Семья Гришелей нашла себя на малой родине

Тры гады таму пераехала з Мінска ў Вытраскі сям’я Людмілы і Сяргея ГРЫШЭЛЯЎ. Памяняла шумнае, мітуслівае сталічнае жыццё на спакойнае сельскае.
Людміла Уладзіміраўна нарадзілася і вырасла ў Вытрасках. У гады яе юнацтва пасля школы моладзь рвалася ў горад. І Людміла таксама.
– Зараз прыярытэт змяніўся. Перасталі падабацца паўсядзённая спешка, перапоўнены транспарт, пастаянныя чэргі. Захацелася спакою, цішыні, – распавядае жанчына. – Калі муж пайшоў на пенсію (а ён кадравы ваенны), вырашылі перабрацца ў бацькоўскі дом. Карэнным чынам памянялі лад жыцця. Я яшчэ езджу на работу ў Мінск, а муж працуе ў Крывічах у спецвучылішчы выхавальнікам.
Перад тым як перабрацца ў вёску, Грышэлі паспрабавалі наблізіць вясковыя ўмовы да гарадскіх. Прабурылі свідравіну і правялі ў дом ваду, зрабілі каналізацыю, устанавілі бойлер, абсталявалі санвузел. Два гады таму зрабілі электраацяпленне. Але і печкі не выкінулі.
– Мне падабаецца глядзець, як паліцца печка. На душы тады цёпла, спакойна. Успамінаюцца дзяцінства, бацькі. Усё здаецца такім родным, дарагім… Ды і паветра ў доме зусім іншае, калі прапаліш печку, – сцвярджае гаспадыня.
Дваровая тэрыторыя таксама дагледжана. Ёсць лазня, устаноўлены альтанка, лавачкі, столікі, арэлі. Гэта ўжо клопат Сяргея Іванавіча, якому падабаецца працаваць з дрэвам. Як і ўсе вяскоўцы, яны садзяць агарод, маюць парнікі. Заўсёды ёсць чым сына парадаваць, калі прыязджае з жонкай у госці.
– Люблю вырошчваць кветкі і ўвогуле працаваць на зямлі. Клумбы ў нас вялікія, прыгожыя. На іх растуць і шматгадовыя, і аднагадовыя культуры. Ёсць ружы, лілеі, вяргіні, гладыёлусы, розных сартоў гартэнзіі, а таксама астры, рамонкі, цыніі, аксаміткі… Кожная кветачка дорыць радасць, уносіць у штодзённае жыццё прыгажосць, – кажа гаспадыня.
Падабаецца Людміле Уладзіміраўне і Сяргею Іванавічу хадзіць у грыбы і ў ягады. Ды і проста так пагуляць у лесе, падыхаць гаючым паветрам. Сёлета ўдала распачалі грыбны сезон. Гаспадыня аднойчы аж 99 баравікоў за адзін паход у лес сабрала. З прыемнасцю зразала маладзенькія грыбы. І, здавалася, душа пры гэтым спявала.
– Калі прыехалі ў вёску, завялі коз, свіней. Цяпер з жыўнасці засталіся толькі куры і шчанюк – будучая аўчарка, – адзначае суразмоўца. – З прадукцыі, сабранай на агародзе, у лесе, садзе, раблю нарыхтоўкі на зіму. Займаюся і дамашняй выпечкай.
Па словах жанчыны, суседзі – Уладзімір Ермаковіч і Вячаслаў Кубацкі – перабраліся ў дамы сваіх бацькоў з Мядзела. Вярнуліся ў Вытраскі і некаторыя іншыя ўраджэнцы вёскі. Дзякуючы ім і дачнікам населены пункт пакрысе прыгажэе, ажывае.
Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ
Фота з сямейнага архіву ГРЫШЭЛЯЎ
Рекомендуем





