Меню

Как победить на предметной олимпиаде? Узнали из первых уст

Как победить на предметной олимпиаде? Узнали из первых уст

Адказ ведае адзінаццацікласнік з гімназіі Сяргей КНЯЗЕЎ. Ён адзіны ў раёне сёлета атрымаў узнагароду па выніках заключнага этапу – дыплом ІІІ ступені па інфарматыцы.

— На рэспубліцы я быў і летась, але дыплома не атрымаў, – расказвае хлопец. – Адразу ж пачаў рыхтавацца да алімпіяды гэтага года. Стараўся працаваць кожны дзень. Вядома, гэта не заўсёды атрымлівалася. Але звычайна на падрыхтоўку затрачваў ад адной гадзіны да шасці ў дзень.

Шмат! Вынікам задаволены?

— Так, дыплом на рэспубліцы атрымаў. Крыху перажываў, што выступіў горш, чым мог. Магчыма, перашкодзіў чалавечы фактар: новая абстаноўка, незнаёмы горад (рэспубліканскі этап праходзіў у Магілёве).

Якія перавагі даў дыплом заключнага этапу алімпіяды?

— Паступленне без экзаменаў па напрамку «інфарматыка» ў любую ВНУ краіны. І 10 балаў у атэстат па прадмеце. Можна не здаваць ЦЭ. Удзячны за дапамогу ў падрыхтоўцы свайму настаўніку інфарматыкі Вячаславу Станіслававічу Саўчыку. А за разуменне і падтрымку – усім педагогам гімназіі. І, вядома, бацькам.

З вышыні ўласнага поспеху што параіш рабятам, якія сумняваюцца, ці ўдзельнічаць у алімпіядным руху?

— Перш за ўсё мець на ўвазе, што дыплом з заключнага этапу адчыняе дзверы ў любую ВНУ. Гэта самае галоўнае. Астатняе дакладна не варта такіх затрат сіл і часу. Прычым ёсць і менш працаёмкія спосабы паступіць у прэстыжную ВНУ. Не ведаю, ці складана на вельмі высокі бал здаць ЦТ. А вось рэкамендацыю Дзіцячага тэхнапарка, мяркую, атрымаць прасцей, чым дыплом на рэспубліцы.

А што параіш тым, хто ўсё ж вырашыў удзельнічаць?

— Скласці план падрыхтоўкі і дакладна прытрымлівацца яго. Калі рыхтуешся самастойна – усё ж з некім раіцца. Бо не заўсёды зразумела, што іменна прывядзе да дыплома. Бывае, людзі затрачваюць на падрыхтоўку шмат часу, але не дабіваюцца жаданага выніку. Бо намаганняў прыкладзена многа, але не на тое, на што трэба.

Сяргей Князеў з настаўнікам інфарматыкі Вячаславам Станіслававічам Саўчыкам

— Інфарматыка, напэўна, адзіны прадмет, алімпіяда па якім практычна не звязана са школьным курсам, – далучаецца да размовы Вячаслаў Саўчык. – А ўзровень складанасці, нават на раённым этапе, вельмі высокі. Таму трэба шмат працаваць самастойна. Справядлівасці дзеля, Сяргею было крыху прасцей. У нашай гімназіі ён трэці год, а да гэтага вучыўся ў маскоўскай школе, дзе праграмаванне з пятага класа. Аднак і яму давялося вельмі многа папрацаваць. Хлопец адказны, старанны, мэтанакіраваны. Паставіў мэту ўзяць дыплом і дасягнуў яе.

Терпение и труд к диплому приведут?

— Не толькі яны, – кажа Сяргей. – Адпачываць таксама трэба.

Вячаслаў Станіслававіч, поспехі вашых вучняў у робататэхніцы агульнавядомыя. А ці многія дасягалі вышынь на алімпіядзе па інфарматыцы?

— За 20 гадоў маёй працы ў гімназіі Сяргей другі, хто атрымаў дыплом на рэспубліцы. Да яго – толькі Андрэй Маліноўскі. А калі я выкладаў у Мядзельскай школе №2, быў дыплом у Лёшы Валасевіча. Тады алімпіяда праводзілася па-іншаму: бескамп’ютарны варыянт, праграмы пісалі на паперы, а журы правярала. У выніку падавалі многа апеляцый тыпу «а на нашых камп’ютарах гэта працуе». Бо мовы праграмавання выкарыстоўваліся розныя.

Наталля ЛІСІЦКАЯ

Фота аўтара

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59