На Мядельщине проходит областной слёт представителей советов пожилых граждан
Мядзельшчына сёння вітала прадстаўнікоў саветаў пажылых грамадзян сталічнай вобласці.
- Чаму наш раён абраны месцам правядзення абласнога мерапрыемства? — пацікавілася ў намесніка дырэктара Мядзельскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Алены Яновіч.
- Вядома ж, не выпадкова. Нарачанскі край асаблівы — курортны. Няма ніводнага рэгіёну ў вобласці, дзе б функцыянавала столькі здраўніц, працаваў Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр “Зубронак”. Дзе б круглы год праходзілі санаторна-курортнае аздараўленне не толькі жыхары Беларусі, але і замежныя грамадзяне, — адзначыла Алена Юр’еўна. — Прыязджаюць на Нарач падлячыцца, адпачнуць людзі розных узростаў, прафесій, у тым ліку пенсіянеры. І тут сапраўды рады ўсім. Пра ўмовы, якія створаны для аздараўлення, пра працэдуры, якія можна прайсці з карысцю для здароўя, якраз і змогуць даведацца ўдзельнікі злёту. І нават пабачыць ўсё на свае вочы. А яшчэ і ўпэўніцца, што ў нас паважаюць і шануюць пажылых людзей, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё рэгіёну.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнуўся намеснік старшыні райвыканкама Руслан Жук. Расказаў пра маштабную работу, якая праводзіцца ў Мядзеле ў рамках падрыхтоўкі да 700-годдзя горада. Запрасіў наведаць арганізацыі і ўстановы, каб бліжэй пазнаёміцца з раёнам і яго асаблівасцямі.
Удзельнікі злёту пабывалі ў Мядзельскім ФАЦы. Пазнаёміліся з арганізацыяй фізкультурна-аздараўленчай і спартыўнай работы, якая тут наладжана для ўсіх катэгорый грамадзян і асабліва для людзей пенсіённага ўзросту. У гэты дзень працавала інтэрактыўная пляцоўка “Дыхальная гімнастыка па Стрэльнікавай”. Як і звычайна, заняткі ў гуртку “Школа здароўя” з наведвальнікамі аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў, забеспячэння дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Мядзельскага ТЦСАН праводзіла яго кіраўнік Аксана Андрон. Пабывалі ўдзельнікі злёту і на гарадскім пляжы, дзе яшчэ працягваюцца будаўнічыя работы.
Праводзілася абласное мерапрыемства якраз напярэдадні сумнай даты — пачатку Вялікай Айчыннай вайны, якая ўнесла жыцці мільёнаў людзей. Таму ўдзельнікі злёту не змаглі праехаць міма святога для нашага краю месца — абеліска партызанам і партызанкам зямлі Нарачанскай. Ля падножжа яго адбыўся мітынг.
- Палітыка фашысцкай Германіі ў адносінах да Беларусі з’яўлялася палітыкай генацыду і выпаленай зямлі. Больш трох з паловай тысяч мірных жыхароў Мядзельшчыны загінулі ў спаленых карнікамі вёсках, больш трох тысяч сталі вязнямі канцлагераў. Не вярнуліся з палёў бітваў1195 жыхароў нашага раёна, — зазначыў намеснік старшыні райвыканкама Руслан Жук. — Нашы дзяды і прадзеды не стаялі перад выбарам — скарыцца ворагу ці загінуць за свабоду і незалежнасць Радзімы. Тысячы ўраджэнцаў Мядзельшчыны змагаліся на франтах Вялікай Айчыннай вайны і ў партызанскіх атрадах, прымалі актыўны ўдзел у падпольным руху. Яны ваявалі за кожную вёску, за кожны кавалак зямлі. Многія аддалі свае жыццё за мірную працу і незалежнасць краіны. На абелісках і помніках, у нашай памяці навечна застануцца імёны ўсіх, хто ваяваў і працаваў у тыле, быў пагнаны ў фашысцкае рабства, замучаны ў канцлагерах і гета, хто верыў у перамогу і набліжаў яе.
Прысутныя хвілінай маўчання ўшанавалі памяць герояў, якія аддалі сваё жыццё ў барацьбе за мір і шчасце на зямлі, і ўсклалі кветкі да падножжа абеліска.
Прадоўжыўся семінар наведваннем санаторыя “Нарач”, які знаходзіцца ў падпарадкаванні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. У старэйшай здраўніцы на Нарачы госці пазнаёміліся з арганізацыяй санаторна-курортнага лячэння і аздараўлення, а таксама з умовамі, якія тут створаны для карыснага і цікавага адпачынку, з працэдурамі, што прапаноўваюцца для агульнага ўмацавання арганізму. Запомніцца, вядома, гасцям нашага краю і экскурсія па этна-культурным турыстычным комплексе “Наносы Адпачынак”.
Засталося дадаць, што гасцей на працягу мерапрыемства суправаджалі намеснік старшыні райвыканкама Руслан Жук, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Шастаковіч, дырэктар Мядзельскага ТЦСАН Алег Бароўка, старшыня савета пажылых грамадзян пры райвыканкаме Уладзімір Валасевіч.
Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ Фота Аляксандра Высоцкага