Продолжает дело отца. Поговорили с мастером-спасателем Денисом Каркоцким

Каля пяці гадоў Дзяніс КАРКОЦКІ служыць майстрам-выратавальнікам у Мядзельскай пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1. І завочна вучыцца ва Універсітэце грамадзянскай абароны МНС, перайшоў на другі курс.
– Чаму сталі выратавальнікам?
– Напэўна, пад уплывам бацькі. Ён 28 гадоў адпрацаваў у службе выратавання, у тым ліку гадоў 15 ці нават больш – начальнікам райаддзела па надзвычайных сітуацыях у Мядзеле. Тата раіў паступаць ва ўніверсітэт адразу пасля школы, але тады я вырашыў па-свойму. Цяпер шкадую, што не паслухаў яго: за плячыма меў бы ўжо больш за дзесяць гадоў службы. Прафесія мне падабаецца. Часта чую, як людзі кажуць: «Які жах! Заўтра на працу…» У мяне такога не здараецца. На працу іду з задавальненнем.
– Хоць яна цяжкая фізічна і досыць спецыфічная?
– Так. Ёсць выпадкі, дзе трэба не толькі фізічна папрацаваць, але і добра падумаць. Напрыклад, калі ў выніку дарожна-транспартнага здарэння трэба дэблакіраваць чалавека, якога заціснула ў транспартным сродку. Важна выбраць аптымальны спосаб, каб дапамагчы, а не нашкодзіць. І зрабіць гэта хутка.

– Якія выезды за гады службы найбольш запомніліся?
– Самы першы вельмі ўразіў: у вёсцы, што непадалёку ад Вілейскага раёна, у агні загінула пажылая жанчына. Памятны і выпадак, калі ў прыватным сектары ў Мядзеле па шыю засыпала мужчыну – ён капаў калодзеж. Глыбіня прыкладна тры метры, пясок цісне на чалавека… Мы выратавалі яго і перадалі медыкам хуткай дапамогі. Ён быў траўмаваны, але застаўся жыць. Тады пра нас нават напісалі ў часопісе «Служба спасения». Узгадваецца таксама пажар у Мядзеле. Тады гарэў двухпавярховы прыватны дом. Балкон ужо ахапіла полымем. Нам паведамілі, што ў доме можа знаходзіцца чалавек. Другі паверх увесь запоўнены дымам, стоячы ўжо было немагчыма нешта разгледзець. Са старэйшым таварышам Алегам Малько мы поўзалі па падлозе і шукалі чалавека. Дзякуй богу, там нікога не было: жанчына выйшла ў магазін. Потым казалі, што прычынай пажару стаў падключаны да электрасеткі і пакінуты без нагляду ноўтбук.
Наталля ЛІСІЦКАЯ
Фота аўтара
Рекомендуем






