Меню

Валянціна Тарасава жыццё прысвяціла школе і дзецям

Падчас патрыятычнага чэленджу «Нам ёсць кім ганарыцца, нам ёсць што берагчы» з’явілася жаданне расказаць пра сваю вёску і людзей.

Мая Занарач – гэта край, дзе сэрца б’ецца ў гармоніі з прыродай, дзе знаёмае кожнае дрэўца і кожны чалавек. Калі думаю пра сваю малую радзіму, у мяне заўсёды з’яўляюцца пачуцці глыбокай любові і гонару. Мая вёска (сёння аграгарадок) – гэта не проста геаграфічная кропка на карце краіны – гэта жывая частка маёй душы, маіх разваг і надзей. Мне ёсць чым ганарыцца і ёсць што берагчы. Гэта мая сям’я, мая мама, гэта першыя крокі на шляху да адзінства асабістага. У коле сям’і мы вучымся падтрымліваць, натхняць адзін аднаго.

Аграгарадок Занарач – гэта вельмі прыгожае месца, дзе жывуць шчырыя і добразычлівыя людзі. Разам мы вучымся, працуем, радуемся, разам пераадольваем жыццёвыя нягоды. Менавіта тут, на роднай зямлі, сфарміравалася і я. Памяць аб цікавых казках і гісторыях маёй бабулі Настулі, якая прайшла вайну, страціла мужа, выгадавала сямёра дзяцей, вельмі добра адносілася да людзей і гэтаму вучыла мяне; памяць аб бацьку, яго трапным гумары, аб залатых руках, якія ўмелі зрабіць мэблю, штосьці адрамантаваць, пашыць маім лялькам сукенкі – усё гэта становіцца часткай маёй спадчыны.

Заўжды грэе душу памяць аб першай настаўніцы, статнай і строгай, якая навучыла мяне чытаць, пісаць, любіць сваю зямлю, яе гісторыю, яе людзей. Валянціна Ігнацьеўна Тарасава – першая настаўніца многіх маіх аднавяскоўцаў і не толькі. Гэта чалавек, які ўсё жыццё прысвяціў школе і дзецям. У працоўнай кніжцы ў Валянціны Ігнацьеўны адзін запіс – прынята на работу ў Занарацкую школу ў якасці настаўніка пачатковых класаў. Педагагічны стаж складае 45 гадоў. Яе праца адзначана ганаровай граматай «За дасягнутыя поспехі ў навучанні і выхаванні вучняў». Сама ж настаўніца вышэйшай узнагародай лічыць веды і поспехі сваіх вучняў, іх павагу. Вучні Валянціны Ігнацьеўны адрозніваліся не толькі выдатнымі ведамі па матэматыцы, адукаванасцю, любоўю да чытання, але і дарослай самастойнасцю.

«Жаданне жыць засталося з вайны, ад страху смерці, ад страты блізкіх», – успамінае Валянціна Ігнацьеўна.

Выйшаўшы на заслужаны адпачынак, яна не страціла і сёння жыццёвай энергіі, аптымізму. Захапляецца маляваннем, алмазнай мазаікай – карціны ўпрыгожваюць яе ўтульны дом. Свае работы дорыць блізкім, сябрам. Яна заўсёды сярод людзей. Жыццё навучыла жанчыну шмат працаваць, ніколі не адчайвацца, заўсёды думаць пра дзяцей. Нягледзячы на ўсе жыццёвыя цяжкасці, Валянціна Ігнацьеўна лічыць сябе шчаслівым чалавекам: «Рада, што ёсць сям’я, што работа таксама была любімая».

Настаўнікамі нашай школы, якія мяне вучылі і з якімі працую сёння, можна ганарыцца. І пісаць пра іх можна бясконца! Кожнаму з іх асабіста ўдзячна. Адчуваю глыбокую сувязь з занарачанскай зямлёй, з аднавяскоўцамі. Лічу, што менавіта адзінства робіць нас сапраўднымі беларусамі. Я люблю сваю Радзіму і ганаруся тым, што я частка гэтага адзінства.

Валянціна Роліч

Фота Занарацкай СШ

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59