Дорогой мужества. Рассказываем про майора запаса Святослава Гавриса

Маёра запасу Святаслава ГАЎРЫСА ведаюць на Мядзельшчыне як афіцэра і чалавека, які вялікую ўвагу ўдзяляе патрыятычнаму выхаванню падрастаючага пакалення і асабліва адраджэнню памяці забытых імён герояў Першай сусветнай вайны. Словы «Ніхто не забыты, нішто не забыта» сталі сэнсам жыцця Святаслава Іванавіча.
Гонар за бацьку-героя
Жаданне стаць ваенным з’явілася ў Святаслава Гаўрыса яшчэ ў дзяцінстве. І цяпер памятае, як малым хлапчуком прышпільваў татавы ўзнагароды – ордэны, медалі. Бегаў з імі па вуліцы і нават часам засынаў, не здымаючы з адзення каштоўныя рэліквіі. Іван Аляксандравіч быў франтавіком, дайшоў з баямі да Берліна. Гонар за бацьку-героя, які мужна абараняў Радзіму ад ворага, перапаўняў яго сэрца. Вельмі хацелася быць на яго падобным. Дарэчы, у радні Святаслава многія ваявалі. Практычна ўсіх мужчын-сваякоў па мацярынскай лініі не дачакаліся родныя з фронту, а вось па бацькавай вярнуліся салдаты жывымі дадому.
Мара збылася
Пасля заканчэння Мядзельскай сярэдняй школы юнак паступіў вучыцца ў Кастрамское вышэйшае ваеннае каманднае вучылішча хімічнай абароны. Тады ў ваенкамаце падказалі пра адзінае ў СССР вучылішча, дзе рыхтавалі спецыялістаў хімічнай абароны.
– Вучыцца было складана і разам з тым цікава. У нас былі дакладныя навукі – хімія, біялогія, ядзерная фізіка, іншыя дысцыпліны, – згадвае мінулае Святаслаў Іванавіч. – Каб унікнуць ва ўсе тонкасці, разабрацца, патрэбна было парадкам пасядзець над падручнікамі, канспектамі. Ад кожнага патрабавалася цярпенне, уседлівасць. Гэта і дапамагло паспяхова закончыць вучобу, а потым атрыманыя веды прымяняць у паўсядзённай службовай дзейнасці.
«Баявое хрышчэнне» ў Чарнобылі
У 1986 годзе адбылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС. На той час Святаслаў вучыўся на трэцім курсе. Яго ўзвод заканчваў агнямётны факультэт і паралельна асвойваў азы радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны.
– Калі на Чарнобыльскай АЭС адбыўся выбух рэактара, сабралі ўсіх і сказалі, што, як курсанты профільнага вучылішча, мы павінны стажыравацца ва ўмовах, блізкіх да баявых, – працягвае афіцэр запасу. – У складзе зводнага курсанцкага батальёна адправілі ў Чарнобыль для ліквідацыі наступстваў аварыі. Нас параскідалі па розных палках. Былі там месяц. Выконвалі пастаўленыя перад намі задачы. Самая важная з іх датычылася зніжэння ўздзеяння радыяцыі на прызваных, якія былі задзейнічаны практычна ў самым пекле. І мы з ёй, лічу, справіліся. За час, што там былі, змаглі зберагчы жыцці многіх, а гэта галоўнае…
На баявым пасту
Пасля заканчэння вучылішча Святаслаў служыў у штабе Сібірскай Чырванасцяжнай ваеннай акругі ва ўпраўленні хімічных войскаў на пасадзе старшага памочніка начальніка аддзялення збору і апрацоўкі інфармацыі 122-й разлікова-аналітычнай станцыі. У абавязкі ўваходзіла вывучэнне радыяцыйнай і хімічнай абстаноўкі на тэрыторыі былога СССР, пачынаючы ад мяжы з Кітаем і заканчваючы Паўночным Ледавітым акіянам, і ажыццяўленне ўліку перамяшчэння марскіх і паветраных суднаў блока НАТА, якія патэнцыяльна неслі на борце ядзерную зброю.
Паралельна з работай станцыі вялася візуальная і параметрычная разведка авіяцыяй, што і дазваляла сумеснымі намаганнямі кантраляваць сітуацыю і ў выпадку неабходнасці – прадухіліць пуск ядзерных боегаловак магчымым праціўнікам. Акрамя таго, даводзілася ажыццяўляць маніторынг стану радыяцыйна-хімічнай бяспекі на заводах, якія выпускалі ваенную тэхніку і боепрыпасы, кантраляваць перамяшчэнне чыгуначных саставаў, якія перавозілі спецыяльныя тэхніку і боепрыпасы. Нават у выпрабаванні хімічнай зброі ўдзельнічаць.
Жаданне служыць на Радзіме
Затым была служба камандзірам узвода радыяцыйна-хімічнай разведкі ў складзе групы савецкіх войскаў у Германіі. У выпадках узаемадзеяння з нямецкім бокам выконваў таксама абавязкі няштатнага перакладчыка.
– Пабываў у месцах, дзе ваяваў тата. Пазнаёміўся з культурай, традыцыямі нямецкага народа, – апавядае Святаслаў Іванавіч. – А яшчэ набраўся вопыту ў плане вывучэння нямецкай мовы і асабліва размоў на ёй, што дапамагло пазней падчас работы ў архівах.
Наступнае месца службы – Маскоўская ваенная акруга, горад Курск. Там таксама хапіла выпрабаванняў. Нават давялося паўдзельнічаць у ліквідацыі вынікаў тэхнагеннай аварыі на адным з хімічных заводаў у Курскай вобласці.
– Мне заўсёды хацелася вярнуцца ў родную Беларусь. І ў 1995 годзе мара збылася: накіравалі ў Барысаў камандзірам роты радыяцыйна-хімічнай абароны 34-й механізаванай брыгады 65-га армейскага корпуса, – расказвае афіцэр. – А праз паўгода прызначылі начальнікам службы радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны гэтага ж воінскага фарміравання.
У 2005 годзе часць, дзе служыў, расфарміравалі. Святаслаў Гаўрыс атрымаў накіраванне ў Мядзельскі ваенны камісарыят. Так стаў начальнікам аддзялення прызыву на ваенную службу. Працаваў з будучымі абаронцамі Айчыны, іх бацькамі. Праводзіў работу па папаўненні воінскіх часцей маладым саставам. Адсюль быў звольнены ў запас па выслузе гадоў.

Галоўная справа жыцця на пенсіі
Святаслаў Гаўрыс узначальвае Мядзельскі філіял дабрачыннага культурна-гістарычнага фонду памяці Першай сусветнай вайны «Крокі». Увесь вольны час прысвячае пошуку новых імён удзельнікаў тых далёкіх падзей. Працуе ў архівах, удзельнічае ў рознага ўзроўню канферэнцыях, прысвечаных Першай сусветнай вайне, узнаўляе забытую справядлівасць. Работа ў гэтым накірунку і стала галоўнай справай жыцця ваеннага пенсіянера.
– Штуршком стала знаёмства з мастаком Барысам Цітовічам з Вілейшчыны. Дарэчы, дзякуючы Барысу Барысавічу і быў створаны дабрачынны фонд «Крокі». Упершыню сустрэліся з ім падчас гістарычнай рэканструкцыі ў Пасынках. Тады і даведаўся, што кровапралітныя баі праходзілі ў гады Першай сусветнай вайны і на Мядзельшчыне, – расказвае афіцэр. – Пашчасціла папрысутнічаць і на канферэнцыі, прысвечанай 100-годдзю Нарачанскай аперацыі, на базе Нацпарку «Нарачанскі». Там зразумеў, што ў раёне пра гэта мала хто ведае. Вось і ўзяўся за справу, якая сапраўды захапіла. Пачаў шукаць дакументы – рускія, нямецкія. Паступова адкрываліся цікавыя факты, адшукваліся забытыя прозвішчы людзей, якія ўдзельнічалі ў падзеях той стагадовай даўнасці. Сярод іх і нашы землякі. А з часам дзякуючы падтрымцы ваеннага камісара падпалкоўніка Віталія Якушава была створана ў камісарыяце пастаянная культурна-гістарычная экспазіцыя «Мядзельшчына ў агні Першай сусветнай…»
Па словах Святаслава Гаўрыса, гэта і ёсць фінал сумеснай работы. Экспазіцыя напоўнена цікавымі экспанатамі, многія з якіх прынеслі самі людзі. Сярод іх дакументы, запісныя кніжкі, фотаздымкі, рэчы… Наведваюць экспазіцыю ў ваенкамаце школьнікі, студэнты, пажылыя людзі. Некаторыя нават пазнаюць сваіх родных. Слухаючы змястоўны расказ экскурсавода Людмілы Крэміс – аднаго з ідэйных натхняльнікаў і стваральнікаў экспазіцыі, бачачы цікавыя экспанаты, якія адлюстроўваюць адначасова гераізм і трагізм тагачасных падзей, людзі па-іншаму пачынаюць адносіцца да памяці, да сваёй зямлі, да Беларусі ўвогуле.

Выхаванне патрыётаў
Святаслаў Іванавіч лічыць, што галоўнай задачай фонду, які ўзначальвае, з’яўляецца ўвекавечванне памяці герояў, ахвяр і падзей Першай сусветнай вайны, а таксама выхаванне падрастаючага пакалення, грунтуючыся на гістарычных фактах.
– Узнаўляючы імёны ўдзельнікаў – раненых, загінуўшых, мы дачыняемся да сваёй гісторыі, падымаем яе з небыцця. Асабліва важна, каб гэта ведалі школьнікі, моладзь, – сцвярджае Святаслаў Гаўрыс. – Я часта сустракаюся з вучнямі, асабліва з дзіцячай аўдыторыяй НДЦ «Зубронак», дзе адпачываюць хлопчыкі і дзяўчынкі з усёй Беларусі. Кожны з іх вязе дадому ўспаміны пра наш цудоўны азёрны край. А яшчэ пра тое, што тут ведаюць сваё мінулае, даражаць ім. Што лозунг «Беларусь памятае» ў нас не на паперы, а ў жыцці. Ён пацвярджаецца канкрэтнымі дзеяннямі, якія вучаць даражыць гісторыяй, каранямі, традыцыямі. Прывіваюць павагу да мінулага, дапамагаюць выхоўваць патрыётаў роднай Беларусі.
Бацькоўскі прыклад
Сыны раўняліся на тату, стараліся быць на яго падобнымі. Не без уплыву Святаслава Іванавіча старэйшы, Аляксандр, стаў кадравым ваенным. Закончыў Яраслаўскі філіял акадэміі імя Мажайскага. Зараз праходзіць службу ў Лунінцы на пасадзе намесніка камандзіра батарэі па тэхнічнай частцы. Па словах бацькі, аб сваім выбары звязаць лёс з Узброенымі Сіламі не шкадуе. Наадварот, задаволены, што, як і тата, сваё жыццё прысвяціў абароне Айчыны.
Малодшы сын Іван закончыў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт імя Еўфрасінні Полацкай, стаў юрыстам. Збіраецца пайсці на тэрміновую ваенную службу. Бацька задаволены, што сыны ідуць дарогай мужнасці.
Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ
Фота Аляксандра ВЫСОЦКАГА і з сямейнага архіву
Рекомендуем





