«Какими будут наша страна и район, зависит в том числе от вас». Выпускников Кривичской школы поздравил Александр Пранович

Сёння апошні школьны званок празвінеў для 154-х вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Мядзельшчыны. У тым ліку – для пяці выпускнікоў Крывіцкай сярэдняй школы.
Гэтыя лічбы прывёў старшыня райвыканкама Аляксандр Прановіч падчас святочнай лінейкі ва ўстанове агульнай сярэдняй адукацыі Крывічоў.
Перш, чым звярнуцца да выпускнікоў, ён падзякаваў педагогам за самадданую працу, а бацькам – за пастаянны клопат пра дзяцей. І канстатаваў, што дзеці ўжо выраслі, што сёння яны – дарослыя людзі з уласным светапоглядам і меркаваннямі. І пажадаў юнакам і дзяўчатам поспехаў у дарослым жыцці.

– Якімі будуць наша краіна і наш раён, залежыць у тым ліку ад вас, – сказаў кіраўнік раёна выпускнікам. – Стаўце перад сабой годныя мэты і дасягайце іх. І ніколі не забывайце малую радзіму – Мядзельскі раён, свой пасёлак і Крывіцкую школу. Жадаю вам удачы падчас цэнтралізаванага экзамена і ЦТ. У добры шлях!
Добрыя пажаданні адрасавала выпускнікам і ўсім ўдзельнікам урачыстасці дырэктар школы Інэса Лётка. Падкрэсліла, што ва ўстанове адукацыі адчуваюць пастаянны клопат дзяржавы. Бо паляпшаецца матэрыяльна-тэхнічная база, ствараюцца камфортныя ўмовы для навучання. Вядуцца работы па добраўпарадкаванні тэрыторыі, закуплена абсталяванне для актавай залы. Кіраўнік падзякавала за ўвагу кіраўніцтву раёна і ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама.
За актыўны ўдзел у грамадскім жыцці і актыўную жыццёвую пазіцыю дзякавала працоўнаму калектыву школы і бацькам вучняў старшыня Крывіцкага сельвыканкама Святлана Сіняўская. Адзначыла, што менавіта неабыякавасць людзей дазваляе вырашаць многія надзённыя пытанні. А выпускнікам пажадала паспяхова здаць экзамены, каб надалей упэўнена крочыць па абранай жыццёвай дарозе і дасягаць пастаўленых мэтаў.
Дырэктар школы ўручыла выпускнікам узнагароды за ўдзел у шматлікіх конкурсах і алімпіядах, а шэрагу бацькоў – падзякі за выхаванне годных дзяцей.


Слова мела і першая настаўніца выпускнікоў Таццяна Шчарбіна.

Ад бацькоў выступіў Георгій Шчаўлік, ад выпускнікоў – Аляксандр Хуртай.
У вальсе закружыліся выпускнікі.



Былі пажаданні і ад самых юных вучняў.

Апошні званок далі Арсеній Яцына і Мар’яна Нехвядовіч.

Выпускнікоў віншуе класны кіраўнік Галіна Ярчак:

Наталля ЛІСІЦКАЯ
Фота і відэа аўтара
Рекомендуем




