Меню

Группа прихожан костела Матери Божьей Шкаплерной в Мяделе совершила автобусную пилигримку в храмы Гродненской области

Група прыхаджан на чале з вікарыем парафіі Маці Божай Шкаплернай у Мядзеле айцом Андрэем Авенам здзейсніла аўтобусную пілігрымку ў храмы Гродзенскай вобласці. Пабывалі ў касцёле Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Барунах, дзе адбылася каранацыя цудадзейнага абраза Маці Божай Барунскай Суцяшальніцы засмучаных спецыяльнымі біскупскімі каронамі.

На набажэнства сабраліся вернікі з усёй Беларусі. У якасці ганаровых гасцей на ўрачыстасці прысутнічалі прадстаўнікі ўлады, дыпламатычнага корпусу і вышэйшага духавенства рымска-каталіцкай і грэка-каталіцкай царквы ў нашай краіне, шмат святароў, клерыкі духоўнай семінарыі ў Гродне. Узначаліў Святую Імшу старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Кульмінацыяй набажэнства стала ўрачыстасць ускладання карон на выявы Езуса Хрыста і Яго Маці. Яе здзейсніў біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч – першы біскуп Гродзенскай дыяцэзіі, які нёс службу на гэтай адказнай пасадзе 33 гады. Дарэчы, на Гродзеншчыне гэта чацвёрты па ліку каранаваны абраз. Папскія кароны маюць абразы Маці Божай у Тракелях, Гудагаях і Гродне.

Маці Божая з’яўляецца пасрэднікам паміж тымі, хто жыве на зямлі, і Небам. Да яе вернікі звяртаюцца за падтрымкай і дапамогай, у радасці і бядзе. І нябесная Маці з любоўю клапоціцца пра сваіх дзяцей, усіх туліць да свайго адкрытага на дабрыню сэрца, ахвотна выслухоўвае, нястомна падтрымлівае, з пяшчотай аберагае і шчыра дапамагае, выпрошваючы патрэбныя ласкі ў свайго Сына. Глыбока сімвалічна, што каранацыя абраза Маці Божай Барунскай адбылася ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі менавіта напярэдадні Дня маці.

Гісторыя барунскага абраза бярэ пачатак з канца XVII cтагоддзя. Ён належаў айцу Язафату Бражыцу з ордэна базыльянаў і спадарожнічаў прапаведніку ва ўсіх яго вандроўках. Па сцвярджэнні сведак у 1666 годзе падчас эпідэміі манах захварэў і памёр, але праз некалькі гадзін ажыў. Святар запэўніваў, што гэта Маці Божая аздаравіла яго.

Перад смерцю айцец Язафат перадаў абраз Маці Божай з дзіцяткам свайму набожнаму сваяку Мікалаю Песляку з просьбай шанаваць яго. Але той закруціў яго ў палатно і схаваў у скрыню. Праз пяць гадоў Мікалай цяжка захварэў і ўжо чакаў смерці, калі яму з’явілася Панна Марыя і нагадала пра словы манаха. Песляк адшукаў абраз і паабяцаў Маці Божай пабудаваць у Яе гонар капліцу. Цудоўным чынам знайшліся і месца для святыні – у цёмным бары, і грошы для будоўлі. Неўзабаве Мікалай выздаравеў. Перад пачаткам будоўлі ён наняў трох рамеснікаў, каб зрабіць і ўсталяваць на месцы будучай капліцы крыж. На ім змясціў абраз Маці Божай з дзіцяткам, і практычна адразу ж пачалі здзяйсняцца цуды. Многія атрымлівалі нават цялесныя аздараўленні.

У 1692 годзе ў амаль дабудаваны касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла ўрачыста ўнеслі абраз Маці Божай Барунскай. Сведчанняў пра цуды, якія адбываліся пры ім, станавілася ўсё больш. Да канца студзеня 1693 года іх было праверана і занатавана спецыяльна створанай камісіяй аж 72. А 2 лютага гэтага ж года грэка-каталіцкі мітрапаліт Кіеўскі і арцыбіскуп Полацкі Цыпрыян Жахоўскі выдаў дакумент аб прызнанні абраза Маці Божай Барунскай цудадзейным.

У 1715 годзе абраз быў каранаваны каронамі, зафундаванымі земскім начальнікам з Навагрудка Баканоўскім. У 1832 годзе пасля ліквідацыі уніі базыльяне перадалі арыгінал абраза сям’і Важыцкіх, а ў алтары змясцілі яго копію. У хуткім часе ў будынку касцёла пачала дзейнічаць праваслаўная царква. І толькі ў 1919 годзе касцёл зноў быў вернуты католікам. 15 кастрычніка 1922 года абраз Маці Божай Барунскай быў урачыста ўнесены ў адрамантаваны касцёл. Святыня ў Барунах у наш час абвешчана санктуарыем Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Барунскай, якая носіць тытул Суцяшальніцы засмучаных.

Парафіяне з Мядзела наведалі ў гэты дзень і іншыя святыні Гродзеншчыны. У тым ліку касцёлы – Святога Архангела Міхаіла ў Ашмянах і Смаргоні, Святога Яна Хрысціцеля ў Гальшанах, Перамянення Пана ў Крэве. Па дарозе знаёміліся з іншымі славутымі мясцінамі Ашмянскага і Смаргонскага раёнаў. Наведалі таксама руіны замкаў у Гальшанах і Крэве.

Марыя Лубнеўская

Фота аўтара і ўдзельнікаў пілігрымкі

Відэа ўдзельнікаў пілігрымкі

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59