Ученикам Мядельской средней школы № 2 рассказали о профессии учителя

Сустрэча з вучнямі 5–6 класаў у Мядзельскай сярэдняй школе № 2 праходзіла ў рамках абазначанай раённым саветам ветэранаў назвы «Ганарымся мінулым – верым у будучыню».
Старшыня пярвічнай арганізацыі ветэранаў работнікаў упраўлення адукацыі, спорту і турызму Ядзвіга Чарняўская распавяла пра асаблівасці працы настаўніка. У аснову размовы было пакладзена знаёмства з кнігамі «Настаўнікі Мядзельшчыны – ветэраны Вялікай Айчыннай вайны», «Пастаўскае педагагічнае вучылішча ў люстэрку часу».
Вучням прапанавалі даведацца, якой была прафесія настаўніка 40–50 гадоў таму, што змянілася ў наш час у гэтай прафесіі, ці ёсць у яе будучыня і якой яна можа быць.
Немагчыма пералічыць, колькі выхаванцаў паднялі нашы ветэраны педагагічнай працы, колькі яны раскрылі для вучняў гарызонтаў магчымасцей, аддалі часцінку сваёй душы. Дзеці актыўна ўдзельнічалі ў размове, адзначалі лепшыя рысы настаўнікаў, выказвалі свае думкі аб цяперашнім навучанні, падкрэслівалі значнасць гэтай прафесіі. Яны згаджаліся з выказваннем, што менавіта настаўнік з’яўляецца тым чалавекам, які сваёй працай паказвае прыклады адказных адносін да грамадства і краіны.
У размове акцэнт быў зроблены на прыкладах з прапанаваных кніг аб няпростай і шматадданай працы педагогаў Мядзельшчыны мінулых гадоў. Закранулі сэрцы дзяцей кароткія нататкі пра педагогаў – удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, якія атрымлівалі прафесію ў Пастаўскім педагагічным вучылішчы і сваім прыкладам вучылі дзяцей аддана любіць Радзіму, родны край, ганарыцца і цаніць жыццё, быць адданымі краіне, быць гатовымі яе абараняць.
Выказванне «Ёсць такая прафесія – сэрца аддаваць дзецям» прайшло чырвонай стужкай праз усю шчырую і непасрэдную размову. Настаўнік як ніхто іншы стварае будучыню. А будучыня ў кім? У цяперашніх вучнях, якія атрымліваюць веды і навыкі і ганарацца тым, што з’яўляюцца грамадзянамі Беларусі.
У заключэнне старшыня савета Мядзельскай раённай арганізацыі ветэранаў Уладзімір Валасевіч пажадаў вучням поспехаў у вучобе, адказнасці за свае дзеянні, добрых учынкаў і заклікаў цаніць сваю Радзіму. Ён уручыў у падарунак кнігу «Нашчадкі Перамогі 1945 года. Дзеці вайны».


Рекомендуем



