Меню

В Шкленникове и Брусах прошли митинги памяти

В Шкленникове и Брусах прошли митинги памяти

На помніку ў Шкленікове прозвішчы і ініцыялы 15-ці вяскоўцаў, спаленых ворагам 27 верасня 1943-га. Як і штогод, тут адбыўся мітынг у памяць бязвінных ахвяр фашызму.

– Гэта не проста старонка ў гісторыі – гэта рэальны боль, перажыты нашымі продкамі, гэта мноства лёсаў, зламаных і страчаных, – нагадала прысутным старшыня раённага Савета дэпутатаў Антаніна Крыўко. – У гады Вялікай Айчыннай вайны Беларусь была арэнай страшных злачынстваў. Нямецка-фашысцкія акупанты прыйшлі не проста заваяваць – яны прыйшлі знішчыць. Яны сціралі з твару зямлі вёскі, забівалі мірнае насельніцтва. Сёння мы сабраліся тут, ля помніка, каб ушанаваць памяць мірных жыхароў, якія загінулі ад рук захопнікаў. У такі ж асенні дзень тут спыніўся час, абарваліся жыцці старых, жанчын і дзяцей, якія мірна жылі на сваёй зямлі.

Пра вялікую колькасць ахвяр сярод мірнага насельніцтва ў гады акупацыі гаварыў старшы памочнік пракурора раёна Аляксей Купрэвіч.

Загінула значна больш, чым меркавалася раней. Аляксей Аляксандравіч расказаў, што ў працэсе расследвання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа адкрываюцца ўсё новыя факты, а таму пакуль назваць канчатковыя лічбы немагчыма.

– Але ўжо зараз, зыходзячы з атрыманай інфармацыі, мы ведаем, што за гады акупацыі Мядзельскага раёна было расстраляна, спалена і павешана не менш за чатыры тысячы мірных жыхароў, – зазначыў старшы памочнік пракурора. – З іх не менш за 550 – дзеці. Генацыд не мае тэрміну даўнасці, і вельмі важна, каб аднаўленне гістарычнай праўды стала справай кожнага чалавека.

Як і штогод, на мітынгу была заслужны дзеяч культуры Беларусі, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, аглядальнік аддзела па асвятленні дзейнасці Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь БелТА Аліна Грышкевіч. На помніку ёсць імя і яе прадзеда Адама Грышкевіча. На мітынг пісьменніца прынесла сваю кнігу «Лёсы жанчын – лёс адзінай Беларусі», у якой ёсць і пра дзвюх ацалелых у верасні 1943-га жыхарак Шкленікова: Таццяну Міхайлаўну Чарняўскую і Марыю Аляксееўну Купрэвіч.

– Пра гэтых жанчын ведаюць у больш як трыццаці краінах свету, дзе была прадстаўлена кніга, – расказала аўтарка. – І асаблівую цікавасць і ўвагу выклікае менавіта гісторыя Шкленікова. Не ў кожнай краіне ведаюць, што было ў Беларусі. У мяне летась была прэзентацыя ў Аўстрыі, дык потым аўстрыйцы сказалі: «Мы не ведалі, што кожны трэці ў Беларусі загінуў». Таму і трэба праводзіць мерапрыемствы, сустрэчы, праекты, дзе мы нагадваем аб тым, што адбывалася.

Да помніка ўсклалі гірлянду і кветкі. Памяць бязвінных ахвяр ушанавалі хвілінай маўчання.

Помнік сёлета адрамантаваны, а тэрыторыя ля яго добраўпарадкавана – ў гэтым заслуга выхадцаў са Шкальнікова – Пятра Чарняўскага і яго сына Канстанціна.

Чырвоныя стужачкі на «Зорку памяці» павязалі супрацоўніцы аддзела прымусовага выканання
Цікавасць выклікала тэматычная выстава ад музея народнай славы

* * *

Мітынг адбыўся і ў Брусах, дзе 27 верасня 1943 года зажыва быў спалены 41 чалавек.

Наталля ЛІСІЦКАЯ

Фота аўтара і райкама БРСМ

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59