Прошел юбилейный вечер, посвященный 95-летию со дня рождения почетного гражданина Мядельского района Михаила Гордона
У Мядзельскім раённым цэнтры культуры прайшоў юбілейны вечар, прысвечаны 95-ай гадавіне з дня нараджэння ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, ганаровага грамадзяніна Мядзельскага раёна Міхаіла Гардона. Па сутнасці ўсё жыццё гэтага чалавека звязана з роднай Мядзельшчынай, дзе нарадзіўся, вырас, стварыў сям’ю, працаваў і зараз жыве.
Жыццёвы шлях юбіляра ляжаў праз цяжкія выпрабаванні. Самае страшнае з іх — вайна, удзельнікам якой давялося стаць у юным узросце. Зведаў і горыч страт — гібель родных, знаёмых, сяброў. У пасляваенныя гады працаваў па ўзнаўленні разбуранай гаспадаркі. Далей займаў розныя пасады, у тым ліку кіраўніцкія. Напрыклад, толькі старшынёй калгаса “Бальшавік” працаваў 12 гадоў. Адказна адносіўся да даручаных участкаў работы, да прыняцця рашэнняў, клапаціўся пра людзей, якія былі побач. А 14 гадоў Міхаіл Гершэнавіч узначальваў раённую ветэранскую арганізацыю. Акрамя баявых, мае ўзнагароды і за мірную старанную працу.
На вечары прагучала ў адрас юбіляра шмат цёплых слоў, шчырых пажаданняў. Першай яго павіншавала начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Шастаковіч.
- Дзякуем вам за багатае падзеямі, добрымі справамі жыццё, — адзначыла Наталля Аляксандраўна. — Мы ганарымся вамі і заўсёды раўняемся на вас.
Віталі Міхаіла Гершэнавіча з 95-годдзем старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Уладзімір Валасевіч, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Святлана Чарняўская, старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза афіцэраў Міхаіл Чаркасаў, вучні Мядзельскай дзіцячай школы мастацтваў і піянеры гімназіі Мядзела. Не забыліся пра юбіляра і ў арганізацыях, дзе ён некалі працаваў. Былі на свяце з кветкамі і падарункамі прадстаўнікі АСП “Вузлянка” Мінскага Камароўскага рынку (былы калгас “Бальшавік”), раённай спажывецкай кааперацыі. Прымаў Міхаіл Гардон віншаванне і ад ваеннага камісарыята раёна.
Падтрымаць свайго самага дарагога чалавека прыйшла на свята і сям’я Міхаіла Гершэнавіча. А яна ў яго вялікая, дружная — аж 26 чалавек. Ад імя ўсіх вітаў юбіляра старэйшы сын Вячаслаў. Ён з гонарам гаварыў пра паважанага ў раёна чалавека, а для іх — найлепшага тату, дзядулю, прадзядулю. Зычыў здароўя, дажыць да 100-гадовага юбілею, а таксама, каб усё дабро, якое ён зрабіў людзям, да яго ж вярнулася.
Вельмі шчыра віншавалі Міхаіла Гершэнавіча з адметнай датай у яго жыцці ўдзельнікі аматарскага клуба “Верасень”, якім кіруе наша таленавітая зямлячка, лаўрэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Стэла Іванова. А Міхаіл Гершэнавіч у калектыве — нязменны запявала. У выкананні “вераснёўцаў” прагучала нямала песень. У тым ліку і любімая юбіляра – “Лясная”. Быў і святочны каравай.
Трэба сказаць, што юбілейны вечар удаўся на славу. Задаволены застаўся юбіляр, госці. Ды і ўсе прысутныя пакідалі мерапрыемства з прыўзнятым настроем.
Марыя Лубнеўская
Фота Аляксандра Юца