В Кривичах сегодня побывал Игорь Карпенко
Старшыня Цэнтрвыбаркама Ігар Карпенка напярэдадні Новага года традыцыйна прывёз у Крывічы свята і падарункі. Сяброўства з установамі адукацыі гэтага пасёлка пачалося яшчэ тады, калі Ігар Васільевіч быў міністрам адукацыі.
Старшыня Цэнтрвыбаркама са сцэны Дома культуры пажадаў рэалізацыі ў новым годзе планаў і задумак. І зазначыў: “Традыцыйна мы прыехалі вялікай камандай”. Каманда сапраўды была вялікая: разам з Ігарам Карпенкам на сцэну падняліся намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай, старшыня райвыканкама Аляксандр Прановіч, рэктар Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пятра Машэрава Валянціна Багатырова і рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Валерый Галубоўскі. А за кулісамі чакалі свайго часу самадзейныя артысты з Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пятра Машэрава.
Віншуючы прысутных, Аляксандр Прановіч анансаваў: “Для ўсіх рабят мы падрыхтавалі салодкія падарункі, а для школ – падарункі, якія будуць выкарыстоўвацца на ўроках і пазакласных мерапрыемствах”. Пра пазітыўныя змены ва ўстановах адукацыі Крывічоў гаварыў Аляксандр Кадлубай.
У зале былі навучэнцы крывіцкіх лячэбна-выхаваўчага СПТВ закрытага тыпу і сярэдняй школы, Сваткаўскай СШ імя Максіма Танка і Будслаўскай СШ імя Паўліны Мядзёлкі. Дырэктарам кожнай з гэтых устаноў Ігар Карпенка, Аляксандр Кадлубай і Аляксандр Прановіч уручылі падарункі, у ліку якіх дыдактычныя матэрыялы, ноўтбукі, тэлевізары і музычныя калонкі.
Свята працягнулася навагоднім прадстаўленнем ад віцебскіх студэнтаў, а таксама канцэтнай праграмай ад саміх навучэнцаў і гурта “БайСіці”.
Пасля Ігар Карпенка азнаёміся з ходам станоўчых пераўтварэнняў у Крывіцкай СШ. А потым ганаровыя госці пабывалі на святочным мерапрыемстве ў лячэбна-выхаваўчым СПТВ закрытага тыпу. Паглядзелі канцэрт і павіншавалі рабят. Уручылі спартыўны інвентар для ўстановы, а непасрэдна навучэнцам – салодкія падарункі і парфюмерныя наборы. Для пяці рабят, якія вызначыліся добрымі паводзінамі і поспехамі ў вучобе, Ігар Карпенка падрыхтаваў дадатковыя падарункі.
* * *
– Уражанні ад гэтай акцыі заўсёды самыя найлепшыя, – падзяліўся ў размове з журналістамі Ігар Карпенка. – Па-першае, мы прыехалі ў пасёлак, які ўжо стаў не проста месцам, дзе некалькі ўстаноў адукацыі, а цэнтрам, я б сказаў, невялікага рэгіёна. Сёння далучыліся рабяты яшчэ з дзвюх вёсак. Акцыя, якую мы праводзім на працягу дзясятка гадоў – падзея для пасёлка. Непасрэдна ў клубе ўсё арганізуецца: і канцэртная праграма, і гульнявая, і падарункі, і зносіны. Яшчэ мы абмеркавалі са старшынёй Мядзельскага райвыканкама, якія работы неабходна правесці ва ўстановах адукацыі. Гэта не проста акцыя, каб стварыць настрой дзецям. Гэта яшчэ і вырашэнне ў пасёлку важных сацыяльных задач, каб ён надалей развіваўся ўстойліва, каб людзі маглі тут працаваць, атрымліваць заробак, ствараць сем’і і гадаваць дзяцей.
Наталля ЛІСІЦКАЯ
Фота Аляксандра ЮЦА