Меню

Лесничий Будславского лесничества Виталий Павловский: В лесу нужно думать на сто лет вперед

Лесничий Будславского лесничества Виталий Павловский: В лесу нужно думать на сто лет вперед

Пакуль адны імкнуцца ў сталіцу, ён пасля пяці гадоў вучобы ў Мінску вярнуўся на малую радзіму. Ляснічы Будслаўскага лясніцтва Віталій Паўлоўскі распавёў, чаму не шкадуе пра свой выбар, як знайшоў у Будславе не толькі справу жыцця, але і сям’ю, і ў чым заключаецца асаблівая рамантыка жыцця ў аграгарадку.

Ад нараджэння Віталій жыў у вёсачцы Залессе. Але калі яму было пяць гадоў, сям’я пераехала ў Будслаў. Ляснымі справамі зацікавіўся яшчэ ў дзяцінстве.

– Мы выраслі тут, навокал лясы, і я шмат часу праводзіў там, – успамінае Віталій. – З часам гэта перарасло ў сапраўднае захапленне. І зараз, калі б мне сказалі: «Калі б можна было вярнуцца назад, што б ты выбраў?», я б зноў пайшоў у лес. Зараз для сябе іншай сферы не ўяўляю.

Пры гэтым прамой сувязі з лясной гаспадаркай у сям’і не было: тата быў аграномам, мама і іншыя сваякі – у іншых сферах працавалі. Хіба што стрыечны брат Дзмітрый Паўлоўскі звязаны з лесам, зараз ён узначальвае Крывіцкае лясніцтва.

Пасля заканчэння Будслаўскай сярэдняй школы імя Паўліны Мядзёлкі Віталій паступіў у Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт. Пасля заканчэння ВНУ ў 2016 годзе прыйшоў па размеркаванні ў Мядзельскае лясніцтва. Затым два гады працаваў майстрам лесу ў Крывічах, а ў 2018 годзе ён у Будславе на пасадзе памочніка ляснічага. Больш за два гады таму ўзначаліў лясніцтва.

– Мая задача як кіраўніка – знаходзіць падыход да кожнага і бачыць моцныя бакі кожнага работніка, – тлумачыць. – Тады і калектыў будзе працаваць зладжана. А каманда ў нас падабралася добрая, таму і працаваць значна прасцей, – дзеліцца ляснічы.

Думаць на 100 гадоў наперад

Сваю працу ляснічы ўспрымае па-філасофску.

– У чым нашая праца адрозніваецца, напрыклад, ад працы агранома? – разважае ён. – Аграному трэба думаць на год наперад, а лесніку – на сто гадоў. Мы зараз карыстаемся пладамі таго, што калісьці заклалі нашы дзяды і прадзеды. Вось пасадзіў лес, а спілаваць яго зможа толькі мой унук. І гэта, ведаеце, такая магчымасць пакінуць пасля сябе след на зямлі.

Ляснічы таксама развейвае міф пра тое, што работнікі лесу могуць секчы дрэвы дзе заўгодна.

– Людзі часам думаюць, што мы дзе захацелі, там і высякаем, але гэта няпраўда. Ёсць праект, дакладна адведзеныя кварталы і выдзелы, у якіх намечаны пэўныя мерапрыемствы, і мы павінны іх прытрымлівацца. Выключэнне – гэта пашкоджанні ад насякомых ці наступствы ўраганаў.

«Лясная» сям’я

– А хобі ў вас, можа, традыцыйныя лясныя: грыбы ці паляванне? – пытаю.

– Шчыра скажу, часу на гэта асабліва не хапае, – прызнаецца ён. – Ты нацэлены на зусім іншы вынік. Калі я іду па лесе, то гляджу не ўніз, а ўверх. Чаму? Таму што ацэньваю, дзе дрэва высахла ці зламалася. А захапленне… У мяне яно зараз адно – маленькае дзіця. Сыну Мішу яшчэ толькі паўтара годзіка, і я стараюся па магчымасці больш удзельнічаць у яго выхаванні.

Сям’я ў Віталія таксама ўжо «лясная». Сваю жонку Анастасію, якая родам са Старых Дарог, ён сустрэў у Будславе.

– Яна прыехала сюды па размеркаванні, працавала ў сельскай гаспадарцы, але потым яе перавабіў да нас у лясніцтва, – успамінае ён. – Насця працавала майстрам лесу да выхаду ў дэкрэтны адпачынак.

Любоў да роднага кутка

Жыве сям’я ў Будславе, у бацькоўскай хаце. Нягледзячы на магчымасці, якія дае горад, Віталій не шкадуе, што застаўся тут.

– Вясковае жыццё няпростае, але нешта ў ім ёсць – асабліва калі ты сам вясковы хлопец. Пакуль пяць гадоў вучыўся ў сталіцы, так і не прывык да вялікага горада. Так, там ёсць свае перавагі: даступнасць забаў, кіно і ўсё такое. Але няма той самай прыроднай рамантыкі. Ды тут усё сваё, роднае, кожная сцяжынка нагадвае пра нейкія моманты жыцця. Мне падабаецца Будслаў яшчэ і за тое, што ён знакаміты. Калі вучыўся ва ўніверсітэце і казаў, што я з Будслава, многія, асабліва католікі, адразу адказвалі: «А, Будслаў – ведаем!».

Напярэдадні прафесійнага свята Віталій Паўлоўскі пакінуў пажаданні сваім калегам:

– Перш за ўсё, зычу моцнага здароўя, каб яно як мага радзей падводзіла. Таксама жадаю поспехаў у нашай нялёгкай, але вельмі важнай справе. Няхай заўсёды хапае сіл, энергіі і цярпення для таго, каб дасягнуць усіх мэт.

Аляксандр ВЫСОЦКІ

Фота аўтара

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59