Кубак… за касавіцу. Як нарыхтоўваюць кармы ў сельгасфіліяле «Дзягілі»

Сельгасфіліял «Дзягілі» – лідар сёлетняй касавіцы. Падрабязнасці даведаліся ў кіраўніка гаспадаркі Аляксандра ВАРАШКЕВІЧА.
— План мы ўжо выканалі, – канстатуе Аляксандр Сяргеевіч. – Цяпер звыш яго косім няўдобіцы і на землях «Слабадской зары» – з іх дазволу і дазволу ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама. Усяго скосім прыкладна 750 гектараў – а план быў 650.
Людзі працуюць пераважна тыя ж, што і ў папярэднія гады. Хаця цякучка ўсё ж крыху ёсць: нехта сыходзіць, нехта прыходзіць. Сёлета з граблямі заняты Аляксандр Балаховіч і Алег Бурак. Алег – новы работнік, перайшоў са «Слабадской зары», добра сябе зарэкамендаваў.

Касы можам задзейнічаць тры ці чатыры ў залежнасці ад патрэбы. Цяпер у справе тры, на іх працуюць Павел Лукашэвіч, Міхаіл Храстал і Аляксандр Крыўко.

Падбіраюць падвяленую масу Міхаіл Яноўскі на «ягуары» і Іван Таразевіч на КЗР. Іван жыццё пражыў у гэтым калгасе, увесь час на адказных работах. Цяпер на пенсіі, дзякуй яму, што не кідае працу. На трамбоўцы сенажу стараюцца Анатолій Варабей і Уладзімір Бярняк.

Работа вядзецца кругласутачна, задзейнічаны два «амкадоры».

Плануем для гэтай мэты набыць «кіравец», але пакуль такой магчымасці няма: фінансы накіроўваем на рэканструкцыю фермы. На адвозцы ў залежнасці ад адлегласці бывае занята пяць-шэсць адзінак тэхнікі. Якой кіруюць Улад Хільман, Мікалай Маляёнак, Юрый Грынкевіч, Дзмітрый Лук’янец, Аляксей Якімовіч і Васіль Лісіцкі.
Адзначу і галоўнага агранома Міхаіла Адамовіча – ён на перадавой касавіцы.

Робіць усё, што трэба, дысцыплінаваны. Удвух спраўляемся і з абавязкамі галоўнага інжынера, якога ў нас няма: з кадрамі ў сельскай гаспадарцы цяпер няпроста.
Умовы надвор’я сёлета складаныя, праз дажджы дзесьці даводзіцца і спыняцца. І пачалі пазней. Летась 3 чэрвеня першую траншэю ўжо заклалі. А сёлета толькі 10 чэрвеня прыступілі да касавіцы, бо праз вясновыя замаразкі трава не расла. Але з усім, думаю, справімся: паліва ёсць, людзі працуюць як адзіны механізм, харчаванне арганізавана. Нічога надзвычайнага, бо кожны год па-свойму складаны. Калі не залье, дык засушыць. Усё, што сёлета нарыхтавалі, – сянаж. Калі дазволіць надвор’е, сена назапасім з другога ўкосу. Не дазволіць – таксама не бядуем, бо ёсць запас кармоў з мінулага года.
Штогод пасля завяршэння касавіцы падводзім вынікі. Гэта дае магчымасць перавесці дыханне перад жнівом. Віншуем лепшых, уручаем сімвалічныя падарункі. Напрыклад, кубак ці майку са здымкам і надпісам пра касавіцу. Разам выязджаем на прыроду. Умееш працаваць – трэба ўмець і адпачываць.
Наталля ЛІСІЦКАЯ
Фота аўтара
P.S. Ёсць у гаспадарцы і свая «служба тылу», якая мае непасрэднае дачыненне да вытворчых поспехаў. Але пра яе – як-небудзь іншым разам.