Меню

На районной Доске почета. Рассказываем об операторе машинного доения Чеславе Костюк

На районной Доске почета. Рассказываем об операторе машинного доения Чеславе Костюк

На сходзе актыву па падвядзенні вынікаў работы народнай гаспадаркі раёна за 2024 год аператар машыннага даення МТФ «Палессе» сельскагаспадарчага філіяла ААТ «Мінскаблаграсэрвіс» Часлава КАСЦЮК прызнана найлепшай па прафесіі, пераможца занесена на раённую Дошку гонару.

Добрасумленная, руплівая, стараннная – так выказаўся пра аператара машыннага даення МТФ «Палессе» кіраўнік сельскагаспадарчага філіяла Андрэй Давыдзенка. А яшчэ дадаў, што на такіх, як Часлава Чаславаўна, і трымаецца сельская гаспадарка.

Часлава Касцюк пераехала з сям’ёй на Мядзельшчыну з Пастаўшчыны. Рашэнне прыняла пасля аб’явы, якую прачытала ў адной з рэспубліканскіх газет. У той час на працу ў сельгаспрадпрыемства Будслава запрашаліся спецыялісты (гаспадарку тады ўзначальваў Іван Пятроўскі). Перабраліся, атрымалі дом, годнае месца працы. Засталіся і пасля таго, як прадпрыемства далучылі да сельгасфіліяла ААТ «Мінскаблаграсэрвіс». І не шкадуюць аб сваім рашэнні.

– Я па спецыльнасці – цырульнік. Падчас працы ў сферы бытавога абслугоўвання выконвала таксама абавязкі касіра-прыёмшчыка. А калі комплексны прыёмны пункт закрылі, перайшла ў жывёлагадоўлю, – кажа жанчына. – Думала часова, бо спадзявалася праз год памяняць работу. Аднак прызвычаілася і зразумела, што гэта маё.

Стаж работы Чаславы Касцюк у жывёлагадоўлі складае 25 гадоў. На новай МТФ «Палессе» працуе з кастрычніка 2009-га – з дня ўвядзенння яе ў эксплуатацыю.

– Калектыў наш добры, дружны. У даільнай зале працую разам з Таццянай Мамай, Аленай Шнідт і Надзеяй Кедроўскай. Дзяўчаты – майстры сваёй справы, адказныя, старанныя. Умовы для работы створаны добрыя. Абсталяванне – сучаснае. Выходзім на працу па графіку. На ферме захоўваюцца ўсе неабходныя тэхналогіі даення, кармлення жывёлы, выпойвання малых цялят, – расказвае Часлава Чаславаўна. – У рацыёне – якасныя, збалансаваныя па пажыўных рэчывах і мікраэлементах кармы, маем дастаткова камбікармоў уласнага прыгатавання. Пастаянная мэтанакіраваная работа вядзецца па ўзнаўленні дойнага статка маладым пагалоўем, па выбракоўцы хворай і нізкапрадуктыўнай жывёлы. Праца гэта вельмі важная і патрэбная, разлічана на перспектыву.

Аднак шмат што залежыць і ад аператараў машыннага даення…

– Чалавечы фактар, вядома, нельга не ўлічваць. На самай справе шмат што залежыць ад нашага старання, адносін да даручанай справы. А яшчэ трэба любіць жывёлу, адносіцца да яе з ласкай, – упэўнена Часлава Касцюк. – Даярка павінна быць уважлівай. Толькі назіральнасць дапаможа ёй не прапусціць момант, калі карова прыйшла ў ахвоту, каб яе своечасова асемяніць. Іншы раз і хварэе жывёла. Важна таксама заўважыць гэта, каб тэрмінова звярнуцца па дапамогу да спецыялістаў ветэрынарнай службы.

Зараз сярэднясутачны надой малака на карову па МТФ «Палессе» складае 23,8 кілаграма. Заслуга ў гэтым розных работнікаў, але найперш – даярак. Яны ўсе падабраліся добрасумленныя, руплівыя, хварэюць за даручаную справу. Многія раўняюцца на Чаславу Касцюк, з яе бяруць прыклад. Ці не таму, што ў калектыве яна прызнаны лідар?

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ

Фота аўтара

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59