Меню

Пра рабства ў Нямеччыне расказвае былы непаўналетні вязень Ганна Роўда

Успаміны жыхаркі вёскі Зані Ганны РОЎДЫ наўрад ці каго пакінуць абыякавым: дзевяцігадовай дзяўчынкай яна трапіла ў канцэнтрацыйны лагер.

Ганна Аляксееўна нарадзілася ў Місунах. Вёска адметная тым, што ў ёй быў створаны першы на Мядзельшчыне даваенны калгас. А ў гады Вялікай Айчыннай разгарнуўся партызанскі рух.

Бацьку малой Анюткі, Аляксея Васільевіча Хвалько, прызвалі на вайсковыя зборы ў чэрвені 1941-га, яшчэ ў мірны час. Загінуў ён у самым пачатку вайны. Ворагі спалілі ў Місунах сем такоў і пяць хат – у тым ліку і тую, у якой жыла сям’я дзяўчынкі. А ў верасні 1943-га Анютку, яе чатырохгадовую сястрычку Лідачку і матулю напаткаў лёс вязняў.

Яны капалі бульбу ва ўрочышчы Якачыха, калі пачалі рвацца снарады. Маці з дзяўчынкамі кінулася ў Раманаўшчыну, тады – да радні ў Лук’янавічы. Ды Лук’янавічы ворагі ўжо запалілі, і тады вырашана было ісці ў Круці – да іншай радні. Але ў агні былі ўжо і Круці, таму маці з дзецьмі ў роспачы падалася ізноў у Лук’янавічы – праз мох. А там ланцугом ішлі ворагі – затрымлівалі ўсіх, хто сустракаўся. Злоўленых павялі ў Лук’янавічы, а тады разам з жыхарамі вёскі – у Мядзел. Быў начлег у царкве, а назаўтра пешшу пагналі ў Кабыльнік. Адтуль у Камаі павезлі абозам, тады – у Лынтупы. Пагрузілі ў таварняк і павезлі ў Германію, у горад Нюсцер.

– Гэта быў рассыльны горад, усё абнесена сеткай, – прыгадвае Ганна Аляксееўна. – Мы босыя, а ўжо ж было холадна. Дык адна жанчына (беларуска, ужо працавала там недзе) прыйшла паглядзець, можа, знаёмага каго знайсці. Разгаварылася з мамай. Убачыла, што мы босыя, схадзіла, прынесла нам драўляны абутак.

У Нюсцеры набіралі работнікаў на заводы і фабрыкі. Тых жа, у каго былі малыя дзеці, накіравалі ў лагер. І тады перавозілі з месца на месца. Напрыканцы вайны яны апынуліся ля Балтыйскага мора. Побач быў аэрадром. Калі яго бамбілі, дарослыя ішлі закопваць варонкі, а дзеці заставаліся пад наглядам адной жанчыны.

– Есці заўсёды хацелася, – расказвае Ганна Аляксееўна. – Навараць нейкага супу з турнэпсу – адна жыжка. На кухню хадзілі яго атрымліваць. Быў там ваеннапалонны – не ведаю адкуль, не па-нашаму гаварыў. Бульбу вазіў на кухню. Дык у скрынцы аконца прыадчыніць, едзе – бульба патрохі сыплецца. А мы бяжым збіраць, тады хаваем.

Калі разгружалі з платформы ўгнаенне, немец моцна ўдарыў па плячы матулю Ганны Аляксееўны – і тая засталася хворай на ўсё жыццё.

Вызвалялі вязняў амерыканцы і англічане.

– Мы ўсе, колькі нас было, выйшлі іх пераймаць, – расказвае Ганна Аляксееўна. – Немец адзін бяжыць: «Хальт! Хальт! Хальт!» – не пускае. А тыя з машын скрынкі кідаюць: і цукеркі, і пячэнне. Пад’ехалі да аэрадрома машыны, а далей нельга: ён замініраваны. Загадалі салдатам размініраваць, а пасля немцаў на наша месца ў барак пасадзілі. А нас – у вялікую машыну і павезлі ў горад.

Былым вязням прапаноўвалі паехаць у розныя краіны. Але мама Ганны Аляксееўны, як і большасць іншых, вырашыла вяртацца на радзіму. Ля Гродна машына, у якой ехалі, перакулілася на крутым павароце. Так што ў бальніцы паляжаць давялося доўга. Але жывыя засталіся ўсе трое.

– А ў Любы са Стахоўцаў сынок Толік на запаленне хварэў, – прыгадвае Ганна Аляксееўна. – Яна сядзела з ім ля самай кабіны. Дык Люба загінула, а сынок хворанькі застаўся. Ну і іншыя яе дзеці – іх чацвёра было.

…Быў ужо вечар, калі цягніком прыехалі ў Княгінін. Там жыла Марыля, цётка іх аднавяскоўца Івана Пятроўскага.

– Мама пайшла яе шукаць, – расказвае Ганна Аляксееўна. – Яны абдымаліся, цалаваліся і плакалі. Марыля павезла нас на кані ў Місуны. Прыехалі позна. У бабуліну хату (наша ж была спалена) столькі людзей наляцела! А я думаю: «Колькі ў Місунах бежанцаў!» А гэта былі ніякія не бежанцы. Гэта ўсе місунскія прыйшлі нас адведаць.

Нялёгкім было і пасляваеннае жыццё дачкі загінуўшага чырвонаармейца. Равеснікі селі за парты, а ў яе не было такой магчымасці. Бо бабуля была старая, а маці хворая. Дзяўчынка і арала, і касіла, і вазіла. Потым і ў школе вучылася, а хадзіла ў калгас сена грэбці і лён палоць. Сем класаў закончыла толькі ў 20 год.

Працавала улікоўцам у калгаснай канторы, загадчыцай фермы «Зані», паштальёнам – 44 гады працоўнага стажу! Разам з мужам выгадавала трох дачок, мае трое ўнукаў, пяцёра праўнукаў.

Ганна Роўда з дзецьмі, унукамі і праўнукамі

Сёлета адзначыла 90-годдзе.  Ганну Аляксееўну шчыра паважаюць жыхары вёсак колішняга калгаса «Шлях Ільіча». Якія і папрасілі запісаць яе ўспаміны.

Наталля ЛІСІЦКАЯ. Фота забяспечаны Ганнай МАЛЬКО.

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59