Путешествуем по Голубым озёрам: загадочное Мертвое
Указальнікі на экалагічнай сцежцы прыроднага комплексу «Блакітныя азёры» абавязкова прывядуць турыста да маляўнічага возера Мёртвае. Падыходзіць да яго трэба асцярожна — берагі забалочаныя, няўстойлівыя, напоўненыя вадой да краёў.
Лясное возера ўнікальнае: некаторыя вучоныя мяркуюць, што пад ім знаходзіцца 300‑метравая поласць, у якой канцэнтруецца серавадарод. Вада даволі цёмная, і возера выглядае загадкава і змрочна. Але, нягледзячы на назву, жыццё ў ім усё ж ёсць. Праўда, толькі ў верхніх пластах вады, дзе жыве дробная рыба, а каля берагоў можна ўбачыць шмат гарлачыкаў.

Побач з возерам сустракаецца рэдкая для Беларусі расліна — расянка, якая жывіцца насякомымі, што трапляюць у яе пастку.
Вядома, з такой назвай возера не можа абысціся без легендаў. Такую запісаў краязнаўца з Камарова Іван Драўніцкі.
Магіла вікінгаў
«Вандроўныя марскія воіны са Скандынавіі па рацэ Страчы трапілі ў край Блакітных азёр. Наша Паазер’е ім вельмі спадабалася. Тут яны сталі займацца рыбалоўствам, несці ваенную службу ў мясцовых князёў. Вызначаліся вікінгі асаблівым умельствам весці бой на вадзе, сябе лічылі “марскімі драконамі”. Паводле іх звычаяў астанкі памерлых ці загінуўшых патрэбна аддаць не зямлі, а вадзе. Вось і выбралі яны для магільніка невялікае бяссточнае возера на левым беразе Страчы каля старадаўняй дарогі Полацк—Вільня, якую зараз называюць “панскай”. Так яна стала называцца тады, калі страціла сваё значэнне гасцінца і стала выкарыстоўвацца панамі толькі для прагулак на брычцы.
Вікінгі забітых у час баявых сутычак воінаў хавалі з ушанаваннем, на дно возера апускалі ў даспехах, астанкі памерлых ад старасці ці хваробы спальвалі, каб хвароба не распаўсюджвалася, а попел таксама апускалі на дно возера. Гэты вадаём назвалі возерам мёртвых або Мёртвае возера.
Аднойчы ішоў з Полацка ў Вільню манах-пілігрым, які чуў пра незвычайнае возера-магільнік вікінгаў і вырашыў пацікавіцца ім. Справа была пад вечар. Багамолец заначаваў на беразе азярца. Выбраў месца пад сасной, памаліўся. Толькі пачаў укладвацца спаць, як над вадзяной гладдзю зазвінелі званочкі і з сярэдзіны возера стаў падплываць да берага кораб, напоўнены каштоўнасцямі. Манах абхапіў яго, паставіў пад сасну і стаў разглядаць, што ў ім знаходзіцца. Вакол нікога. На хвіліну ім авалодала сквапнасць:забяру, скарбаў хопіць на ўсё бязбеднае жыццё. І ўжо памкнуўся ладаваць скарбы ў пляцак.

І тут яго ахапілі сумненні: “Гэта ж не маё. Нячыстая сіла мяне спакушае…”. Дрыжачай рукой ён перахрысціў кораб і апусціў у ваду. У гэты момант узняўся віхор, раскідаў намёт, закруцiў верхавіну сасны, і зноў усталявалася цішыня. Потым з вышыні пачуўся мілагучны жаночы голас:
– Ты шляхетны манах, стрымаў абяцанне не быць сквапным. Табе я даю ганаровае даручэнне:вазьмі з кораба сердалiкавую залатую брошку i занясi ў Вiльню да абраза Маці Божай Вастрабрамскай. Гэта падарунак ад Полацкай зямлі, ад Ефрасiннi. Манах выканаў даручэнне – занёс яе ў Вільню. Гэту брошку і зараз можна ўбачыць прышпіленай да абраза Маці Божай Вастрабрамскай».






Фота Аляксандра Высоцкага
Рекомендуем