У Мядзеле ўшанавалі Марыю Захарэвіч

Падчас антракту, пакуль мяняліся дэкарацыі, адбылося ўшанаванне нашай знакамітай зямлячкі на яе малой радзіме. Першай прывітала Марыю Захарэвіч супрацоўніца раённага цэнтра культуры Ларыса Севярын.


– Пачынаючы з мінулага года ўстановай культуры рэлізоўваецца праект “Тэатральныя сустрэчы”. У рамках яго жыхары горада маюць магчымасць паглядзець спектаклі і дзякуючы ім дакрануцца да шэдэўраў сусветнай тэатральнай класікі, нікуды не выязджаючы з Мядзела, – паведаміла Ларыса Віктараўна. – А сёння гэты праект пашырыўся – у нас праходзіць тэатральная сустрэча пад адкрытым небам. Мы з радасцю глядзім спектакль-легенду, які падрыхтаваны творчай камандай таленавітых акцёраў і з’яўляецца візітоўнай карткай купалаўскага тэатра на працягу дзесяцігоддзяў.
Слова мела і Марыя Захарэвіч, якая дзякавала землякам за гасціннасць, за гэта спатканне. І, як і заўсёды, гаварыла шчыра, прыгожа, на сакавітай роднай матулінай мове, як толькі яна гэта ўмее зрабіць. І так пранікнёна, што кожнае слова кранала танюткія струны душы.
Марыя Георгіеўна адзначыла, што наш зямляк, народны паэт Беларусі Максім Танк услаўляў у сваёй паэзіі народ, простых людзей, наш цудоўны край. Ён пісаў пра хату, пакрытую крыламі ластавак, пра вокны, зашклёныя вачамі блізкіх, пра парог, высечаны з успамінаў, пра аблокі над гняздом бусліным і пра палявую дарогу над закалыханым жытам.
– У кожнага з нас, акрамя гэтых прыгожых мясцін, ёсць і яшчэ багацце – бацькі, – падкрэсліла наша таленавітая зямлячка. – І якое шчасце, калі яны абодва, альбо хто-небудзь адзін, яшчэ ёсць.
Марыя Захарэвіч вельмі прыгожа прадэкламавала верш Анатоля Вярцінскага “Маці”. І тым самым аддала даніну пашаны і сваёй маці, і ўсім матулям Беларусі, якія годна жылі, дзяцей гадавалі, шмат працавалі і не чакалі за гэта ўзнагарод.
Прывітала госцю старшыня раённага Савета дэпутатаў Антаніна Крыўко:
– Шаноўная Марыя Георгіеўна. Прыміце гэту Падзяку ад раённага Савета дэпутатаў і словы ўдзячнасці ад мяне асабіста – за вашу творчасць, за тое, што ўсё сваё жыццё вы прысвяцілі тэатру. Вы – вялікая жанчына. Мы схіляемся перад вашым талентам. Дазвольце пажадаць вам усяго самага добрага, моцнага здароўя, дабрабыту, творчасці. Чацей прыязджайце да нам. Мы вас вельмі любім.




Рекомендуем






