вучацца.

Наталля ЛІСІЦКАЯ

Фота аўтара

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59