Видела, как по мертвой матери ползает ребенок. Вспоминает бывшая узница лагеря смерти Азаричи

У гэтым лагеры фашысты ўпершыню ў свеце масава прымянілі бактэрыялагічную зброю. Каб затрымаць наступленне Чырвонай арміі, у ролі «тыфозных мін» яны выкарысталі больш за 50 тысяч заражаных вязняў. Большасць з якіх – дзеці.
«КАБЫ ДОМ ПОДАЛЬШЕ ОТ ДОРОГИ…»
Малая радзіма жыхаркі Свіры Ніны Пуцікавай – цяперашні Калінкавіцкі раён Гомельскай вобласці. Гістарычна – месца перасячэння геапалітычных інтарэсаў. Як і ўся Беларусь.
Праз лёс сям’і гэтай жанчыны прайшлі амаль усе знакавыя падзеі ХХ стагоддзя. Матулін бацька ваяваў у Рускай імператарскай арміі ў Першую сусветную, некалькі гадоў быў у палоне. Тата, Сцяпан Вішнеўскі, – дзявятае дзіця ў сям’і. Перад Вялікай Айчыннай быў міліцыянерам. Мама, Валянціна Вішнеўская, працавала ў калгасе. Іх хата стаяла ля дарогі рэспубліканскага значэння Мазыр – Калінкавічы.
Калі ў ваколіцах з’явіліся немцы, Сцяпан мусіў хавацца ў баразне. Бо, калі б ворагі даведаліся, што ён міліцыянер, расстралялі б не толькі самога, але і сям’ю. Дабраўся да партызан, з партызанскай зоны ў 1944-м быў мабілізаваны на фронт, дайшоў да Берліна.
Дома ж заставаліся жонка з малой дачкой. У іх накрытай чарапіцай хаце пасяліліся немцы. Сям’і міліцыянера заставацца там было рызыкоўна.
– Мама пайшла на хітрасць, – расказвае Ніна Сцяпанаўна. – Калі немцы загадалі падаць чаю, заварыла макавыя галоўкі. Тады ў нас не ведалі, што з маку робяць наркотыкі. Але ведалі, што ад яго хіліць у сон. Як немцы паснулі, мама сабрала самае неабходнае і са мной падалася ў лес.
Туляліся па лясах і балотах, начавалі ў сваякоў і чужых людзей.
ТРЫ ДНІ Ў ЛАГЕРЫ СМЕРЦІ
Гэты лагер каля пасёлка Азарычы фашысты стварылі ў сакавіку 1944-га. Туды трапіла і шасцігадовая Ніна.
– Абнесеная калючым дротам нізіна сярод лесу, – апісвае лагерныя рэаліі жанчына. – Па перыметры – вышкі з кулямётамі. Навокал – адно балота, ніякіх будынкаў. Зверху – толькі неба.
Па ўмовах утрымання людзей аналага Азарычам проста няма. За 10 дзён існавання канцлагер забраў больш за 20 тысяч жыццяў.
Вязняў трымалі пад адкрытым небам без вады і ежы, забаранялі хаваць нябожчыкаў, паліць вогнішчы і будаваць шалашы. Па «парушальніках» без папярэджання стралялі салдаты, што кругласутачна дзяжурылі на вышках.
– З мамай я ляжала на нейкіх анучах, прыкрытая яловымі лапкамі, – расказвае Ніна Сцяпанаўна. – Моцна хацела піць. Чыстай вады не было, пілі талую, змяшаную з балотнай жыжай і нечыстотамі. Ад нечалавечых умоў людзі хварэлі і паміралі. Трупы ніхто не прымаў, толькі складалі ў штабелі. Бачыла, як па мёртвай матулі поўзае малое. І як маці носіць на руках ужо нежывое немаўля. Лагер праіснаваў дзесяць дзён, мы пабылі ў ім толькі тры апошнія дні. Таму, напэўна, і выжылі. З тых, хто трапіў у яго з самага пачатку, лічы, усе і памерлі. Калі нас вызваліла Чырвоная армія, я таксама была адной нагой на тым свеце.
Былых вязняў адразу накіравалі ў «перажарку»: здымалі адзенне і апрацоўвалі яго высокай тэмпературай, каб знішчыць вошай – пераносчыкаў тыфу. Іх было столькі, што аж сыпаліся.
За тры дні ў лагеры смерці дзяўчынка захварэла адразу на адзёр, пнеўманію, шкарлатыну і коклюш. Ваенны медык даў з сабой лекі. Але надзея на папраўку была слабая, і маці пашыла дачушцы сукеначку на смерць.
Для аднаўлення калгаснай сельгасвытворчасці на вызваленых тэрыторыях чыгункай даставілі насенную бульбу. Маці за 25 кіламетраў прынесла са станцыі два пуды. Зварыла некалькі бульбін у лушпінах. Адчуўшы пах, дзяўчынка расплюшчыла вочы і папрасіла есці. З таго часу памалу пайшла на папраўку.
БАЦЬКА НАБЛІЖАЎ ПЕРАМОГУ
– Але што пра мяне гаварыць? – кажа Ніна Сцяпанаўна. – Я была вязнем, ахвярай. А вось тата ваяваў, быў паранены, меў баявыя ўзнагароды.

19 красавіка 1945-га падчас бою за населены пункт Шэнфельдэ ў прыгарадзе Берліна Сцяпан Вішнеўскі першы ўварваўся ў распалажэнне праціўніка і ўступіў у бой з групай ворагаў. З аўтамата забіў шэсць немцаў, даўшы свайму ўзводу магчымасць рухацца далей. Але быў кантужаны, доўга лячыўся ў шпіталях.

Пасля вайны служыў у пажарнай ахове, тады быў матарыстам, страхавым агентам. Перад пенсіяй – рабочым у сельскай гаспадарцы. Мужчыну, які за дзень касіў па 70–80 сотак, клікалі туды і перш. Не ішоў, бо хацеў даць адукацыю дзецям (пасля вайны ў Ніны Сцяпанаўны нарадзіўся брат), а за працадні зрабіць гэта было складана. Калі хто не ведае, з 1940-га па 1956 год навучанне ў старэйшых класах школы і ў ВНУ было платным.

Ніна Сцяпанаўна спраўдзіла бацькоўскае жаданне – скончыла інстытут у Мазыры, стала настаўнікам-філолагам. А тата яе загінуў у дарожна-транспартным здарэнні, крыўдна і недарэчна.
«ЗДРАВСТВУЙ, ЗЕМЛЯ ЦЕЛИННАЯ!»
Як і большасць людзей пасля вайны, Вішнеўскія жылі небагата. Першыя гады аснову рацыёну складалі бульбяныя праснакі і шчаўе. І ўжо нават студэнткай Ніна Сцяпанаўна насіла перашытае з іншай вопраткі паліто. Яго каўнер быў зроблены з сабачага футра. А як хацелася жыць заможней, прыбірацца! З надзеяй добра зарабіць дзяўчына паехала на цаліну па камсамольскай пуцёўцы. Працавала на будоўлі ў Паўночна-Казахстанскай вобласці.
– Тыдзень ехалі туды ў таварных вагонах, – расказвае Ніна Сцяпанаўна. – З-пад колаў цягніка ляцеў пыл. Таму на станцыях, на якіх спыняліся, адразу шукалі, дзе памыцца.
Але з будучых педагогаў ды медыкаў будаўнікі атрымаліся так сабе. Мала зрабілі – мала зарабілі. Налета цягнік з беларускімі студэнтамі накіраваўся ў Акмалінскую вобласць Казахстана. Працавалі на ўборцы ўраджаю са студэнтамі Валгаградскага сельскагаспадарчага інстытута. Гэтым разам зарабілі добра. За «цалінныя» грошы дзяўчына прыдбала два паліто і нават тое-сёе ў пасаг. А потым чыгункай прыйшло заробленае збожжа. Што было вельмі дарэчы, бо бацькі гадавалі жывёлу. Праўда, чыгунка ўзяла вялікую плату за дастаўку.
ТРЫВОЖНАЕ ШЧАСЦЕ
Будучы муж Ніны Сцяпанаўны Сяргей Пуцікаў атрымаў прафесію настаўніка беларускай і рускай мовы і літаратуры ў Аршанскім настаўніцкім інстытуце. Пасля чаго прызвалі ў армію. Служыў ля Мазыра, у звальненні прыходзіў да сяброў у інтэрнат педінстытута. Там і адбылася лёсавызначальная сустрэча.

Пасля службы ў арміі Сяргей Пуцікаў паступіў адразу на трэці курс педінстытута. А як атрымаў дыплом, маладая сям’я стала жыць у г. п. Азарычы. Доўгія гады адпрацавалі ў школе: Ніна Сцяпанаўна – па спецыяльнасці, а яе муж – ваенруком. Выгадавалі дваіх дзяцей. Па прыкладзе бацькоў Ала стала педагогам, жыве ў Свіры, працуе настаўнікам-дэфектолагам і кіраўніком аб’яднання па інтарэсах. Барыс скончыў радыётэхнічны інстытут, займае кіраўніцкую пасаду на прадпрыемстве ў Гомелі.
Муж Ніны Сцяпанаўны загінуў у дарожна-транспартным здарэнні больш за чвэрць стагоддзя таму. Жыла адна, нядаўна пераехала ў Свір, каб быць бліжэй да дачкі. Летась расказвала пра перажытае рабятам у «Зубронку». Напрыканцы сустрэчы пажадала ім любіць сваю краіну, берагчы мір, стваральна працаваць. І ніколі не зведаць таго, што выпала на долю яе пакалення.
Наталля ЛІСІЦКАЯ
Фота аўтара і з сямейнага альбома Ніны ПУЦІКАВАЙ
Рекомендуем






