Пра сакрэты поспеху, праблемы галіны і шчаслівы выпадак расказвае педагог Нарацкай СШ нумар 2 Таццяна Пракоп
Мая суразмоўца – настаўніца геаграфіі Нарацкай сярэдняй школы №2 Таццяна ПРАКОП. Нагрудны знак «Выдатнік адукацыі» яна атрымала ў 2022 годзе.
— Таццяна Уладзіміраўна, вас неаднаразова прызнавалі лепшай па прафесіі з занясеннем на раённую Дошку гонару, бачыла ваша фота і на Дошцы гонару Нарацкага сельсавета. Нарэшце, вы – выдатнік адукацыі. Гэта ўсё – за поспехі ў арганізацыі вучнёўскіх даследаванняў?
— Так. Гэта былі пераважна работы па экалогіі. Мы даследавалі ручаі, рэкі, возера Нарач. Дзеці ўлетку, на канікулах, рабілі вымярэнні. Хадзілі ў паходы па рэках. Скажам, рака Малінаўка – 35 кіламетраў, гэта трохдзённы паход. У нас больш за 10 дыпломаў на конкурсах вучнёўскіх работ даследчага характару толькі на рэспубліцы, а яшчэ ж былі перамогі на вобласці. Рабяты станавіліся стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Мне пашанцавала з вучнямі: Оля Бордун, Саша Русак, Насця Лагуноўская, Філіп Путра, Лёша Саковіч, Ягор Шыкавец, Насця Вінаградава, Ульяна Куркуль, Ангеліна Грышкевіч… Мы супрацоўнічалі з універсітэтам імя Сахарава, біястанцыяй БДУ, Нацыянальным паркам «Нарачанскі», Цэнтрам экалагічных рашэнняў…
— Кажаце: «хадзілі», «даследавалі», «супрацоўнічалі»… Чаму дзеясловы ў прошлым часе?
— Хадзіць у шматдзённыя паходы па рэках ужо не магу па стане здароўя – а яны патрэбны, каб правесці паўнавартаснае даследаванне. Пісаць жа нешта з інтэрнэту – гэта не маё. Таму зараз больш занялася падрыхтоўкай вучняў да рэспубліканскай алімпіяды. Тут таксама ёсць пэўныя дасягненні. Праводжу мерапрыемствы па эканамічнай геаграфіі ў рамках праекта па фінансавай адукаванасці…
Але што мы ўсё пра мяне гаворым? Вельмі паспяхова працуюць многія мае калегі – давайце лепш пра іх раскажу. Многія вучні нашай школы добра выступаюць на алімпіядзе па вучэбных прадметах, конкурсах работ даследчага характару…
— На вашу думку, чаму гэта атрымліваецца?
— У нас многа вельмі моцных настаўнікаў, увогуле высокаадукаваны педагагічны калектыў. Узаемная падтрымка. Асабліва ўдзячна Зоі Іванаўне Шчарбіцкай. Калі пасля заканчэння БДУ я прыйшла працаваць у школу, якую сама заканчвала, Зоя Іванаўна (яна таксама географ) мне вельмі дапамагала, падказвала. Гэта яна падштурхнула мяне заняцца даследчай работай. А калі трэба было рыхтаваць вучняў да алімпіяды, дзялілася матэрыяламі. Гэта чалавек з вялікім сэрцам.
У нашай школе створаны ўсе ўмовы для паспяховай працы. І вучні нашы канкурэнтаздольныя. Магчыма, апошняе звязана з тым, што ў курортным пасёлку шмат інтэлегенцыі, дзеці з такіх сем’яў арыентаваны вучыцца, змалку разумеюць каштоўнасць адукацыі. Апошняе вельмі важна. Часта кажу сваім вучням: «Чым больш адукаванымі вы станеце – тым вышэй зможаце падняць узровень сваёй краіны».
— А якія праблемы бачыце ў сучаснай школе?
— Дзеці сталі менш чытаць, шмат часу ў іх забіраюць смартфоны. Непакоіць таксама, што многія добрыя вучні канцэнтруюцца пераважна на прадметах, патрэбных для паступлення. Гэта няправільна! Вывучай паглыблена неабходныя табе фізіку і матэматыку, але не ігнаруй гісторыю, геаграфію і літаратуру. Бо паступленне паступленнем, а табе ж і надалей жыць у гэтым свеце. Скажам, як будзеш удзельнічаць у выбарах, калі дрэнна ведаеш гісторыю? Як вызначышся, за каго галасаваць?
Ну і яшчэ, калі ўвогуле казаць пра праблемы адукацыі – шкада, што маладыя настаўнікі не вельмі хочуць заставацца ў галіне. Адукаваныя, добра падрыхтаваныя, перспектыўныя… Вельмі сумна, калі яны сыходзяць са школы пасля абавязковай адпрацоўкі.
— Таццяна Уладзіміраўна, а чаму вы самі сталі настаўніцай? І чаму з усіх школьных прадметаў выбралі геаграфію?
— Можна сказаць, што выпадкова. Школьніцай гісторыю любіла нават больш. Адразу на яе і паступала, але не прайшла па конкурсе. На наступны год паступала ў эканамічную ВНУ – таксама беспаспяхова. А тады знаёмая мінчанка, якая прыязджала ў Нарач на біястанцыю, расказала пра сваю вучобу на геаграфічным факультэце БДУ. Што цікавыя прадметы, што шыкоўная практыка: ездзяць па ўсім Савецкім Саюзе, ходзяць у горы… Гэта мяне так захапіла! Вырашыла таксама ісці на геафак БДУ. Паступіла і пераканалася, што вучыцца там сапраўды цікава. Вельмі добрыя выкладчыкі і сапраўды шыкоўная практыка. Хоць на перыяд майго студэнцтва (а гэта 1987-1992 гады) прыйшоўся распад СССР, мы яшчэ многа дзе змаглі пабываць. На Байкале, у Сярэдняй Азіі, на Каўказе, у Крыме, на Каспійскім моры і на Аральскім, на Урале… Так што географам стала выпадкова, але гэта быў шчаслівы выпадак.
— Любіце падарожнічаць?
— Люблю. Праўда, падарожнічала не так і шмат, пераважна па Беларусі з вучнямі. Як класны кіраўнік арганізую такія паездкі, мне гэта нескладана і вельмі падабаецца. Дзеці любяць падарожнічаць, у паездках робяцца больш самастойнымі, па-новаму раскрываюцца. Ну а без вучняў не аднойчы ездзіла ў Адэсу і Львоў – на адпачынак.
— Калі б чыста тэарэтычна адкінуць матэрыяльны складнік, дзе б хацелі пабываць? Паглядзелі б пінгвінаў у Антарктыдзе? Ці кенгуру ў Аўстраліі?
— Нават не ведаю, – задумваецца. – Магчыма, пабывала б у заходнееўрапейскіх дзяржавах. Цікава ўбачыць на свае вочы, як яно там на самай справе. З аднаго боку – вельмі багатыя краіны, высокі ўзровень жыцця, радзіма вядомых брэндаў… А з іншага – шмат наркаманаў, бамжоў – па інтэрнэце гуляе шмат адпаведных відэа. Дзе яшчэ пабывала б? Магчыма, у Аўстраліі. У Абхазіі таксама – ды і ўвогуле шмат дзе ў Расіі. Гэта вялікая краіна, і пры ўсёй блізкасці мы ведаем яе недастаткова.
Але гэта ўсё пра падарожжы, а жыць хачу толькі ў Беларусі. Рада, што і мая дачка жыве ў сваёй краіне. Яна была за мяжой, працавала ў Кітаі – але засталася ў Беларусі, тут ёй падабаецца. І калі мае вучні кажуць: «Мне падабаецца наша краіна» – вельмі радуюся. Хоць не асуджаю тых, хто з’ехаў за мяжу: чалавек мае права выбару. Аднак ведаю, што яны сумуюць па Радзіме. У мяне брат у Вялікабрытаніі жыве – але душа яго ўсё роўна тут.
Наталля ЛІСІЦКАЯ, фота аўтара