О пути к успеху на предметной олимпиаде рассказывают учащаяся и педагог Мядельской СШ №2

Дыплом ІІ ступені атрымала на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове і літаратуры дзесяцікласніца Мядзельскай СШ №2 Вольга ТРУХАНОВІЧ.
— Мне падабаюцца гэтыя прадметы, – расказвае дзяўчына. – Мая настаўніца Вікторыя Браніславаўна Кавальская прапанавала ўдзельнічаць у алімпіядзе, і я згадзілася. Летась таксама была на вобласці, але ў лік пераможцаў не ўвайшла. А сёлетні дыплом ІІ ступені даў магчымасць удзельнічаць у заключным этапе алімпіяды. Праўда, з рэспублікі вярнулася без узнагароды.
— Як рыхтаваліся?
— У школе з Вікторыяй Браніславаўнай. Яна давала заданні, я выконвала.
— Налета будзеш удзельнічаць? Або сканцэнтруешся на падрыхтоўцы да ЦЭ і ЦТ?
— Буду ўдзельнічаць. Падрыхтоўка да алімпіяды не перашкаджае вучобе і забірае не так ужо і шмат часу.
ДАРЭЧЫ. Рускую мову і літаратуру выкладала ў Старагабскай СШ Оліна бабуля – Анастасія Сцяпанаўна ЯРАШЭВІЧ. Цяпер яна на заслужаным адпачынку. Гэта аўтарытэтны педагог – шмат год працавала ў раённай камісіі па праверцы экзаменацыйных работ медалістаў.
— Вольга вельмі адказная, – хваліць сваю вучаніцу Вікторыя Кавальская. – Калі пачала нешта рабіць, абавязкова давядзе да канца. Пастаянна пашырае кругагляд. Калі не ведае адказу на нейкае пытанне, то абавязкова яго знойдзе. Працавітая – магчыма, гэту якасць нават варта паставіць на першае месца. Калі так будзе і надалей, у Вольгі ўсё атрымаецца. У яе не бывае «не зраблю» ці «не магу» – толькі «думаю, як зрабіць». Вельмі сціплая, нешматслоўная. Калі нешта кажа, дык толькі па сутнасці. Што адразу было нават складана зразумець. Бо, калі вучань маўчыць, часцей за ўсё гэта значыць, што ён не мае чаго сказаць. Тут жа сітуацыя іншая: магчыма, проста пакуль не хоча выказвацца.
— Вікторыя Браніславаўна, Вольга першая з вашых вучняў удзельнічала ў заключным этапе алімпіяды?
— Так. Да рэспублікі ніхто перш не даходзіў. А ў абласным этапе ўдзельнічалі – яшчэ ў пачатку 1990-х. Але гэта быў іншы час, іншыя дзеці. Меў месца проста выбух дапытлівасці, чаго цяпер не назіраецца. Да таго ж, сёння школьнікі не вельмі хочуць удзельнічаць у алімпіядзе па рускай і беларускай мовах. На гэты шлях ступае толькі той, хто сапраўды адчувае патрэбу, а не проста мае здольнасці да ўсіх прадметаў. Оля – выдатніца, а па складзе розуму хутчэй гуманітарый. Можна сказаць, мне пашанцавала, што яна выбрала рускую мову. Бо выбрала б беларускую ці англійскую – мела б поспех па гэтых прадметах.
Наталля ЛІСІЦКАЯ
Фота аўтара