«Был в ошейнике, никого никогда не укусил…» Как в жкх прокомментировали эмоциональное видео
Больш за 200 каментароў сабрала знятае ў Язджэнцах відэа ў TikTok. У ім мужчына расказвае, што забілі яго сабаку, які быў у ашыйніку і ніколі нікога не ўкусіў.
Пачуцці і эмоцыі гаспадара зразумелыя. Хто з нас не плакаў пры праглядзе фільма «Белы Бім Чорнае вуха»? Або не слаў праклёны барыні з тургенеўскага апавядання «Муму» і не спачуваў Герасіму? Дык гэта былі эмоцыі ад мастацкіх твораў, а тут чалавек не кіно паглядзеў і не ў кнізе прачытаў – сам страціў чацвераногага сябра.
На сённяшнюю раніцу відэа сабрала больш за 200 каментароў. Вельмі многія спачуваюць гаспадару жывёліны. Не менш і тых, хто піша пра недапушчальнасць сітуацыі, каб сабака без намордніка (хай сабе і ў ашыйніку) бегаў па населеным пункце: раптам каго ўкусіць ці напалохае? Выпадкаў такіх нямала, а таму сабака павінен быць у вальеры ці на ланцугу. Ну а калі выходзіць за межы свайго двара – у намордніку і з гаспадаром. Аўтары іншых каментароў пярэчаць: гэта ж вёска, там заўсёды сабакі бегалі, і нічога. Ёсць і выказванне ў сэнсе – так, заўсёды бегалі, здаралася, некага і кусалі, але людзі самі разбіраліся, а не выклікалі адпаведныя службы. Шэраг іншых каментатараў абураецца жорсткасцю гэтых самых службаў. А некаторыя раяць аўтару відэа… выклікаць паліцыю. Мяркую, такія парады – ад замежных грамадзян. Бо нашы ведаюць, што паліцыі ў Беларусі няма з той пары, як прагналі нямецка-фашысцкіх захопнікаў – з 1944 года.
Але ўсё гэта эмоцыі, а як было на самай справе?
У Сваткаўскім сельвыканкаме расказалі, што жыхары шэрагу вёсак, у тым ліку Язджэнцаў, прасілі дапамогі ў вырашэнні праблемы бадзяжных жывёл. Гэта інфармацыя была адразу ж перададзена ў жыллёва-камунальную гаспадарку. Адзначым – такая праблема мае месца не толькі ў Сваткаўскім сельсавеце. Пра тое, што яна ёсць у Будслаўскім і будзе вырашацца з дапамогай жыллёва-камунальнай гаспадаркі, наша газета пісала 18 кастрычніка.
Па сітуацыі ў Язджэнцах галоўны інжынер Мядзельскай жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксей Шашок патлумачыў:
– Так, наша брыгада сапраўды працавала ў Язджэнцах па заяўцы сельвыканкама. Праблему з бадзяжнымі жывёламі вырашаем гуманным метадам – страляем іголкай, у якой знаходзіцца адпаведны прэпарат. Калі нехта трымае гадаванца «на вольным выгуле», няхай не крыўдуе: такога сабаку таксама могуць адлавіць. Бо безнагляднай лічыцца жывёліна, якая знаходзіцца на тэрыторыі агульнага карыстання без гаспадара – тут ужо не мае значэння, ці ёсць у яе ашыйнік.
Наталля ЛІСІЦКАЯ
Фота аўтара, носіць ілюстрацыйны характар (г. з, на здымку – іншы сабака)
Рекомендуем