У Мядзеле прэзентавалі кнігу пра Шыкавічы
У Мядзельскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Танка адбылася прэзентацыя кнігі «Шыкавічы. Вёска на беразе Раю». Яе аўтар – вядомы краязнаўца і ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі Ігар Пракаповіч.
На сустрэчу сабраліся мясцовыя жыхары, моладзь, аматары гісторыі і ўраджэнцы саміх Шыкавічаў, каб разам з аўтарам перагарнуць старонкі мінулага і прыгадаць продкаў.

Ад лірыкі – да ўратавання гісторыі
Ігар Пракаповіч жыве ў Паставах, аднак Мядзельшчына для яго – не проста суседні раён. Сваё стаўленне да родных мясцін даследчык шчыра выказаў з першых хвілін сустрэчы:
– Шыкавічы – вёска, якая так ужо ляжыць да душы, што наймілейшага месца на свеце няма. І думаю, што ў большасці тут прысутных такія ж пачуцці, як і ў мяне.
У Шыкавічах жылі ягоныя дзядуля і бабуля, шматлікія родзічы тут ён разам з братам праводзіў кожнае лета ў дзяцінстве і юнацтве.
І напачатку аўтар прачытаў уласны верш-прысвячэнне вёсцы:
У Шыкавічы зноў ляціць душа,
Яе тут вабіць вольная прастора.
І хоць мінулае ахутала імжа,
А ўспамінаецца, нібы было ўчора.
Да таго як узяцца за выданне пра Шыкавічы, Ігар Пракаповіч ужо меў багаты вопыт напісання краязнаўчых кніг пра вёскі Пастаўшчыны – «Стары Двор», «Задзеўе», «Манькавічы». Аднак якраз пагроза незваротнай страты гістарычнай памяці прымусіла яго перайсці ад простага збору матэрыялаў да глыбокага даследавання архіваў і чалавечых лёсаў.

– Калі хадзіў ў вандроўкі з вучнямі у канцы 90-х гадоў – пачатку нашага стагоддзя, было відавочна, як змяняюцца вёскі. Некаторыя з іх зусім знікаюць, проста на вачах. І таму мая задача была такая: захаваць тое, што яшчэ можна. Запісаць тых людзей, якія вось-вось сыдуць у лепшы свет. Таму я і вучняў заўсёды прасіў фіксаваць падобныя ўспаміны, – падзяліўся сваімі матывамі пісьменнік.
Сорак гадоў збірання матэрыялаў
Праз вялікі аб’ём сабранага матэрыялу выданне падзелена на некалькі частак (цяпер рыхтуецца да выхаду ўжо другі том, у якім будзе 278 старонак). Каб дакладна аднавіць гісторыю, краязнаўца працаваў у Нацыянальным гістарычным і Маладзечанскім занальным архівах. Але самы галоўны скарб – гэта жывыя размовы з людзьмі.

Праца над кнігай «Шыкавічы. Вёска на беразе Раю» заняла доўгі час.
– Пачаткам працы над рукапісам я пазначыў 1983 год, хоць і раней, калі бываў у дзеда з бабай, нешта запамінаў з таго, што гаварылася. А 83-і год паставіў чаму? Таму што тады пачалося свядомае збіранне матэрыялаў. Памятаю: быў студэнтам, прыехаў зімой у Шыкавічы, снег ляжаў, і шчыток у хаце быў нацеплены. Мы там сядзелі: дзед, бабуля, і я пачаў распытваць пра тое, што было раней. Яны расказвалі, я ўсё гэта старанна занатоўваў, і вось, дзякуючы гэтаму, пачаліся запісы, якія паступова збіраліся аж да 2025 года, – расказаў аўтар.
Шыкавічы ў кіно
Першая частка кнігі выйшла з друку ў снежні. Яна ўтрымлівае 272 старонкі і 200 ілюстрацый, сярод якіх 90 каляровых фотаздымкаў.
У кнізе сабрана шмат унікальных і часам нечаканых фактаў. Напрыклад, даследчык расказаў пра свайго дзеда, які калісьці трапіў у вялікае кіно.

– Вось для мяне гэта было вельмі незвычайна: мой дзед трапіў у кіно. Як, думаю, якім чынам просты чалавек мог там апынуцца? Аказваецца, у ваколіцах вёскі калісьці здымалі вядомы беларускі фільм «Несцерка». І ў масоўцы – я спецыяльна тры разы перагледзеў гэтую стужку – сапраўды ёсць такі эпізод: плывуць дзве ладдзі, і па тры чалавекі сядзяць на лодках. Якраз у самым пачатку плывуць рыбакі, і мне цяпер хочацца яшчэ даведацца: можа быць, разам з дзедам яшчэ нехта з шыкавіцкіх мужыкоў тады плаваў, – падзяліўся цікавосткай аўтар.
Ланцужок пакаленняў
Галоўны пасыл кнігі – удзячнасць продкам, якія перажылі войны і нават расстрэлы (пісьменнік згадаў, што ягоныя дзед з бабай двойчы стаялі перад пагрозай смерці ў вайну), але змаглі захаваць жыццё на гэтай зямлі.
– Калі працаваў над выданнем, часта разважаў пра змену пакаленняў. А тут відавочна стала зразумела: мы ўсе з вамі прысутнічаем толькі таму, што ланцужок, які ідзе ўмоўна ад Адама і Евы, нідзе не перарваўся. Таму мы павінны быць вельмі ўдзячныя нашым продкам, што яны змаглі ў такой страшнай сітуацыі выжыць. Выжыць і даць жыццё наступным пакаленням, якія дайшлі да сённяшняга дня. Таму я лічу, што мая праца – гэта своеасаблівая даніна памяці тым людзям, якія тут жылі, – разважае Ігар Пракаповіч.
На мерапрыемства завіталі многія жыхары і выхадцы з вёскі, якія дапамагалі са зборам фотаздымкаў і ўспамінаў.
Лілія Сокава падзялілася ўражаннямі:

– Мне ўспомнілася ўсё маё дзяцінства! Усе тыя назвы, усе тыя мясціны, дзе мы хадзілі гуляць, дзе купаліся…
Наперадзе чытачоў чакае выхад другой часткі кнігі, якая дапоўніць гэты летапіс новымі імёнамі і ўнікальнымі фотаздымкамі.





Рекомендуем