Позвонили спасателям? Не бросайте трубку!

Амаль дзесяць гадоў Уладзімір МАЗАЛЕЎСКІ служыць у Мядзельскай пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1. Хоць па адукацыі – выкладчык па класе акардэона.
– Скончыў Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў, – расказвае. – Працаваў у Мядзельскім Доме культуры. Перайсці ў службу выратавання прапанаваў тагачасны начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Андрэй Анатольевіч Каркоцкі. Бо ў яго была ідэя стварыць аркестр. Хутка Андрэй Анатольевіч змяніў працу, і аркестр мы не стварылі. Аднак у Дом культуры я вяртацца не стаў. А на акардэоне і цяпер іграю – але для сябе, у кампаніі.
– Раскажыце пра сваю службу.
– Пачынаў дыспетчарам цэнтра аператыўнага кіравання, год таму перайшоў на пасаду аператыўнага дзяжурнага. Абавязкаў стала больш. Перш толькі адсочваў сітуацыю ў раёне ў сэнсе бяспекі і высылаў тэхніку на ліквідацыю надзвычайных сітуацый. Цяпер жа таксама кантралюю службу ўсяго гарнізона. Напрыклад, у плане выканання тэхнікі бяспекі.
– Вы размаўляеце з людзьмі, якія набралі 101 або 112. Што самае складанае?
– Часам няпроста патлумачыць, як дзейнічаць, – у тым выпадку, калі чалавек можа нешта зрабіць сам. Напрыклад, людзі просяць ліквідаваць гняздо жаланосных насякомых, але самі не ведаюць, дзе яно знаходзіцца. Кажу, каб паназіралі, адкуль і куды лятуць восы. А тады ўжо мы прыедзем і ўсё зробім. Часта нам тэлефануюць у стане моцнага стрэсу, асабліва калі паведамляюць пра пажар. Бывае, мацюкаюцца – а мы гаворым спакойна і ветліва. Але найгорш, калі чалавек патэлефанаваў: «У нас гарыць!» – і кінуў трубку. Дзе гарыць? Што гарыць? Вядома, мы ператэлефануем, але ж губляецца каштоўны час.
– Не дай бог, канечне… Але на ўсялякі выпадак навучыце, што казаць, патэлефанаваўшы ў службу выратавання.
– Адразу трэба паведаміць, дзе і што здарылася. Напрыклад, на якой вуліцы якога населенага пункта бачыце густы дым і дзе знаходзіцеся самі. Аператыўны дзяжурны папросіць вас заставацца на сувязі, пакуль высылае тэхніку, – гэта зойме не больш за паўхвіліны. Пасля чаго ўдакладніць у вас патрэбныя дэталі і завершыць размову.
– Якое дзяжурства за гады службы найбольш запомнілася?
– Калі была бура некалькі гадоў таму. Тым разам сарвала дах у 119-кватэрным доме ля нашай часці, памятаеце? Тады амаль адначасова
паступіла дзесяць паведамленняў: «У доме сарвала дах», «На возеры Нарач людзі паплылі на сапбордах у невядомым напрамку, а падняліся хвалі», «На возеры Белае сплыла лодка, а на ёй бацька з дзіцём» і гэтак далей. Трэба было дзейнічаць хутка і правільна вызначыць прыярытэты. Вядома, у першую чаргу не дах ратаваць (пра яго пазней паведамілі ў жыллёва-камунальную гаспадарку), а людзей на акваторыі. Пра надзвычайную сітуацыю на Нарачы інфармавалі Таварыства па выратаванні на водах. А на Белае – там няма выратавальных станцый – выехалі нашы хлопцы. Дарогай ім давялося распілаваць чатыры дрэвы, якія паваліліся і перакрылі шлях. Было напружана, але справіліся.
– Што адчувалі тады?
– Радасць, нават шчасце. І ў мяне, і ў рабят усё атрымалася – клас!
Наталля ЛІСІЦКАЯ
Фота аўтара
Рекомендуем






